Дызайнеры «Міс Украіна» стварылі адмысловы ўбор для ўкраінскай прыгажуню Лізаветы Ястрэмскай. Але пасля прэзентацыі сукенкі высветлілася, што нібыта нацыянальны ўбор для конкурсу «Душа-Выцінанка» створаны насамрэч народным майстрам Беларусі Лізаветай Чырвонцавай. Аўтарка выцінанкі кажа, што парушылі яе аўтарскія правы.
«Міс Украіна» Лізавета Ястрэмская, якая прадставіць 16 траўня Украіну на конкурсе «Міс Сусвету» ў Маямі апублікавала фотаздымкі ўбора для конкурса «Душа-Выцінанка». Дызайнеры пазіцыянуюць сукенку з традыцыйнай украінскай выцінанкай.
Але ў аснове сукенкі аўтарская выцінанка беларускі з Маладзечна, народнага майстара Беларусі па выцінанцы Лізаветы Чырвонцавай. Стваральніца выцінанкі распавяла «Белсату», што з ёй не ўзгаднілі выкарыстанне яе працы.
«Дызайнер Наталля Шаўчук звязалася са мной і сказала, што выцінанку знайшла ў інтэрнэце (у вольным доступе), аўтара яны шукалі, але не знайшлі. Яшчэ сказала, што спадабалася мая творчасць. Я спытала, чаму не звярнуліся да сваіх украінскіх майстроў для супольнай працы, і пра кампенсаванне выкарыстання маёй выцінанкі (ідэі і часткі твора). Адказаў, на жаль, больш не атрымала», – кажа Лізавета Чырвонцава.
Народны майстар кажа, што аспрэчваць надзвычай складана, бо гэта трэба рабіць на тэрыторыі Украіны.
«Наколькі я ведаю, аўтарскае права абараняецца ў іншых краінах. Ведаю, што ўкраінскія майстры былі абураныя сітуацыяй, але прызнаюць, што ва Украіне, Беларусі пакуль складана з аўтарскімі правамі», – дадае Лізавета Чарвонцава.
СК belsat.eu