«Мы не лядоўня». Сакратар РНБУ Данілаў выключае замарожванне вайны пасля ўзяцця Херсону


Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў заявіў, што ніякага замарожвання сітуацыі на фронце пасля вызвалення Херсону не будзе. ЗСУ працягнуць вызваленне акупаваных украінскіх тэрыторый незалежна ад надвор’я і пары года, сцвердзіў ён падчас інфармацыйнага тэлемарафону.

«Мы не можам нічога замарожваць. Мы не лядоўня. Мы мусім вызваляць нашыя тэрыторыі незалежна ад надворʼя, незалежна ад пары года. Ніякага прыпынку мы рабіць не можам, таму што там нашыя людзі, і мы бачым, як яны пакутуюць, як яны са слязамі на вачах сустракаюць нашых хлопцаў», – сказаў Аляксей Данілаў.

Ён падкрэсліў, што задача, якая пастаўленая перад ЗСУ прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, «простая і зразумелая»: «вызваленне ўсіх нашых тэрыторый ад тэрарыстаў, ад акупантаў».

«І гэта абавязкова будзе зроблена. Пытанне толькі часу», – сцвердзіў Аляксей Данілаў.

Паводле крыніцаў The New York Times, асноўнымі напрамкамі ўкраінскіх сілаў могуць быць Запарожская вобласць і Данбас.

«Логіка вайны заключаецца ў тым, каб не спыняцца і нейкім чынам працягваць рухацца наперад. Думаю, будуць контратакі і на іншых напрамках, каб вораг не паспеў перакінуць рэзервы і заблакаваць удары», – цытуе выданне словы камандзіра украінскага падраздзялення, якое абараняе горад Бахмут, Андрэя Міхейчанку.

Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Вайсковыя эксперты разыходзяцца ў ацэнках. Гэтак, Інстытут вывучэння вайны мяркуе, што ЗСУ па замерзлай глебе змогуць прасоўвацца хутчэй, чым гэта было ўвосень. Іншыя эксперты лічаць, што зімой абедзве арміі возьмуць «аператыўную паўзу», каб аднавіць баі вясной.

«Вайна не спыніцца зімой, якая надыходзіць. Але барацьба будзе весціся ў іншым тэмпе. І гэта дае палітычным і ваенным лідарам магчымасць спланаваць год, які, імаверна, будзе жорсткім і крывавым», – цытуе The New York Times генерал-маёра аўстралійскай арміі Міка Раяна.

11 лістапада ў Херсон, які знаходзіўся пад расейскай акупацыяй з пачатку вайны, увайшлі ўкраінскія падраздзяленні. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў 11 лістапада «гістарычным днём». Паводле прэс-сакратаркі аб’яднанага камандавання «Поўдзень» Наталлі Гумянюк, ЗСУ вызвалілі ад расейцаў каля 3000 квадратных кіламетраў на поўдні краіны.

Hавiны
«Роў, насып, жалезабетонны плот з калючым дротам». Украіна будуе сцяну на мяжы з Беларуссю
2022.11.11 18:43

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў