Выбары? Каардынацыйная рада супраць Нацыянальнага сходу

Віншую, грамадзяне! Мы ў новым электаральным цыкле. Хочам мы таго ці не, але праз 140 дзён зноў прыйдзецца выбіраць. Каго?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паседжанне Палаты прадстаўнікоў. Менск, Беларусь. 12 кастрычніка 2022 года.
Фота: Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь / Telegram

110 дэпутатаў нібыта парламента і 18 000 дэпутатаў мясцовых саветаў. І калі на ўзроўні мясцовых саветаў яшчэ магчымыя дробныя нечаканасці, то на агульнарэспубліканскім узроўні вынік можна прадказаць прама цяпер. Дэпутатамі стануць… Ды якая, уласна, розніца, якія дакладна будуць прозвішчы ў «лепшых людзей», што занялі крэслы ў авальнай залі, калі ні новых ідэй, ні пазіцый, адрозных ад «одобрямс» любой афіцыйнай бязглуздзіцы ад іх чакаць не даводзіцца.

Ні Анісім, ні Канапацкай, ні Фралова, не кажучы ўжо пра постацяў ўзроўню Лябедзькі ці Пазняка, мы там дакладна не пабачым.

Сутнасць народзіцца зусім стэрыльная, бяспечная. Магчымыя нават дазволеныя бузоцеры (кшталту Сяргея Чэрачня) будуць адстрэленыя на далёкіх подступах да выбарчых участкаў. Яны больш не патрэбныя. І я цалкам перакананы, што далей будзе яшчэ горш.

Кірунак руху, абраны рэжымам пасля 2020 года, павінен цалкам лагічна прывесці да адмовы нават ад імітацыйнай дэмакратыі. У бюлетэнях па выбарах дэлегатаў (быццам бы) парламента ў 2029 годзе мы ўбачым адно прозвішча на акругу. А навошта больш? Навошта нейкія дэбаты, спрэчкі, калі задачай самога працэсу з’яўляецца дэманстрацыя максімальнай лаяльнасці трону.

Таму кампанія-2024 мае быць адначасова і самая прыціснутая, сумная, дэпрэсіўная з тых, якія мы бачылі раней, і, як ні дзіўна, самая свабодная з тых, якія нам жа трэба будзе ўбачыць у лукашэнкаўскай Беларусі…

І тут – сюрпрыз. На сцэну выходзіць Каардынацыйная рада і прапануе беларусам таксама паўдзельнічаць у выбарах, у тыя ж тэрміны. Толькі зусім іншых – і па форме і па зместу. А ці трэба? Ці маецца нейкая неабходнасць як у самых выбарах, так і ў існаванні Каардынацыйнай рады ў сапраўдных умовах?

Спачатку пра плюсы – Каардынацыйная рада легітымная, яна прызнаная як Еўразвязам, так і ЗША ў якасці законнага прадстаўніка беларускага народа разам з Абʼяднаным пераходным кабінетам і асабіста Святланай Ціханоўскай. Ніякага іншага прадстаўнічага органа ў беларусаў няма.

Вышэйназваны «парламент» у выглядзе Нацыянальнага сходу прадстаўляе меншасць і не адлюстроўвае думкі ўсіх беларусаў, не адстойвае іх інтарэсаў.

Якія магчымасці па абароне інтарэсаў беларусаў маюцца ў Каардынацыйнай рады? Яна магла б быць актыўным палітычным субʼектам. Так, у бліжэйшыя месяцы пачнецца новы этап стратэгічных перамоваў дэмакратычных сіл з адміністрацыяй ЗША. Палова месцаў у беларускай дэлегацыі будзе аддадзена прадстаўнікам Каардынацыйнай рады. У іх будзе магчымасць прадстаўляць і адстойваць уласнае бачанне неабходных крокаў да вызвалення і дэмакратызацыі Беларусі. Але для гэтага неабходна, каб яно, гэта бачанне, у дэлегатаў было. І, пажадана, адзінае, узгодненае з іншымі актыўнымі ўдзельнікамі палітычнага поля.

Каардынацыйная рада ладзіць слуханні прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Каардынацыйная рада арганізуе слуханні прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета. Варшава, Польшча. 3 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Гэта толькі адзін з прыкладаў. Статус легітымнага калектыўнага прадстаўніка беларусаў дае Радзе шырокае кола магчымасцяў. І дадатковым плюсам з’яўляецца калегіяльнасць гэтай структуры. Яна не нясе рызыкаў, якія ўласцівыя любой індывідуальнай палітычнай актыўнасці. Палітык – таксама чалавек, ён можа захварэць, стаміцца і нават памерці. Здараецца. Структура нараджаецца, жыве і спыняе функцыянаванне па іншых законах.

Але гэтая калегіяльнасць зʼяўляецца і мінусам. Другое скліканне Рады пачало сваю працу 8 лютага гэтага года. Якія дасягненні за 8 месяцаў? Шмат спрэчак, арганізацыйных намаганняў і выгнаны з АПК кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў. Гэта ўсё, гэта ўсе дасягненні.

Ды так, былі яшчэ публічныя заявы па розных нагодах, але без якіх-небудзь вымяральных вынікаў. Толькі маральнае задавальненне. Гэтаму другому складу Каардынацыйнай рады можна ставіць прамежкавую ацэнку. Але наперадзе яшчэ чатыры месяцы, траціна кадэнцыі, яшчэ ёсць час на змены, хоць шмат чаго чакаць не даводзіцца.

Але гэты склад Рады і павінен быў быць такім, ён быў «пробнікам». У момант яго фармавання было заяўлена, што яго тэрмін працы – адзін год, і што яго задача – наладзіць сам механізм працы, а надалей – выбары, тыя самыя выбары, якія сёння ўжо на гарызонце.

Аб патэнцыйным удзеле ў будучых выбарах у Каардынацыйную Раду заяўляе большасць палітыкаў і структур, у якіх маецца пазітыўная, стваральная павестка. Ці будуць гэтыя выбары празрыстымі, справядлівымі? Я цалкам перакананы, што будуць, безумоўна. У гэтым зацікаўлены ўсе бакі. Ці будуць яны цікавыя выбарцам? Гэта залежыць ад самых удзельнікаў.

Ва ўмовах палітычнай апатыі, якая ахапіла большасць беларусаў, расчараванасці не ў палітыках, але ў самым паняцці «палітыка», прыйдзецца шукаць і прапаноўваць пазіцыі, праграмы, у якія паверыць не толькі вузкае ядро актыву. Гэта цяжка. Адказу на галоўнае пытанне «Як вярнуць у Беларусь дэмакратыю?» сёння няма ні ў каго. І тое, што сама Каардынацыйная рада абвешчана «экстрэмісцкім фармаваннем», пагаршае сітуацыю.

І ўсё ж такі трэба рухацца наперад. Выбары ў Каардынацыйную раду павінны паказаць розніцу паміж прызначэннем ручных дэпутатаў «быццам бы парламента» і здаровым канкурэнтным палітычным працэсам. Тое, што яны пройдуць у адны і тыя ж тэрміны дазволіць параўнаць на адлегласці бачанне будучыні Беларусі з абодвух бакоў.

Новы цыкл пачынаецца ўжо цяпер. І мне здаецца, самы час пачаць новы адлік – 2020 год завершаны.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў