Журналіста «Intex-press» Юрыя Ганцарэвіча прызналі палітвязнем


Праваабаронцы патрабуюць вызвалення журналіста, якога вінавацяць у тым, што ён фатаграфаваў расейскую вайсковую тэхніку і дасылаў здымкі медыям.

Журналіст «Intex-press» Юрый Ганцарэвіч быў затрыманы 27 красавіка і пакараны 10 соднямі адміністратыўнага арышту. Прыкладна праз тыдзень пасля затрымання журналіста ў праўладных тэлеграм-каналах зʼявіўся фрагмент відэа з ягонага допыту і інфармацыя аб прычыне затрымання Ганцарэвіча: ён нібыта фатаграфаваў расейскую вайсковую тэхніку і адпраўляў здымкі ў СМІ, абвешчаныя ўладамі Беларусі «экстрэмісцкімі».

6 траўня Ганцарэвічу было выстаўлена абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Ён прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да чатырох гадоў ці пазбаўлення волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.

Праваабаронцы лічаць, што «гэтыя дзеянні ў дачыненні Юрыя Ганцарэвіча ёсць працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў у абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова».

Праваабаронцы патрабуюць спынення крымінальнага пераследу журналіста і ягонага неадкладнага вызвалення.

РР belsat.eu

Стужка навінаў