Беларусы Нямеччыны: Спадзяёмся нашымі праектамі і сувязямі даць беларусам удома магчымасць не здавацца


Акцыя салідарнасці з беларусамі. Брэмэн. 2020 год. Фота з уласнага архіву

Беларуская дыяспара ў Нямеччыне дапамагае пацярпелым ад гвалту і супрацоўнічае з некамерцыйнымі арганізацыямі ў Беларусі, а таксама працуе над тым, каб беларуская павестка не знікала з дзейнасці дзяржаўных установаў, дапамагае МЗС Нямеччыны распрацоўваць праграмы падтрымання.

Удзельніцы дыяспары распавялі нам, як людзі, якія адно аднаго не ведалі, сталі актыўнымі ўдзельнікамі сацыяльных працэсаў і сур’ёзнаю сілай, якая ўплывае на палітыку Нямеччыны.

Усё пачалося стыхійна

Юлія Салаўёва з Менску даўно жыве ў нямецкім Брэмэне. З адукацыі – культуролаг, у сваім горадзе стала адною з заснавальніц Камітэту салідарнасці з Беларуссю, а таксама яна віцэ-старшыня агульнанямецкага аб’яднання беларусаў «Razam».

Юлія Салаўёва. Фота з уласнага архіву

Юлія з’ехала ў Нямеччыну ў 2002 годзе, бо працаваць культуролагам на радзіме было занадта складана:

«Я захоўвала сувязь з беларускімі калегамі, сябрамі і працягвала сачыць за палітычнаю сітуацыяй у Беларусі. Але летам узровень рэпрэсіяў і гвалту ў адказ на нармальнае самавыражэнне беларускага народу паразіў мяне, як і многіх іншых. Я зразумела, што можна рабіць, як дапамагчы. Усё пачалося з актывізму і акцыяў тут, у Брэмэне».

Брэмэнскія музыкі з беларускім сцягам. Фота з уласнага архіву

Аднойчы Юліны сябры праз Telegram паказалі ёй, як жыхары Серабранкі выйшлі на пратэст: «Ты сядзіш тут, а твая сям’я проста выносіць тэлефон на гаўбец – і ты чуеш гэтыя выбухі і крыкі. Гэта было вельмі эмацыйна».

«Першы раз мы сабраліся вельмі спантанна, – згадвае мастачка Адэль Рэут. – А тут, каб зладзіць мітынг, ты мусіш загадзя падаць заяўку. Калі мы падалі амаль сёння на сёння, звычайнае месца для мітынгаў было занятае. І нам прапанавалі маленькі кавалак ходніку на скрыжаванні трамвайных рэек. Было вельмі спякотна, мы прыносілі ваду, каб аблівацца і неяк вытрываць. І мы стаялі на той «патэльні» спачування і фізічнага супакутавання. Менавіта ў той дзень беларусы Брэмэну сустрэліся і пабачылі адно аднаго. Гэты момант згуртаваў людзей тут. Уся дыяспара аб’ядналася».

Адэль Рэут. Фота з уласнага архіву

Адэль адзначыла, што вялікую ролю адыграў моўны складнік, цяпер нібы зрабілася «дазволена гаварыць па-расейску»: «Раней было такое адчуванне, што калі ты не размаўляеш па-беларуску, то ты нібыта недастаткова беларус. А калі ты жывеш за мяжою, то насамрэч складана захаваць мову. Праз 10 гадоў, калі няма з кім размаўляць, ты проста страчваеш яе. Цяпер стала дарэчным гаварыць на якой заўгодна мове, абы ты быў, абы ты нешта рабіў. Я думаю, што як мінімум у гэтым мы ўжо перамаглі.

Бо беларусы ў Беларусі дапамаглі беларусам за мяжою стаць нацыяй».

З мітынгаў на вуліцах – да камітэту

Спадарыні распавялі, што дыяспара ядналася ў кожнай зямлі па-рознаму, са сваёй гісторыяй. А пачатак можна адлічваць яшчэ з давыбарчага перыяду.

«У Берліне – нашае консульства, і перад выбарамі мы пачалі даведвацца, хто едзе галасаваць, як можна назіраць за выбарамі, ці хочам мы кантраляваць, каб амбасада ўсё правільна палічыла. Гэта адбывалася ў Telegram, і людзі станавіліся ў чэргі, каб прагаласаваць. «Razam» нарадзілася ў дзень выбараў, 9 жніўня», – згадвае Юлія.

На акцыі ды мітынгі ў Брэмэне пачалі прыходзіць дзяржаўныя чыноўнікі і прадстаўнікі партыяў. Іх зацікавілі і ўсхвалявалі беларускія падзеі.

«Мы зразумелі, што немцам гэта цікава і істотна, мы застаёмся з імі ў дыялогу, пачалі запрашаць журналістаў, партыі. Мы сталі прафесіяналізаваць нашыя намаганні. І ў нас атрымаўся такі аргкамітэт, у якім былі не толькі беларусы, але і немцы, з якімі можна было сесці ды абмеркаваць фармат дзеянняў, як лепей дапамагчы ўцекачам, як падтрымліваць нашую павестку, як зарганізаваць беларусаў і як немцы могуць нам дапамагчы. З гэтага вырас наш Брэмэнскі камітэт, які займаецца некалькімі праектамі», – распавяла Юлія.

«Спачатку нас крытыкавалі, маўляў, дзе той Брэмэн, чаго вы там выходзіце. А з Беларусі пісалі: «Дзякуем, гэта для нас вельмі важна». На мітынг прыйшоў мэр і прадстаўнікі ўсіх партыяў, пасля ў двух універсітэтах пачалі абмяркоўваць стыпендыі для адлічаных з беларускіх вну студэнтаў, дапамагалі грашыма, дапамагалі ўцекачам, пачалі рыхтаваць фестываль беларускай культуры», – падкрэсліла Адэль.

Паказаць немцам, што беларусы – адэкватныя еўрапейскія людзі

Паводле мастачкі, фестываль беларускай культуры – гэта не проста паглядзець карцінкі ці разам паспяваць, а магчымасць паказаць немцам, што беларусы – адэкватныя еўрапейскія людзі, што з намі можна працаваць. А калі краіна нарэшце стане вольнаю, туды можна інвеставаць грошы: «Так, да гэтага варта рыхтавацца ўжо цяпер.

Бо крызіс і зруйнаваную эканоміку ніхто не адмяняў. Інвестыцыі будуць вельмі патрэбныя, а нямецкі бізнесовец не хоча ката ў мяшку.

Што могуць мастакі? Паказаць, што беларусы – адэкватныя еўрапейскія людзі з цікавай культурай, і што з імі можна працаваць».

Фестываль такога ўзроўню рыхтуецца год, таму спадарыні маюць на думцы зладзіць яго наступным летам. Але і цяпер праводзяць шмат онлайн-імпрэзаў, у тым ліку плануюць сваю падзею ў межах Еўрапейскіх тыдняў.

Паштоўкі мастачкі Адэль Рэут. Фота з уласнага архіву

«Цяпер вельмі істотна працаваць у розных напрамках, хто што можа рабіць: ад уласных данацыяў да вялікіх структурных праграмаў. Аднойчы Беларусь стане вольнаю. Гэта адбудзецца, і давядзецца перабудоўваць усе дэмакратычныя інстытуты. Вельмі шмат таленавітых людзей у Беларусі. Але таксама шмат добрых прафесіяналаў за межамі. І мы вельмі хочам нашую экспертызу, нашыя навыкі, якія мы тут атрымалі, наш досвед аддаць Беларусі. Таму істотна не толькі нешта рабіць на сёння, але і будаваць гэтыя сувязі на доўгі тэрмін», – падкрэсліла Юлія.

Мэр Брэмену Андрэас Бовеншульте на акцыі салідарнасці з беларусамі. 7 лютага 2021 году. Фота з уласнага архіву

Яна адзначыла, што «Razam» ладзіць праекты, каб далучаць нямецкі бізнес і экспертаў у супрацу над дапамогаю Беларусі:

«Мы разумеем, як складана ўдома тым, хто пачаў гэтыя працэсы, і як істотна рабіць усё магчымае, каб гэта не згасла. І мы вельмі спадзяёмся, што нашымі праектамі і сувязямі даём беларусам на радзіме магчымасць не здавацца».

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў