Яшчэ былі толькі даклінічныя выпрабаванні, але і яны паказалі, што вакцына можа быць эфектыўнай пераважна толькі супраць таго штаму віруса, на аснове якога створаная.
Дырэктар РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Уладзімір Гарбуноў расказаў дзяржаўнаму агенцтву БелТА пра стварэнне прататыпу беларускай вакцыны супраць віруса SARS-CoV-2, які выклікае хваробу COVID-19.
Пакуль трываюць даклінічныя выпрабаванні гэтага прататыпу: «у прабірцы» і на мышах. Але ўжо вядома, што яна не будзе эфектыўнай супраць будучых штамаў, калі толькі на аснове тых канкрэтных будучых штамаў не зробяць новага варыянту вакцыны.
Гэтая вакцына – інактываваная цэльнавірыённая. Гэта значыць, яна створаная з «забітага» віруса. Сыровадкі, атрыманыя з пэўных штамаў, аказаліся пераважна актыўныя менавіта супраць гэтых штамаў.
Гарбуноў апраўдваецца, што «няма ўніверсальнай вакцыны, якая будзе актыўнай адносна ўсіх штамаў». У тэорыі гэта праўда, аднак даследаванні паказваюць, што вакцыны ад «Pfizer» і «BioNTech», «Moderna» і «Johnson & Johnson» захоўваюць дастаткова высокую эфектыўнасць супраць новых варыянтаў каронавіруса, хоць і меншую, чым супраць «арыгіналу». У Расеі заяўляюць, што вакцына «Спутнік V» таксама мае ніжэйшую, але дастаткова высокую эфектыўнасць супраць новых штамаў.
Навукоўцы рэгулярна знаходзяць новыя штамы віруса і пастаянна ацэньваюць іх небяспеку. І сітуацыя са штамамі мяняецца ці не штомесяц.
Сусветная арганізацыя здароўя (WHO) цяпер адносіць да найбольш небяспечных («Variants of Concern») чатыры штамы, якім далі назвы «альфа», «бэта», «гама» і «дэльта». Апошні (які называюць «індыйскім» і які ўжо фіксуюць у Беларусі) залічылі ў небяспечныя ўсяго тры месяцы таму.
Яшчэ чатыры штамы адносяць да тых, што выклікаюць у навукоўцаў асаблівую цікавасць і могуць шырока распаўсюдзіцца («Variants of Interest») – у гэтую групу апошні штам, «лямбда», трапіў два месяцы таму, а «дэльта» быў у тым спісе з красавіка. Навукоўцы сочаць і за іншымі штамамі, апошні ў агульным спісе WHO з’явіўся месяц таму.
Беларускія навукоўцы вызначылі, паводле Гарбунова, такую стратэгію: «Трэба выкарыстоўваць той прэпарат, які атрыманы з варыянтаў віруса, што цыркулююць у цяперашні час у нашай краіне». Аднак за час, пакуль навукоўцы атрымаюць матэрыял для прэпарату, створаць яго, распаўсюдзяць па пунктах вакцынацыі і, уласна, вакцынуюць людзей, у краіну цалкам можа прыйсці новы штам, супраць якога вакцына будзе малаэфектыўнай.
Пра распрацоўванне беларускай вакцыны расказалі з нагоды візіту Аляксандра Лукашэнкі на прадпрыемства «БелВітуніфарм» у Віцебскім раёне, дзе тую вакцыну збіраюцца вырабляць, нават збудаваць для гэтага новы корпус.
Пакуль прадпрыемства вырабляе толькі вакцыны для жывёлы. Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі будуць ствараць вакцыны не толькі ад каронавіруса, але і «ўсе вакцыны». Акрамя таго, ён заявіў, што «БелВітуніфарм» мае ўзяць пад апеку яшчэ некалькі калгасаў у дадатак да гаспадаркі ў Багушэўску, якой ужо апякуецца.
Лукашэнка таксама пацікавіўся, «на якой стадыі арганізацыя вытворчасці» ў Беларусі расейскай вакцыны «Спутнік V». Што яму адказалі, не паведамляюць.
Таксама Лукашэнка чарговы раз заявіў, што вакцынацыя ад каронавіруса мусіць быць выключна добраахвотнай і прыгразіў, каб да яго не даходзіла інфармацыя, што «хтосьці кагосьці прымушае, нахіляе і гэтак далей». Ды такая інфармацыя даўно даходзіць да незалежных медыяў.
АА belsat.eu