Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 12 жніўня


Больш за два гады ў Беларусі не спыняюцца маштабныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў з боку сілавікоў. «Белсат» штовечар робіць агляд рэпрэсіяў за дзень.

МУС прызнала экстрэмісцкім фармаваннем «Малады фронт», тэлеграм-чаты «ХАТА» і «Белсатаўшчына», а таксама YouTube-канал «Максим Шабуцкий».

У Беларусі яшчэ 17 новых палітвязняў. Асноўныя артыкулы, паводле якіх асуджаныя гэтыя людзі: арт. 130 КК за распальванне сацыяльнай варожасці, арт. 368 КК за абразу Лукашэнкі, арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады, арт. 370 КК за знявагу дзяржаўных сімвалаў.

Hавiны
У Беларусі 17 новых палітвязняў
2022.08.12 12:22

Былога палітвязня Ігара Банцэра арыштавалі на 15 содняў. «Ведаю, што яму 18 адміністрацыйных артыкулаў павесілі і прывезлі з Горадні», – расказвае Фёдар Жывалеўскі, які сядзеў на Акрэсціна разам з Банцэрам. Што стала прычынай для гэтага – невядома.

Краязнаўцу і журналіста Ігара Хмару затрымалі за размову на беларускай мове на вуліцы. Ён быў затрыманы ўвечары 2 жніўня пасля шпацыру па Менску. Праваабаронцы адзначаюць, што гэта не адзінкавы выпадак – акрамя Ігара, на Акрэсціна таксама былі людзі, якіх затрымлівалі з-за размоваў па-беларуску на вуліцы.

Пракуратура распачала крымінальныя справы за распаўсюд персанальных дадзеных турэмшчыкаў, пракурора і суддзі па «справе Аўтуховіча». Зліў дадзеных знайшлі супрацоўнікі ўласнай бяспекі пракуратуры падчас «маніторынгу інфармацыі ў Інтэрнэце».

Былога камандзіра МНС Аляксандра Курганскага асудзілі да 1,5 гадоў за лайк, які мужчына паставіў на каментар іншага чалавека ў запісе пра абмеркаванне перастрэлкі паміж айцішнікам Зельцарам і супрацоўнікам КДБ Федасюком. Таксама мусіць выплаціць 50 базавых велічынь штрафу (1600 рублёў). Вядома, што Курганскі больш за 15 гадоў прапрацаваў у МНС.

Hавiны
Разгляд апеляцыйнай скаргі Кацярыны Андрэевай пачнецца 20 верасня
2022.08.12 18:31

Працягваюцца затрыманні родных «каліноўцаў». Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне жыхара Бабруйску Сяргея Франчука, падчас затрымання яго моцна збілі. На «пакаяльным відэа» ён кажа, што з’яўляецца стрыечным братам намесніка камандзіра ў Палку Каліноўскага Вадзіма Кабанчука.

Раней паведамлялася, што былі затрыманыя родныя загінулага байца Палка імя Кастуся Каліноўскага Васіля Парфянкова.

За ўдзел у паслявыбарчых пратэстах затрымалі жыхара Бараўлянаў Дзмітрыя Латушкіна. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што 33-гадовы супрацоўнік «Мінгаз» нібыта прымаў удзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе і перакрываў рух транспарту – за гэта і быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.

Супраць двух мужчын распачалі крымінальную справу за блакіроўку дарог у 2020 годзе – доказамі сталі «сторысы» у Instagram. Крымінальная справа паводле арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»)  распачата ў адносінах да 34-гадовага Ігара Пастухова і 32-гадовага Юрыя Джэнжэры.

Сілавікі затрымалі 45-гадовага Андрэя Гіля з Баранавічаў за абразу міліцыянта паводле арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»). Таксама яму прызначылі 15 содняў арышту паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

Hавiны
Верагодна сілавікі затрымалі маці спявачкі Рыты Дакоты
2022.08.12 21:30

У Горадні вынеслі прысуд 21-гадоваму юнаку Аляксею Багдзею – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады (арт. 293 КК). Яго абвінавачваюць у тым, што ў жніўні 2020 года ў тэлеграм-канале «Гродно для жизни» ён размяшчаў тэкставыя паведамленні, якія змяшчалі заклікі да гвалтоўных дзеянняў.

У Гомлі асудзілі дэпартаванага з Расеі жыхара Жлобіна Віталя Гузава. Яго абвінавацілі ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (ч.1 арт 130) і абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368). Судовае пасяджэнне праходзіла ў закрытым рэжыме.

Два гады «хатняй хіміі» за рэпост фотаздымка Кім Чэн Ына з вусамі прысудзілі 30-гадоваму Аляксандру Марушкевічу. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 368 КК за абразу Лукашэнкі. У 2020 годзе Марушкевіч размясціў у сябе ў сторыз у Instagram выяву лідара КНДР Кім Чэн Ына з вусамі і подпісам «Кон Чен Ый», у якім пракурорка ўбачыла Лукашэнку. Марушкевіч прызнаў віну цалкам. Вядома, што ў яго трое малалетніх дзяцей (6 і 4 гадоў, а таксама 8-месячнае малое).

Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне 27-гадовага Вячаслава Мішуры. Спачатку яму прызначылі 13 содняў арышту за дробнае хуліганства (арт. 19.1 КаАП), а пазней супраць Вячаслава распачалі крымінальную справу паводле арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Меркаванні
Хто адкажа за смерць Мікіты Крыўцова?
2022.08.12 13:15

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў