Колькі ракетаў засталося ў Пуціна, і ці зможа Расея паўтарыць абстрэлы, як 10–11 кастрычніка?


Ужо даўно эксперты кажуць, што ў Расеі заканчваюцца запасы дакладнай зброі: напрыклад, што на гэта паказвае выкарыстанне супрацьпаветраных комплексаў С-300 для стральбы па наземных цэлях. Але ракеты пакуль не заканчваюцца .

Карэспандэнт «Белсату» высвятляў, колькі яшчэ засталося ракетаў у Расеі.

Паліцыя стаіць ля пашкоджанага ў выніку ракетных удараў бізнес-цэнтру «Tower 101». Кіеў, Украіна. 10 кастрычніка 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Другі дзень запар паветраная трывога гучыць па ўсёй Украіне. Пад абстрэлы 10 і 11 кастрычніка трапілі гарады далёка за лініяй фронту, удары прыйшліся на жылыя дамы, электрастанцыі, нават пешаходна-роварны мост у кіеўскім парку і дзіцячую пляцоўку ў цэнтры Кіева.

Паводле звестак Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, 10 кастрычніка збілі 46 з 84 расейскіх крылатых ракетаў і 15 з 24 беспілотнікаў. Але ракеты забілі прынамсі 19 чалавек, паранілі 105 асобаў, пакінулі без электрычнасці сотні населеных пунктаў. 11 кастрычніка, паводле папярэдніх звестак, украінцы збілі 20 крылатых ракетаў з 28.

Мапа нанясення ўдараў войскамі РФ па тэрыторыі Украіны. Крыніца: Головнокомандувач ЗС України / Facebook

Ракетаў у Расеі няшмат. Але колькі дакладна, не ведае ніхто акрамя Расеі

Расейскі вайсковы эксперт Павел Лузін казаў «The Insider» 10 кастрычніка, што гэтыя крылатыя ракеты Расея «назапашвала некалькі месяцаў», але старых савецкіх ракетаў для комплексаў C-300, «Точка-У» і «Ураган» хоць не так шмат, але «для тэрору хапае». Агулам, мяркуе ён, у Расеі вырабляецца не больш за 50 крылатых і аператыўна-тактычных балістычных ракетаў кожнага тыпу, агулам – каля 200 на год.

Вайсковы аглядальнік і былы прафесар расейскага МГІМО Юрый Фёдараў паведаміў «Белсату», што няма надзейнай інфармацыі пра тое, колькі ракетаў было выраблена за апошнія гады і колькі засталося ў спадчыну ад СССР. Былі толькі ацэнкі экспертаў на падставе ўскосных прыкметаў – гэтыя ацэнкі паказвалі, што ракетаў «Калібр» і «Іскандэр» засталося няшмат.

Хваставая частка снараду РСЗА «Тарнада» тырчыць з зямлі ля вёскі Лукашоўка, Чарнігаўская вобласць, Украіна. 10 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Фёдараў мяркуе, што ў Расеі няма магчымасці закупляць такія ракеты за мяжой – іх проста нідзе больш няма ў дастатковай колькасці. А магчымасці вытворчасці абмежаваныя праз тое, што для яе патрэбныя матэрыялы і камплектавальныя, якія вырабляюцца ў заходніх краінах або на Тайвані.

«З іншага боку, у Расеі ёсць, як я мяркую, вялікая колькасць, прынамсі сотні крылатых ракетаў паветранага базавання, вырабленых у савецкі перыяд і ў апошнія гады, якімі і наносіцца асноўная частка ўдараў па Украіне», – разважае Фёдараў.

Вайсковы эксперт украінскага Цэнтру даследаванняў арміі, канверсіі і раззбраення Ігар Леўчанка таксама кажа «Белсату», што ніхто дакладна не скажа, колькі ракетаў засталося ў Расеі, хоць ведаць гэта хацелі б усе. Але ён разважае: калі б у Расеі была дастатковая колькасць ракетаў для выканання пастаўленых задачаў, іх выкарыстоўвалі б.

На полі бою бачылі іранскія дроны, але іншай замежнай зброі ў расейскай арміі пакуль не бачылі, расказвае ён. Ці сапраўды былі нейкія пастаўкі з КНДР, невядома: на полі бою не бачылі. З Беларусі расейцы «выграбаюць усё начыста». Ёсць некаторыя іншыя краіны, дзе «расейцы могуць патроху пашчыпаць». Буйныя ж краіны, як Кітай, наўрад ці будуць прадаваць Расеі зброю: Леўчанка кажа, што для кітайскага кіраўніцтва гэта будзе непрымальна, бо Кітай намагаецца дыстанцавацца ад вайны.

Ракетных удараў становіцца менш, эфектыўнасць зніжаецца

Леўчанка адзначае, што ў апошнія месяцы расейскія войскі практычна не выкарыстоўвалі крылатых ракетаў сучаснага ўзору кшталту «Калібр» і Х-101 – «як мінімум, іх берагуць». Удары 10 кастрычніка былі масавымі, але паводле інтэнсіўнасці ўсё роўна «не дацягвалі» да першых тыдняў поўнамаштабнай вайны. І такіх масавых удараў не бачылі вельмі даўно.

Ён дапускае, што Расея праводзіць раскансервацыю больш старых ракетаў кшталту Х-55 (на базе якой ствараліся Х-555 і Х-101). Хіба не такія старыя, як Х-22, але больш сучасныя – прыводзяць у гатовы да бою стан і спрабуюць мадэрнізаваць. Ракеты тыпу C-300, якіх у Расеі можа быць шмат, выступаюць заменаю не крылатых ракетаў вялікай далёкасці тыпу «Калібр», а заменай аператыўна-тактычных комплексаў, як сучасны «Іскандэр» і савецкая «Точка-У».

І мадэрнізацыя старых ракетаў, і выраб новых, падобна, ідзе складана ва ўмовах санкцыяў, мяркуе Леўчанка. З эфектыўнасцю ўдараў цяпер праблемы, «высокадакладная сучасная зброя» губляе свае ўласцівасці:

«У гэтым плане вельмі паказальная ўчорашняя атака, калі, напрыклад, у Кіеве мы бачылі, што зброя, якая заяўляецца высокадакладнай, у якой адхіленне складае нібы не больш за 10 метраў, прамахвалася ад 100 метраў і да кіламетра», – расказвае Леўчанка.

Ён прыводзіць у прыклад траплянне ракеты ў парк Шаўчэнкі ў цэнтры Кіева. Магчыма, цэліліся ў карпусы кампаніі «Укртелеком», каб пашкодзіць забеспячэнне інтэрнэтам, але прамахнуліся на пару сотняў метраў. Магчыма, цэліліся ў галоўны будынак Службы бяспекі Украіны, які наогул стаіць за пару кварталаў адтуль, амаль за кіламетр. Іншы прыклад – учорашні ўдар па кіеўскай ЦЭЦ: было дзве ракеты, адна трапіла ў зямлю за некалькі сотняў метраў ад галоўнага будынку, другая ўпала не менш як за кіламетр ад галоўнага будынку.

Да таго ж выкарыстанне крылатых ракетаў у меншай колькасці вядзе да эфектыўнейшага іх перахоплівання: 10 кастрычніка перахапілі каля паловы ракетаў з больш як 80, а 11 кастрычніка, як папярэдне выглядае, перахапілі амаль тры чвэрці з прыблізна трох дзясяткаў. Леўчанка лічыць, што і ў Расеі разумеюць, што гарантыяй поспеху ўдару ёсць пераадоленне ўкраінскай супрацьпаветранай абароны, а гэта дасягаецца ў асноўным масавымі запускамі за кароткі час.

Разбор
Лукашэнка ўступае ў вайну? Што азначае разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў
2022.10.10 17:37

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў