Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк правядзе развітальную службу з Чырвоным касцёлам 12 кастрычніка


Менскія ўлады, якія 26 верасня закрылі Чырвоны касцёл у Менску, скасавалі дамову з каталіцкай парафіяй Святых Сымона і Алены аб бязвыплатным карыстанні Чырвоным касцёлам. У сувязі з гэтым ксёндз Уладзіслаў Завальнюк запрашае менчукоў на развітальную службу з Чырвоным касцёлам. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Хрысціянская візія».

Удзень 11 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі спрабавалі затрымаць ксяндза Уладзіслава Завальнюка. Крыніца: christianvision/telegram

Набажэнства адбудзецца сёння, 12 кастрычніка, а 19:00 у парафіяльным доме касцёла св. Сымона і св. Алены. 12 кастрычніка завяршаецца тэрмін ультыматуму, выстаўленага рымска-каталіцкай абшчыне, па канчатковым высяленні з храму і парафіяльнага дому.

Парафію сёння наведалі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Казімір Велікаселец.

«Мітрапаліт на пенсіі плакаў ад безвыходнасці сітуацыі», – распавялі сведкі гэтай падзеі, паведамляе «Хрысціянская візія».

Учора, 11 кастрычніка, міліцыянты спрабавалі затрымаць Уладзіслава Завальнюка. Ксёндз, які ўжо больш за тыдзень трымае чысты пост, маліўся на падворку каля зачыненых дзвераў Чырвонага касцёлу, калі да яго падышлі міліцыянты ў форме і паспрабавалі адцягнуць з патрабаваннем: «Прайдзёмце!». Але святар папрасіў іх не кранаць яго, і яны адышлі.

Абнаўляецца
«Гэта скандал». Чырвоны касцёл у Менску высяляюць. Што адбываецца?
2022.10.06 12:14

Нагадаем, 26 верасня ў Чырвоным касцёле здарыўся пажар, пасля чаго ўлады зачынілі бажніцу і не пускалі туды нават святароў. Паводле афіцыйнай версіі Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, уночы ў МНС паступіла паведамленне пра тое, што ў касцёле Святых Сымона і Алены спрацавала пажарная сігналізацыя «Высветлілася, што адбылося загаранне электраправодкі ў будынку. У выніку здарэння пашкоджаная маёмасць на плошчы каля 20 кв. м. Ніхто не пацярпеў», – заявілі ў ведамстве.

Неўзабаве камісія надзвычайных сітуацыяў пры адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску пастанавіла «часова забараніць эксплуатацыю будынку». У касцёл дагэтуль няма доступу. Прадстаўнікі парафіі просяць дапусціць прадстаўнікоў парафіі да абследавання пашкоджаных канструкцыяў, вопісу маёмасці і стварэння супольнай камісіі для вызначэння нанесенай пажарам шкоды.

Таксама парафіяне звярнуліся ў Следчы камітэт, каб ён падаў інфармацыю па выніках праведзеных следчых дзеянняў адносна інцыдэнту 26 верасня, у выніку якога і быў закрыты касцёл. Апроч таго, накіраваны адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім адзначаецца, што інцыдэнт 26 верасня быў «вынікам неправамоцных дзеянняў нявыяўленых асобаў».

Гісторыі
Чырвоны касцёл: як зачынялі раней і як забівалі яго святароў
2022.10.06 17:50

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў