На 4 гады калоніі маладзечанца асудзілі за абразу Лукашэнкі, Ярмошынай, Карпянкова і сілавікоў


Дзяніс Сырэц.
Фота: Вясна

Дзяніса Сырца за яго каментары ў мясцовым тэлеграм-чаце «Молодечно для жизни Chat» прызналі вінаватым у распальванні нянавісці да міліцыі, у абразе службовых асоб і прэзідэнта, і прысудзілі да 4 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».

Маральныя пакуты абражаных суддзя менскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка ацаніў у 1000 рублёў кожнаму. А пацярпелымі прызнаныя маладзечанскія міліцыянты, гарадзенская супрацоўніца АМАП, а яшчэ Лукашэнка, Ярмошына і Карпянкоў.

Сярод каментароў, за якія асудзілі Дзяніса, быў і такі:

«Я 26 гадоў таму загадаў Дзеду Марозу, каб Лукашэнка здох. Але гэты падла ў вус пшанічны не дзьме. З тых часоў Дзеду Марозу не веру».

На гэта Сырэц заявіў, што выказаў прытэнзіі да Дзеда Мароза, які не выконвае жаданні. Аднак па меркаванні суда Дзяніс абразіў, зняважыў і прычыніў маральныя пакуты Лукашэнку гэткім чынам.

Дзяніса Сырца асудзілі па трох крымінальных артыкулах – за распальванне варожасці, абразу прадстаўніка ўлады і абразу прэзідэнта. Спадар прызнаўся, што пісаў каментары, аднак яны не былі адрасаваныя пацярпелым.

Ён заявіў, што чыстасардэчнае прызнанне напісаў не па сваёй волі: «Я пісаў чыстасардэчнае не зусім на добраахвотнай аснове, пісаў пад дыктоўку. Проста мне сказалі: калі напішу, то адкараскаюся штрафам або папраўчымі работамі. Я наогул не ведаў, што там паказана [якія артыкулы]».

Такі варыянт Дзянісу прапанавалі супрацоўнікі ГУУБ. Яны ж яму і прадыктавалі ўсе прозвішчы пацярпелых міліцыянтаў, з якімі той не быў знаёмы.

Спадара пакаралі чатырма гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, і ён мусіць сплаціць на карысць кожнага пацярпелага, які заявіў пазоў аб маральных пакутах, па 1000 рублёў.

У Дзяніса Сырца ёсць дзве дачкі — 15 гадоў і 4 года. Як распавяла жонка Дзяніса, малодшая дачка думае, што тата ў камандзіроўцы.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў