Непагадзь выклікала перабоі ў забеспячэнні электрычнасцю 426 мясцовасцяў Беларусі


Моцны снегапад і ледзяны дождж выклікалі перабоі электразабеспячэння 426 мясцовасцяў Беларусі. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі.

Паведамляюць, што энергетыкі працуюць ва ўзмоцненым рэжыме ва ўмовах непагадзі: «За мінулыя содні перабоі ў электразабеспячэнні зафіксаваныя ў 426 мясцовасцях краіны. У іх ліквідацыі былі задзеяныя 342 асобы і 133 адзінкі тэхнікі. Аднаўленчыя працы трываюць. Наступствы ледзянога дажджу і снегападаў найбольш былі адчувальныя ў Менскай вобласці».

Моцны снегапад у Менску.
Фота: БелТА / belta.by

Міністэрства энергетыкі папярэджвае, што праблемы з электразабеспячэннем могуць падоўжыцца, бо 12 снежня ў краіне абʼяўлены аранжавы ўзровень небяспекі: мокры снег, дождж, галалёдзіца, месцамі моцны парывісты вецер. Магчымае абледзяненне правадоў і наліпанне на іх мокрага снегу.

«Вядзецца пастаянны маніторынг метэаралагічнай абстаноўкі. Мабілізаваныя неабходныя сілы і сродкі для аператыўнай ліквідацыі тэхналагічных парушэнняў у выпадку іх узнікнення. Аварыйныя брыгады нясуць кругладзённае дзяжурства», – інфармуе ведамства.

У сваю чаргу прэс-служба Менскага абласнога выканкаму паведамляе, што больш за 300 мясцовасцяў Менскай вобласці былі абясточаныя праз непагадзь. На раніцу 12 снежня з 340 абясточаных мясцовасцяў без электрычнасці заставаліся 32, але «яе адновяць сёння». Што да дарожнай абстаноўкі, то ў вобласці працавалі 480 адзінак спецыялізаванай тэхнікі і 520 работнікаў дарожнага комплексу. Гібелі людзей у ДТЗ не зафіксавалі.

Раней паведамлялася, што з раніцы 11 снежня ў Менску ідзе моцны снег. Камунальнікі не даюць рады і просяць гараджанаў дапамагчы. У сталіцы адкрылі пункты выдачы адпаведнага інвентару насельніцтву.

Чытайце па тэме:

У Менску снежны апакаліпсіс. Улады просяць аб дапамозе

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў