У Літве пачалі расследаванне аб датычнасці Беларусі да вывазу ўкраінскіх дзяцей


Генеральны пракурор Літвы Ніда Грунскіене распачала дасудовае расследаванне ў дачыненні ўладаў Беларусі ў справе аб незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, паведамляе Генпракуратура Літвы.

Дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей у лагер у Беларусі.
Фота: БелТА

Справа расследуецца паводле артыкулаў аб дэпартацыі і перасяленні цывільных асобаў ды разлучэнні дзяцей у Крымінальным кодэксе Літвы.

Расследаванне пачалі пасля просьбы міністра замежных справаў Габрыелюса Ландсбергіса ацаніць інфармацыю, перададзеную абранай прэзідэнткай Беларусі Святланай Ціханоўскай, аб незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі і ролі прадстаўнікоў уладаў Беларусі ў спрыянні гэтым злачынным дзеянням.

«У прыкладзеных дакументах указваецца, што пасля пачатку вайны Расеі супраць Украіны больш за 2000 украінскіх дзяцей, у асноўным сіротаў, былі незаконна перавезеныя з часова акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны ў лагеры на тэрыторыі Беларусі. Кажуць, што гэта, магчыма, робіцца на ўказанне ці з ухвалы беларускага рэжыму», – гаворыцца ў прэс-рэлізе літоўскай пракуратуры.

На мінулым тыдні Ціханоўская перадала міністру замежных справаў Аўстрыі Александэру Шаленбэргу справаздачу НАУ пра датычнасць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і прадпрыемстваў, звязаных з «Беларуськаліем», да вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Міністр прапанаваў перадаць доказы ў Міжнародны крымінальны суд для правядзення расследавання.

Таксама на паседжанні Парламенцкай асамблеі NATO, якое адбылося ў мінулым месяцы, Ціханоўская заклікала прыняць захады для прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за саўдзел у выкраданні ўкраінскіх дзяцей і іх вываз на тэрыторыю Беларусі, паведаміўшы, што гэтаму ёсць доказы, сабраныя НАУ. Тады Ціханоўская заявіла, што «Міжнародны крымінальны суд, выдаўшы ордар на арышт Пуціна, павінен выдаць такі ж ордар на арышт Лукашэнкі за злачынства агрэсіі і злачынствы супраць чалавечнасці».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў