У Беларусі вырашылі ўвесці інстытут «спецыяльнага вядзення», каб судзіць людзей, якія застаюцца за межамі краіны. Адпаведныя папраўкі ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс былі прынятыя 12 траўня Палатай прадстаўнікоў. Журналісты belsat.eu, ацаніўшы крэатыўнасць айчынных заканадаўцаў, вырашылі дапамагчы дэпутатам у іхнай працы і прапануюць свае варыянты зменаў законаў Беларусі.
Усё напісанае ніжэй – выключна нашыя прапановы.
Паколькі новы праект закону прадугледжвае завочныя суды над апанентамі рэжыму, будзе лагічным следам за гэтым увесці і завочную форму пакарання па гэтых жа артыкулах. За аснову можна ўзяць багаты досвед айчыннай завочнай адукацыі, па прыкладзе якой можна дазволіць асуджаным прыбываць у месцы пакарання некалькі разоў на год на пару тыдняў ці месяц, пасля чаго зноў вяртацца ў месца сталага пражывання.
Разам з тым частыя каронавірусныя абмежаванні на мяжы і адсутнасць паветранага злучэння паміж Беларуссю і краінамі Захаду схіляюць рэдакцыю belsat.eu прыдумаць і альтэрнатыўную версію папраўкі закону. Улічваючы багаты досвед нашай краіны ў IT-сферы, можна дазволіць асуджаным завочна адбываць сваё пакаранне онлайн. На практыцы гэта можа выглядаць наступным чынам: зняволены мусіць увесь тэрмін пакарання трымаць адкрытай на сваёй электроннай прыладзе старонку сайту СІЗА, турмы ці калоніі, а таксама штодня ў загадзя ўсталяваны час з’яўляцца на онлайн-праверках.
Калі па нейкіх прычынах Захад не зможа арганізаваць для беларускіх уцекачоў адпаведную хуткасць інтэрнэт-злучэння, якая патрэбная для адбыцця пакарання, можна разгледзець пытанне і пра зняволенне палітычных беларусаў у замежных месцах пазбаўлення волі.
Пры гэтым і самыя суды па палітычных справах варта дазволіць праводзіць у фармаце онлайн-паседжанняў, каб падкрэсліць рэпутацыю Беларусі як развітой, сучаснай і справядлівай краіны. Прычым адпаведны досвед айчынныя суды ўжо маюць – так у чэрвені 2021 года адбыўся онлайн-разгляд скаргі на арышт «Жывемабіля» віцябляніна Андрэя Кулакова.
Але belsat.eu упэўнены, што айчынным заканадаўцам не варта абямяжоўваць свой крэатыўны падыход аднымі палітычнымі справамі. Інавацыі мусяць быць рэалізаваныя ўва ўсіх сферах жыцця краіны.
Паколькі цяпер суды могуць працаваць завочна, то чым горшыя іншыя структуры? Для прыкладу, трэба дазволіць беларускім дарожнікам будаваць і здаваць у эксплуатацыю трасы не на канкрэтнай мясцовасці, а на планах і ў адпаведных электронных рэдактарах. А айчынным будаўнікам – адпаведна так жа будаваць дамы. У гэтых выпадках здачай аб’екту можна будзе лічыць наяўнасць адпаведнай 3D-мадэлі, перанос якой у рэальнасць можна адкласці да моманту з’яўлення грошай у адпаведнай арганізацыі ці дзяржавы.
Уявіце, як за неякі месяц беларускія будаўнікі здаюць у эксплуатацыю шыкоўны Лядовы палац ува ўмоўным Шклове, а мясцовыя жыхары штодня наведваюць яго, адкрываючы адпаведную старонку ў Вікіпедыі.
І вядома, сваім перадавым досведам беларускія парламентарыі мусяць падзяліцца з Захадам, прапанаваўшы апошняму завочна асудзіць у Гаазе рэжым Беларусі.
Безумоўна, усё вышэй напісанае – выключна нашая, журналістаў belsat.eu, рэакцыя на абсалютна абсурдны закон, які прынялі беларускія дэпутаты. Але хто ведае, мабыць, гэта нашая будучыня?
ВК belsat.eu