Што не так з заяваю Генштабу ЗСУ пра 13 000 беларускіх сілавікоў?


Разбіраемся ў рэзананснай заяве Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны наконт таго, што 13 тысячаў беларускіх сілавікоў нібыта далі згоду на ўдзел у вайне супраць Украіны.

Аляксей Громаў, кіраўнік галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштабу ЗСУ, выступае на брыфінгу пра аператыўную сітуацыю на фронце. Кіеў, Украіна. 11 жніўня 2022 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

11 жніўня падчас брыфінгу начальнік галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштабу ЗСУ Аляксей Громаў заявіў, што Расея працягвае ўцягваць Беларусь у поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Паводле інфармацыі ўкраінскага боку, каля 13 тысяч асобаў з ліку дзейных і былых вайскоўцаў падраздзяленняў беларускіх Сілаў спецыяльных аперацыяў і АМАПу падпісалі згоду на ўдзел у вайне супраць Украіны. Ніякай дадатковай інфармацыі генерал Громаў не даў, таму заява пакінула шмат пытанняў.

Пытанне № 1: навошта з сілавікоў бралі пісьмовую згоду?

Фармат пісьмовай згоды, пра які заявілі ў Генштабе ЗСУ, даволі спецыфічны. Існуе Закон № 254-З ад 29.11.2003 года, паводле якога вайскоўцы, прадстаўнікі праваахоўных органаў ды іншых дзяржаўных ведамстваў могуць быць накіраваныя за межы Беларусі для ўдзелу ў дзейнасці «для падтрымання міжнароднага міру і бяспекі» толькі з іхнай асабістай пісьмовай згоды. Менавіта на гэты закон спасылаўся афіцыйны Менск, калі ў студзені 2022 года ў Казахстан накіравалі роту беларускіх дэсантнікаў. Усе яны афіцыйна падпісалі паперку, што згодныя браць удзел у «міратворчай» аперацыі ў Казахстане.

Можна ўявіць, што рэжым Лукашэнкі разглядае магчымасць накіраваць беларускіх вайскоўцаў на вайну супраць Украіны менавіта пад маркай аперацыі «для падтрымання міжнароднага міру і бяспекі» (гэта б цалкам адпавядала характару расейскай і беларускай прапаганды). Аднак тады паўстае пытанне, чаму, паводле Громава, згоду бралі таксама ў былых байцоў ССА і АМАПу. 

Узяцце пісьмовай згоды адначасова і з дзейных, і былых вайскоўцаў можна патлумачыць тым, што насамрэч яны запісваліся ў неафіцыйныя падраздзяленні – у так званыя расейскія прыватныя вайсковыя кампаніі. ПВК хоць дэ-факта ўваходзяць у армію РФ, але фармальна гэта асобныя структуры.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

У сакавіку 2022 года Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны ўжо паведамляла, што расейскія спецслужбы вярбуюць у армію ўварвання беларускіх вайскоўцаў. За выкананне «спецзаданняў» беларусам прапаноўвалі фінансавае забеспячэнне памерам $ 1000–1500 за месяц. Да таго ж ільготнае навучанне ў расейскіх вайсковых ВНУ (напрыклад, Разанская паветрана-дэсантная камандная вучэльня). Тых, хто даваў згоду, выключалі са спісаў асабістага складу сваіх падраздзяленняў для працягу службы па-за межамі Узброеных сілаў Беларусі. Ва ўкраінскім ведамстве адзначалі, што такія выпадкі былі зафіксаваныя ў прыватнасці ў падраздзяленнях 103-й дэсантнай дывізіі Узброеных сілаў Беларусі і Гомельскай памежнай групы.

