КДБ апавёў пра «дыверсантаў СБУ» ў Беларусі: шасці асобам пагражае смяротная кара


КДБ арыштаваў пяцярых жыхароў Беларусі і аднаго ўкраінца за нібыта супрацу з СБУ. Прапагандысцкі баявік пра гэта паказалі ўвечары 11 верасня ў дзяржаўных тэлеканалах. Беларускія сілавікі наўпрост вінавацяць СБУ ў дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі напярэдадні выбараў і ў застрашванні беларусаў.

У фільме з гучнаю назваю «Д’яблы тэрору» («Бесы террора») апавядаецца пра шасцярых чалавек, якіх вінавацяць у замаху на акт тэрарызму і здрадзе дзяржаве. Згодна з стужкаю, абвінавачваныя падкладалі выбухоўку на чыгунку, дасылалі СБУ здымкі вайсковай тэхнікі ў Беларусі, а таксама стваралі тайнікі са зброяй у прымежных раёнах. Арыштаваныя на відэа асобы маюць сляды моцнага збіцця.

Двух беларусаў затрымалі ў ноч на 27 жніўня на чыгунцы ў Стаўбцоўскім раёне, недалёка ад нафтабазы. Сцвярджаюць, што Павел Вабішчэвіч і Андрэй Зіненка пад куратарствам СБУ нібыта мусілі паставіць на чыгунцы выбуховую прыладу.

Павел Вабішчэвіч – мянчук, 1986 года нараджэння. У фільме акцэнтуецца, што ён трапіў пад увагу сілавікоў пасля даносу ў чат-бот КДБ: нібыта мужчына 10 чэрвеня на вакзале ў Воршы фатаграфаваў чыгуначныя каляіны і цягнікі. 19 жніўня Вабішчэвіч прыехаў у Лоеўскі раён Гомельскай вобласці, дзе забраў у тайніку выбуховую прыладу і перавёз яе ў тайнік у Чэрвеньскім раёне. 26 жніўня ён нібыта забраў яшчэ адну выбуховую прыладу ў Хойніцкім раёне, каб пасля адвезці яе на чыгунку каля Стоўбцаў. За гэта атрымаў ад СБУ ад 100 да 300 долараў у крыптавалюце. Рабіў гэта ўсё разам з былым калегам Андрэем Зіненкам, які вазіў яго машынаю. Вабішчэвіча называюць алкаголікам, аматарам азартных гульняў, які раней быў пад судом.

Супраць арыштаваных завялі крымінальныя справы паводле ч. 2 арт. 289 КК «Замах на здзяйсненне акту тэрарызму групай асобаў» і ч. 1 арт. 356 КК «Здрада дзяржаве».

Адзін з арыштаваных – украінец Вячаслаў Бародзій. Паводле фільму, мужчына працаваў егерам, пасля пачатку вайны ва Украіне прайшоў рыхтаванне ў навучальным цэнтры Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны. СБУ даручыла яму перакідваць у Беларусь зброю і выбухоўку для арганізацыі тэрактаў не толькі ў нашай краіне, але і ў Расеі. Бародзія затрымалі 1 верасня ў Ельскім раёне Беларусі, які мяжуе з Жытомірскаю вобласцю Украіны. Менавіта тут, у памежным раёне, ён нібыта арганізоўваў сховішчы са зброяй. У сябе ўдома «дыверсант» таксама захоўваў зброю: выбухоўку, ПЗРК, гранатамёты.

Яшчэ адна група арыштаваных «дыверсантаў»: гарадзенцы Іван Бародзіч і Барыс Пухальскі (нарадзінец Украіны), грамадзянін Украіны Іван Ліхалат.

Пасля пачатку вайны ва Украіне Іван Ліхалат выйшаў на сувязь з СБУ і перадаваў інфармацыю пра размяшчэнне і фотаздымкі расейскай вайсковай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі, а таксама рыхтаваў выбухі на чыгунцы. За гэта ён нібыта атрымаў 700 долараў.

Іван Бародзіч таксама перадаў СБУ чатыры здымкі вайсковай тэхнікі.

Як сцвярджаюць у фільме, Барыс Пухальскі пасля пачатку вайны хацеў паехаць ваяваць ва Украіну, але атрымаў ад СБУ адмову. Замест гэтага яго «завербавалі» для арганізацыі тэрактаў у нашай краіне: у Кобрынскім раёне Берасцейскай вобласці Пухальскі нібыта забраў з тайніка выбуховае прыстасаванне, якое перавёз у Талачынскі раён для падрыву чыгункі. Там 4 верасня яго затрымалі супрацоўнікі КДБ. Паралельна з гэтым у Горадні затрымалі «падзельнікаў».

Трох мужчынаў вінавацяць у рыхтаванні акту тэрарызму (ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 289 КК), здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК) і шпіянажы (арт. 358-1 КК). За рыхтаванне акту тэрарызму ў Беларусі цяпер прадугледжваецца смяротнае пакаранне.

«Акрамя відавочных мэтаў, якія выяўляюцца ў спробах дэстабілізаваць грамадскі парадак у нашай краіне і застрашыць нашых грамадзянаў, украінскія спецслужбы пераследуюць другасную мэту. У прыватнасці, гаворка пра спробу стварыць бачнасць наяўнасці ў нашай краіне нейкага арганізаванага падполля. Іншымі словамі, добра падрыхтаваных агентаў-тэрарыстаў, здольных весці тут партызанскую вайну. Але гэта не так», – гаворыцца ў прапагандысцкім баевіку.

Артыкулы
«The Washington Post»: Беларускія партызаны дапамаглі спыніць напад расейцаў на Кіеў
2022.04.24 19:28

Нагадаем, што беларускія рэйкавыя партызаны актыўна дзеялі ў пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, калі з Беларусі на Кіеў ішлі расейскія войскі. Аднак падпольшчыкі не пускалі цягнікоў пад адхон і не выкарыстоўвалі выбухоўкі. У большасці выпадку яны проста падпальвалі рэлейныя шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ), у выніку чаго пераставалі працаваць святлафоры і стрэлкавыя пераклады – цягнікі былі змушаныя спыняцца або прасоўвацца вельмі павольна.

Агулам, паводле МУС, менш як за шэсць тыдняў з пачатку вайны на беларускай чыгунцы адбылося больш за 80 дыверсіяў.

Пра затрыманні ў Стаўбцоўскім, Талачынскім ці Ельскім раёнах за апошнія дні ў недзяржаўных крыніцах не паведамлялі.

Агляд
Усё, што вядома пра падрыў беларускага цягніка на Браншчыне
2023.05.02 13:50

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў