Як беларусу набыць жытло за мяжою? Чатыры гісторыі ад пакупнікоў кватэраў у Грузіі, Польшчы і Літве


Шмат хто з беларусаў, якія з’ехалі за мяжу цягам 20202022 гадоў, знайшоўшы працу і развязаўшы пытанні з легалізацыяй, задумаліся пра набыццё жытла. Мы паразмаўлялі з тымі, хто набыў кватэры ў краінах, куды з’ехала больш за ўсё беларусаў – Грузіі, Польшчы, Літве. Папрасілі распавесці, колькі каштуе нерухомасць, як яе афармляць, які трэба мець статус і на што звяртаць увагу пры набыцці.

Андрэй, у 2022 годзе купіў кватэру ў Батумі

Праблемы дамоў у Батумі – цвіль, няякаснае будаўніцтва

Андрэй пераехаў у Батумі ўвосень 2021 года разам з сям’ёю. Калі сужэнцы пастанавілі застацца ў Грузіі жыць, наш суразмоўца адразу задумаўся пра набыццё ўласнага жытла. Кватэра на моры ніколі не зашкодзіць, нават калі давядзецца пераязджаць у іншае месца, разважаў Андрэй.

Новабудоўлі ў Батумі, Грузія.
Фота: Белсат

Шлях да ўласнай кватэры на Чорным моры былы мянчук распачаў з вывучэння прапановаў на рынку нерухомасці ў Батумі, аб’езду офісаў забудоўнікаў і будоўляў.

«З таго, што я пабачыў, пераканаўся, што тут набываць жытло трэба толькі пасля таго, як на ўласныя вочы пабачыш, як яго будуюць, – распавядае Андрэй. – Грузіны могуць прыгожа прадаваць – намаляваць буклеты, расхваліць, паабяцаць хуткія прыбыткі. А ў той жа час будаваць яны часта проста не ўмеюць, шмат што робіцца кепска. Нават там, дзе высокія кошты за квадратны метр, далёка не заўсёды адпаведная якасць. Таму мая парада – знайдзіце час, каб асабіста паглядзець усе прапановы».

З уласнага досведу Андрэй вывеў некалькі парадаў тым, хто хоча купіць жытло ў Батумі.

  • Не набываць кватэры без ацяплення.

«Што б ні казалі, што тут курорт, цёпла, месяцаў шэсць цягам года ацяпленне мы ўключаем. Асабліва ўзімку, калі ўначы тэмпература апускаецца да плюс 5 і нават ніжэй», – кажа мужчына.

  • Менш гнацца за відам з вакна, глядзець на фасад.

«Тут вялікая праблема з цвіллю, і шмат у чым гэта не толькі праз клімат, а праз якасць будоўлі і ўцяплення фасаду, – зазначае Андрэй. – Таксама раю менш звяртаць увагу на прыгожы від з вакна. Ад таго, куды выходзяць вокны, таксама можа залежаць, будзе ў вас цвіль ці не. Тут кірунак дажджоў з турэцкага боку ў асноўным, і мы сутыкаліся, што з гэтага боку сцены нашмат больш намакаюць. Калі ў сцяну пастаянна пад нахілам б’е дождж, яна паступова насычаецца вільгаццю. Але калі фасад апрацаваны добра, то і з турэцкага боку цвілі не будзе».

  • Нікому не давяраць, самому цікавіцца, шукаць праверанага чалавека, пажадана мясцовага, які дакладна будзе ведаць усе нюансы.

ВНЖ у Грузіі за нерухомасць ад $ 100 тысячаў

Андрэй асобна зазначае, што для яго было важна, каб дом быў невысокі.

Новабудоўлі ў Батумі, Грузія.
Фота: Белсат

«Рэч у тым, што вельмі рэдка ў шматпавярховіках робяць шмат ліфтаў. Мы жылі на 23-м паверсе, і тры ліфты на 29-павярховы дом – гэта недастаткова. Неяк мы спускаліся на першы паверх 15 хвілінаў, больш такога не хочацца», – адзначае мужчына.

Плошча кватэры Андрэя – 70 квадратных метраў. Суразмоўца заўважае, што можна набыць некалькі кватэраў і аб’яднаць іх у адну вялікую – у Грузіі перапланаваць нашмат прасцей, чымся ў Беларусі.

Новае жытло абышлося былому менчуку $ 600 за квадратны метр. На першым этапе Андрэй будзе плаціць унутраныя выплаты забудоўніку, а потым, калі дом здадуць, возьме крэдыт, у тым ліку на рамонт. Першасны ўнёсак не спатрэбіўся.

Крэдыт у Грузіі ўзяць вельмі проста: не трэба быць грамадзянінам ці нават мець ВНЖ. Дастаткова пацвердзіць крыніцу даходаў, не абавязкова ў Грузіі, гэта можа быць Беларусь ці любая іншая краіна. Аформіць атрыманне крэдыту можна нават дыстанцыйна.

Акрамя выплатаў крэдыту і камунальных паслуг, у штомесячныя выдаткі будуць залучаныя $ 35 за абслугоўванне дому, кажа Андрэй:

«Наш дом – гэта апарт-гатэль, таму ў аплаты адразу ўключанае абслугоўванне – рамонт фасаду, замена лямпачак у агульных месцах, мыццё падлогі на паверхах, рамонт ліфтаў, кансьерж на першым паверсе».

Новабудоўлі ў Батумі, Грузія.
Фота: Белсат

Пры набыцці нерухомасці на суму ад $ 100 тысячаў у Грузіі можна атрымаць ВНЖ.

Алена, набыла кватэру ў Варшаве ў 2012 годзе

«Іпатэка не спатрэбілася, хапіла спажывецкага крэдыту»

Дзесяць гадоў таму Алена з мужам пастанавілі прадаць кватэру ў раённым цэнтры Беларусі, дакласці пэўную суму і купіць у Варшаве. Ужо ў 2012-м сужэнцы бачылі, што кошты на арэнду ў польскай сталіцы растуць, таму нерухомасць можа быць добрай інвестыцыяй.

Патрэбную кватэру сужэнства шукала праз абвесткі ў інтэрнэце. На думку Алены, нашмат камфортней купляць нерухомасць праз рыэлтара, бо ён ведае розныя нюансы, а таксама падкажа натарыусаў, якія правераць, ці ўсё добра з кватэраю, ці можна яе набыць. Паслугі рыэлтара каштуюць ад 1 % ад кошты кватэры, аплочваюць іх як пакупнік, так і прадавец.

Яшчэ адна аплата ў дадатак да ўласна кватэры і паслугі рыэлтара – падатак памерам 2 % ад кошту жытла.

Дворец культуры и науки в Варшаве, Польша
Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Іпатэка Алене з мужам не спатрэбілася, дастаткова было звычайнага спажывецкага крэдыту:

«І гэта нам вельмі развязала рукі ў пошуку, бо банкі разглядаюць заявы на іпатэку даволі доўга, трэба, каб гаспадар кватэры быў згодны столькі чакаць. Нам банк без праблемаў даў спажывецкі крэдыт, бо на той момант мы ўжо некалькі гадоў жылі ў Польшчы ды атрымлівалі заробак».

За 10 гадоў кватэра падаражэла на 40 %

На што Алена раіць звяртаць увагу пры набыцці кватэры ў Польшчы.

  • Форма ўласнасці. У Польшчы шмат кааператыўнага жытла, якое належыць суполцы ўласнікаў, і толькі з часам пераходзіць у поўную ўласнасць пакупніка.

«Нашая кватэра фармальна толькі цяпер, праз 10 гадоў, пераходзіць у нашую поўную ўласнасць, хоць з самога пачатку яна нашая пажыццёва, мы можам перадаваць яе ў спадчыну, але належала яна кааператыву ўласнікаў, – зазначае Алена. – Усе гэтыя дэталі лепш загадзя высвятляць у рыэлтара, задаваць шмат пытанняў».

Трэба звяртаць увагу на некалькі рэчаў:

  • Наколькі добра дом захоўвае цяпло, ці абшыты ён, калі гэта старая забудова, якое там аграванне – вадой ці электрычнасцю, якая пліта – газавая ці электрычная. Ад гэтага залежыць, колькі давядзецца плаціць у ацяпляльны сезон, асабліва на фоне таго, што кошты на энерганосьбіты ў Польшчы растуць. Алена ўвогуле раіць да жытла прыглядацца ўзімку, бо тады відаць, ці трэба моцна адкручваць батарэю, каб у доме было камфортна.
  • У Варшаве важна ўлічваць ружу вятроў, бо тут узімку бывае смог, у пэўных раёнах ён канцэнтруецца больш, як у іншых.
  • Раён: менавіта ад яго залежыць кошт кватэры, а не ад наяўнасці ці адсутнасці рамонту.
  • Наколькі новыя ліфты, калі дом шматпавярховы. Калі старыя, неўзабаве давядзецца плаціць за рамонт ці замену ліфта. Таксама можна запытацца, ці плануецца рамонт дому бліжэйшым часам, бо гэта таксама можа быць дадатковым выдаткам.

Суразмоўца зазначае, што беларус без польскага грамадзянства зможа купіць у Польшчы толькі кватэру, а не дом, бо на набыццё дому з зямлёю патрэбны дазвол польскага МУС, што займае час: прадавец можа не захацець чакаць. Тое ж датычыць паркавальнага месца для аўтамабіля: гэта набыццё зямлі. Таму жанчына раіць шукаць кватэру ў доме з падземным гаражом.

Алена падкрэслівае: за 10 гадоў ад набыцця кватэры яе вартасць узрасла амаль на 40 %. У 2012 годзе квадратны метр каштаваў € 1900, цяпер – € 2350. Сярэдні кошт квадратнага метра ў Варшаве – € 2000–2500, аднак можна знайсці і за € 1500, а таксама за € 4000 і вышэй.

Ілля, купіў кватэру ў Румі каля Гдыні ў 2021 годзе

Як купіць кватэру ў Польшчы ў памежнай зоне

Ілля з сям’ёю пераехаў у Польшчу ў 2018 годзе. Уладкаваўся на працу ў Гданьску, там жа пастанавіў шукаць кватэру. І адразу сутыкнуўся з цяжкасцямі: каб замежніку набыць жытло ў памежнай зоне, патрэбны дазвол польскага МУС, чаканне якога можа зацягнуцца да года.

Гдыня, Польшча.
Фота: Krzysztof Walas / Pixabay

Таму Ілля заняўся набыццём кватэры пасля таго, як атрымаў польскае грамадзянства паводле карты паляка:

«Кватэру шукалі на сайтах otodom.pl, olx.pl, nieruchomosci-online.pl. Даволі доўга выбіралі, нарэшце знайшлі тую, якая спадабалася, у Румі. Разам з рыэлтаркаю паехалі глядзець, яна правярала, ці ўсё ў парадку з дакументамі ва ўласнікаў кватэры. Калі стала ясна, што ўсё добра, мы паехалі да крэдытнага дарадцы. Яна пралічыла, ці магу я ўзяць крэдыт, падказала, як зрабіць, каб разлічваць на максімальную суму, параіла 2-3 банкі, дзе нам дакладна дадуць крэдыт».

Але ўзнікла праблема: жонка Іллі не мае польскага грамадзянства, таму яна не магла быць уласніцай кватэры. Сужэнцам давялося дзяліць маёмасць, жонка мусіла адмовіцца ад кватэры.

Калі гэтыя нюансы ўладзіліся, Ілля заплаціў перадаплату памерам 40 тысячаў злотых.

Каб атрымаць у банку крэдыт на патрэбную суму, мужчына мусіў перавесці ўсе «дзіцячыя» выплаты, кшталту 500+, аплаты за садок, абедаў у школе са свайго рахунку на рахунак жонкі. Пасля заключэння акту куплі – продажу, трэба было занесці ўсе дакументы ў суд, які цягам трох месяцаў упісаў Іллю ў зямельны кадастр (księga wieczysta) як гаспадара кватэры.

«Усё гэта заняло каля 6 месяцаў, бо Румя – маленькі горад. У Гданьску ці Гдыні гэта можа расцягнуцца на год ці больш. І пакуль цябе не ўпішуць у зямельны кадастр, ты плаціш падвышаную стаўку крэдыту. Потым гэтыя грошы вяртаюцца», – зазначае Ілля.

Трохпакаёвая кватэра на першым паверсе каштавала беларусу 400 тысячаў злотых. Іпатэку Ілля ўзяў на 35 гадоў: першапачаткова стаўка была 2,4 %, і выплаты за месяц складалі 1000 злотых, цяпер стаўка стала 8,5 %, выплаты – больш за 2000 злотых.

Ірына, разам з мужам у 2021 годзе набыла кватэру ў Вільні

Як набыць жытло з ВНЖ праз 8 месяцаў пасля пераезду

Пра сваё жытло ў літоўскай сталіцы сужэнцы задумаліся праз паўгода пасля ад’езду з Беларусі. Да рыэлтара не звярталіся, самі шукалі на сайце aruodas.lt.

Пасля прагляду розных варыянтаў Ірына з мужам спынілася на 4-пакаёвай кватэры плошчаю 87 квадратных метраў: апошні паверх, 2 вялікія гаўбцы, амаль цэнтр гораду, дом 2021 года пабудовы. Квадратны метр каштаваў амаль € 3000. Кватэра была без рамонту, але з чарнавым адштукаваннем і разведзенымі камунікацыямі.

Вільня, Літва.
Фота: Peggy_Marco / Pixabay

Па крэдыт сужэнцы звярнуліся ў «Swedbank». На той момант у Літве яны жылі толькі 8 месяцаў, мелі ВНЖ на 3 гады паводле «blue card». Афіцыйна ў Літве быў працаўладкаваны толькі муж Ірыны. Месячны даход сям’і складаў 2 % ад агульнага кошту кватэры і паркінгу.

«Калі муж першы раз патэлефанаваў у банк, яго запыталі пра ПМЖ, а калі пачулі пра ВНЖ і нашыя 8 месяцаў у Літве, уздыхнулі і сказалі: хаця б год, – распавядае Ірына. – Таксама сказалі, што праз ВНЖ не здолеюць нам пакрыць больш за 70 % кошту кватэры. Але тут нам дапамаглі нашыя ашчаджэнні, якія якраз 30 % і пакрывалі.

Сужэнцы сабралі дакументы на крэдыт, да якіх, акрамя стандартных даведак з месцаў працы, трэба было прыкласці матывацыйны ліст пра доўгатэрміновыя планы заставацца ў Літве. Усе дакументы, акрамя каштарысу на рамонт, былі па-расейску.

Крэдыт беларусам зацвердзілі, на 25 гадоў.

«Агульная стаўка крэдыту складаецца са сталай – 2,19 %, плюс «Euribor», якая можа змяняцца, – распавядае Ірына. – На гэты момант «Euribor» адмоўны, за апошнія 20 гадоў яго максімум быў 5 %. Але якраз у жніўні мусіў быць перагляд, таму чакаем, ці не падвысяцца нашыя выплаты, якія цяпер складаюць 30 % ад нашага даходу».

Калі ў сям’і ёсць няпоўнагадовае дзіця, дазвол на іпатэку дае суд

На этапе афармлення кватэры ва ўласнасць сужэнцам давялося сутыкнуцца з цікавай акалічнасцю. Спатрэбіўся дазвол суда: калі ў сям’і ёсць няпоўнагадовае дзіця, то кватэра ў іпатэцы ставіць пад пагрозу ягоныя правы.

«Суд павінен быў вырашаць ступень гэтай пагрозы і дазволіць правядзенне ўгоды, – распавядае Ірына. – Кажуць, што гэта чыстая фармальнасць, але мы тады панерваваліся, бо пры адмове ўсе сродкі, якія мы ўжо на той момант заплацілі забудоўніку, згарэлі б. Я дасюль не вельмі разумею, чым рызыкуе дзіця пры страце іпатэчнай кватэры. Але такія тут законы. На шчасце, суд даў дазвол».

Вільня, Літва.
Фота: Titas Valionis / Pixabay

Яшчэ адзін цікавы момант, на які звяртае ўвагу Ірына: у адрозненне ад Беларусі, уласнікамі кватэры запісаныя яны абое, і не частак, а ўсёй кватэры цалкам.

На што Ірына раіць звяртаць увагу пры набыцці кватэры ў Вільні:

  • Клас энергаэфектыўнасці дому. У дамах з высокім класам камунальныя паслугі таннейшыя, чымся ў старой забудове.
  • Ці прадаецца кватэра разам з зямлёй. У Літве без грамадзянства ці ПМЖ нельга купляць зямлю, а з зямлёю прадаюцца не толькі дамы, але і некаторыя кватэры.

Да пераезду ў Вільню Ірына з мужам хацелі набыць кватэру ў Менску. Жанчына была прыемна здзіўленая высокай якасцю будаўніцтва ў Літве ў параўнанні з тым, што давялося пабачыць у Беларусі:

«У Менску можна сутыкнуцца з крывымі сценамі, памылкамі ў праектах. У Вільні мы такога не ўбачылі. Якасць перад здачай у Менску бяднейшая, а тут мы атрымалі кватэру і адразу пачалі рамонт. Мы не раўнялі сценаў, не перакладалі разводкі электрыкі ці вады».

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў