Міліцыя шукала для «прафілактычнай гутаркі» журналіста «Белсату», які даўно з’ехаў з Беларусі


Больш за тры месяцы таму журналіст Алесь Ляўчук выехаў з Беларусі, а сілавікі не даюць яму спакою нават за мяжою.

Супрацоўнік «Белсату» Алесь Ляўчук у аўтазаку. Дзень Волі, Берасце, Беларусь. 25 сакавіка 2021 года.
Фота: Мілана Харытонава / Белсат

Алесь Ляўчук даведаўся, што яго шукае супрацоўнік Маскоўскага РАУСу Берасця, каб правесці з ім прафілактычную гутарку.

«Я не ведаю, якая можа быць гутарка, але ведаю, што пасля такіх «гутарак» людзей на доўгія месяцы закрывалі ў ІЧУ ды СІЗА. З ліпеня не быў у Беларусі і проста не магу зразумець, аб чым увогуле размова. Можа, у яго старая метадычка, у якой напісана: кастрычнік, затрымаць Леўчука», – кажа Ляўчук.

Роўна год таму журналіст і ягоная жонка Мілана Харытонава былі затрыманыя АМАПам у цэнтры Берасця. Мілана правяла тры дні ў ІЧУ, а Ляўчук апынуўся ў лякарні. Міліцыя так і не змагла патлумачыць журналістам, што яны парушылі і чаму былі затрыманыя.

За апошні год журналістаў затрымлівалі мінімум тройчы, вымалі тэхніку. А ў ліпені імі зацікавіўся ГУБАЗіК, правёў у журналістаў ператрусы ў межах крымінальнай справы.

У выніку сям’я журналістаў працягнула адпачынак у замежжы. Да сёння яны атрымліваюць сігналы, што іх шукаюць беларускія сілавікі.

АС belsat.eu

Стужка навінаў