Расейская ФСБ заявіла пра затрыманне васьмі чалавек у справе Крымскага мосту


Федэральная служба бяспекі Расеі заявіла пра затрыманне васьмі чалавек у справе аб падрыве Крымскага мосту. Гэта грамадзяне Расеі, Украіны і Арменіі. Арганізатарам выбуху названы кіраўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны.

Крымскі мост пасля пажару. Фота відавочцы. Крыніца: / tsn24.ru

ФСБ паведаміла, што ў справе Крымскага мосту затрыманыя пяцёра грамадзянаў Расеі, двое грамадзянаў Украіны і адзін грамадзянін Арменіі, яны падазраюцца ў рыхтаванні злачынства. Непасрэдныя ж выканаўцы – яшчэ тры чалавекі – не затрыманыя.

Расейскае следства прыйшло да высновы, што выбуховае прыстасаванне было схаванае ў рулоны будаўнічай поліэтыленавай плёнкі. Яго з пачатку жніўня быццам бы завезлі з Адэсы ў балгарскую Русу, потым у грузінскі порт Поці, а затым у Ерэван, зноўку ў Грузію і затым у расейскі Армавір. А ўжо з Армавіру груз 7 кастрычніка быццам бы адправілі ў Сімферопаль.

Расейская спецслужба вінаваціць у арганізацыі падрыву супрацоўнікаў, агентаў і кіраўніка ГУВ Мінабароны Украіны Кірыла Буданава. Пры гэтым украінскі бок афіцыйна не браў на сябе адказнасці за падрыў Крымскага мосту. Вось як на абвінавачанні адрэагавалі ў ГУВ: «Глупства ўся дзейнасць ФСБ і Следчага камітэту. Гэта фэйкавыя структуры, якія абслугоўваюць пуцінскі рэжым, таму каментаваць іх чарговыя заявы мы дакладна не будзем. Дзіўна, што яшчэ ніякай візітоўкі не знайшлі ў раёне Крымскага мосту», – сказаў прадстаўнік прэс-службы Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны Андрэй Юсаў.

Hавiны
Украінскія медыі паведамляюць, што выбух на Крымскім мосце быў арганізаваны СБУ
2022.10.08 17:12

Нагадаем, на Крымскім мосце раніцай 8 кастрычніка адбыўся выбух. Былі разбураныя тры пралёты аўтамабільнай часткі мосту, а таксама загарэўся цягнік з цыстэрнамі на чыгуначнай частцы. Следчы камітэт Расеі сцвярджае, што ў выніку здарэння загінулі тры чалавекі.

Аб’ектыў
Выбух на Крымскім мосце: версіі і наступствы
2022.10.08 22:37

Антон Тачняк belsat.eu

 

Стужка навінаў