Уначы расейскія войскі атакавалі Украіну 33 беспілотнікамі. 28 былі збітыя, паведамляюць Паветраныя сілы ЗСУ. У Адэскай вобласці ў выніку нападу была пашкоджаная партовая інфраструктура і жылыя дамы, праінфармаваў кіраўнік рэгіянальнай вайсковай адміністрацыі Алег Кіпэр.
Паводле звестак Паветраных сілаў Украіны, дроны-камікадзэ запускалі з тэрыторыі Белгародскай вобласці і акупаванага Крыму. Усяго было 33 беспілотнікі, 28 знішчаныя.
Яны ляцелі ў розных кірунках, паветраную трывогу абвяшчалі ў шасці вобласцях Украіны.
У Адэскай вобласці збілі 10 беспілотнікаў, аднак цалкам адбіць атаку не ўдалося: у Ізмаільскім раёне была пашкоджаная партовая інфраструктура і жылыя дамы. Пацярпела адна асоба, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Алег Кіпэр.
Уначы расейскія войскі атакавалі таксама Херсонскую вобласць, былі пашкоджаныя прыватныя дамы і гаспадарчыя пабудовы. Загінуў адзін чалавек, яшчэ двое, у тым ліку дзіця, пацярпелі.
Расея ўжо некалькі разоў атакавала партовую інфраструктуру Украіны пасля таго, як у аднабаковым парадку пакінула «збожжавую ўгоду».
Тым часам кіраўнік Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў паведаміў, што ўначы ў выніку падзення беспілотніка на ўскраіне Белгараду і выбуху «былі фактычна знішчаныя два жылыя дамы і пашкоджаныя некалькіх жылых дамоў ды аўтамабіляў». Загінулі тры асобы, у тым ліку дзіця. Дзве асобы ў надзвычай цяжкім стане ў рэанімацыі.
Сяргей Крот belsat.eu