Ці шмат беларускіх вайскоўцаў завербаваныя расейцамі, у выведцы Украіны не ўдакладнялі. Але агулам такія выпадкі зафіксаваныя. Напрыклад, BYPOL распавядаў пра лётчыка, адстаўнога палкоўніка Мікалая Маркава, які загінуў каля Папаснай, і 55-гадовага беларускага генерала Аляксандра Карава. Украінская выведка сцвярджала, што некалькі вайскоўцаў, якія падпісалі кантракт з расейскімі прыватнымі вайсковымі кампаніям, загінулі ў баях і былі пахаваныя ў Беларусі ў траўні. Але падаецца сумнеўным, каб у найміты запісаліся аж 13 тысячаў былых і дзейных беларускіх сілавікоў. Усё ж гэта вельмі спецыфічны фармат службы, каб на яго спакусіліся масава.

Аналітыка
Што вядома пра беларусаў, якія ваююць на баку Расеі
2022.06.04 11:00

«Калі была размова пра вербаванне на карысць Расеі праз беларускія ваенкаматы, то ішлося пра дзясяткі афіцэраў. У першую чаргу Расею цікавяць лётчыкі і былыя афіцэры спецпадраздзяленняў, у тым ліку з баявым досведам. Паколькі сярод беларусаў іх небагата, то гэтыя лічбы мяне здзіўляюць», – пракаментаваў заяву ЗСУ ў эфіры «Белсату» заснавальнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба.

13 тысячаў для ПВК – шмат нават у маштабах Расеі. Напрыклад, паводле ацэнак выдання «Новая газета. Европа», агульная колькасць усіх расейскіх найміцкіх фармаванняў складае ад 8 да 18 тысячаў чалавек. Атрымліваецца, што ў Беларусі яны змаглі навербаваць прыкладна столькі ж, колькі і ўва ўсёй Расеі? У гэта паверыць вельмі цяжка.

Пытанне № 2: дзе збіраюцца выкарыстоўваюць гэты кантынгент?

Калі ўявіць, што сапраўды 13 тысячаў беларускіх сілавікоў пагадзіліся ваяваць, то паўстае іншае пытанне: а дзе яны гатовыя ваяваць, куды накіруюць гэты кантынгент?

Самы лагічны варыянт – непасрэдна на беларуска-ўкраінскую мяжу. Пра пагрозу адкрыцця новага фронту і ўдару ў напрамку Луцк – Львоў ва Украіне кажуць не першы месяц.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Разам з тым, паводле абноўленай лукашэнкаўскай Канстытуцыі, «Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў дачыненні іншых дзяржаваў». Зразумела, што гэты пункт Канстытуцыі парушаецца з першага дня, бо беларуская тэрыторыя выкарыстоўваецца для расейскай агрэсіі супраць Украіны. Але калі запускі расейскіх ракетаў можна паспяхова замоўчваць і толькі зрэдку распавядаць, «адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад», то факт пераходу беларускім войскам мяжы з Украінай адсунуць на другі план будзе немагчыма. А значыць, яго трэба будзе неяк тлумачыць. І тлумачыць давядзецца менавіта вонкавай агрэсіяй. Аднак калі афіцыйна беларуская армія не нападае, а адбівае напад ворага, то і браць пісьмовую згоду на ўдзел у вайне няма ніякага сэнсу. Абараняць сваю радзіму ад вонкавай агрэсіі – галоўны абавязак вайскоўцаў, і не важна – кантрактнікаў або жаўнераў тэрміновай службы. Яны проста мусяць выконваць загады камандавання. 

Іншая рэч, калі ўявіць, што 13 тысячаў беларускіх сілавікоў разглядаюцца ў якасці ўмоўнага экспедыцыйнага корпусу, які накіруюць на Данбас або Херсоншчыну. Тады падпісанне пісьмовай згоды, як патрабуе Закон 2003 года, або кантракту з ПВК – лагічны крок. Такі сцэнар прасцей будзе ўкласці ў наратыў сённяшняй прапаганды: Беларусь – міралюбівая краіна, сама яна не ваюе, але накіроўвае сваіх міратворцаў-добраахвотнікаў на Данбас для «падтрымання міжнароднага міру і бяспекі».

Пытанне № 3: адкуль узяўся гэты лік?

Паводле апошніх афіцыйных звестак, колькасць беларускай арміі на сёння складае амаль 65 тысячаў чалавек. Прыкладна 20 тысячаў з іх – цывільны персанал. Але і астатнія 45 тысяч вайскоўцаў – гэта не толькі тыя, каго можна накіраваць беспасярэдне на фронт. Сюды ўваходзяць сілы супрацьпаветранай абароны, тылавыя часткі, якія забяспечваюць абслугоўванне, ахову і г. д. Да таго ж пакінуць пустою заходнюю мяжу Беларусь таксама не можа.  Таму, паводле сярэдніх ацэнак экспертаў, Беларусь здольная рэальна выставіць супраць Украіны ад 12–15 да 17–18 тысячаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Пры гэтым найбольш баяздольны і надзейны складнік, эліта арміі Лукашэнкі – гэта якраз Сілы спецыяльных аперацыяў, дзе служаць больш за 6 тысячаў байцоў. Туды ўключаныя віцебскія і берасцейскія дэсантнікі, а таксама спецназ з Мар’інай Горкі. Менавіта з байцоў ССА і іхных былых таварышаў са службы (плюс амапаўцаў) нібыта і мусіла скласціся лічба 13 тысячаў.

Гэтая колькасць выглядае дзіўна з любога пункту гледжання. Калі разглядаецца варыянт паўнавартаснай франтавой вайны на беларускім кірунку, наступу на Луцк, то дзейных і былых байцоў ССА і АМАПу для гэтага наўрад ці хопіць. Імаверна, спатрэбіцца прыцягненне іншых падраздзяленняў (напрыклад, механізаваных брыгадаў), але пра іх гаворка чамусьці не вядзецца. Разлік тут можа быць хіба толькі на тое, што асноўны ўдар з Беларусі нанясе расейская групоўка, а беларускія вайскоўцы будуць разглядацца як дапаможная сіла.

Калі разглядаецца варыянт з умоўным экспедыцыйным корпусам, то такі гіпатэтычны сцэнар выглядае зусім нерэалістычна. Атрымліваецца, найбольш баяздольныя і верныя Лукашэнку падраздзяленні (ССА бралі ўдзел у здушэнні пратэстаў 2020 года), ледзь не траціну ўсёй арміі накіруюць на Данбас ці Херсоншчыну і аголяць уласную мяжу. А хто тады будзе абараняць рэжым Лукашэнкі, калі ўжо ЗСУ пастановіць перайсці ў наступленне?

Высновы

«Белсат» накіраваў у прэсавую службу ЗСУ дадатковыя пытанні наконт заявы пра 13 тысячаў беларускіх сілавікоў і чакае адказу. Магчыма, украінскі бок патлумачыць гэтыя лічбы і кантэкст іх з’яўлення. Але пакуль заява Генштабу выглядае даволі непераканаўча.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Варта дадаць, што інфармацыя афіцыйнага Кіева наконт Беларусі часта не спраўджваецца. Напрыклад, 11 сакавіка ўкраінскае кіраўніцтва паведаміла пра рыхтаванне расейскай правакацыі ў раёне Капані, пасля якой увечары тады ж нібыта мусіла рушыць услед уварванне беларускай арміі. Уварвання не адбылося, і ў Кіеве потым фактычна прызналі, што інфармацыя была памылковая.

У чэрвені ва ўкраінскім упраўленні выведкі сцвярджалі, што ў Мазыр прыбылі расейскія дыверсійныя групы, што маюць загад учыніць серыю тэрактаў (падарваць жылыя дамы, лякарні і школы), каб стварыць для Лукашэнкі «casus belli». Паведамлялі, што праз гэта вайскоўцы і чыноўнікі нібыта распачалі эвакуацыю сваіх сем’яў з гораду. Крыніцы беларускіх незалежных медыяў гэтай інфармацыі не пацвярджалі. У выніку ніякага працягу гэты сюжэт не атрымаў, пра пагрозу тэрактаў усе проста забыліся.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў