«Яна праверыла, ці можна зрабіць ёгурт у космасе». Чаму космас не стаў «нашым» з-за палёту Васілеўскай


Вось ужо некалькі дзён прапагандысты старанна раздзьмухваюць тэму палёту беларускі Марыны Васілеўскай у космас. Па вяртанні першую беларускую касманаўтку абсыпаюць не толькі ліслівымі словамі, але і ўзнагародамі: яна атрымала зорку Героя Беларусі ад Лукашэнкі, ордэн Гагарына ад Пуціна. Пра яе пішуць песні, на вуліцах з’яўляюцца білборды «Космас наш!», праводзяцца флэш-мобы. Усё гэта нагадвае нейкую агонію: нарэшце зʼявілася тэма, з якой можна высмактаць хоць нейкую ілюзію дасягненняў. Але ці сапраўды гэта так?

Бортправадніца «Белавіі» Марына Васілеўская падчас рыхтавання да палёту ў космас. 6 кастрычніка 2023 года.
Крыніца: roscosmos_gk / Telegram

«Бязважкасць – такі ж навуковы інструмент, як падвышаны ціск ці тэмпература. Таму як і навука ў любой іншай краіне, Беларусь зацікаўлена мець дадатковыя навуковыя інструменты для сваіх даследаванняў. Бязважкасць ёсць, мы нешта ў ёй праверылі, але ўсе асноўныя даследаванні далей праводзяцца на Зямлі, бо гэта вялізная раскоша, трымаць у космасе нейкія апараты і прылады. У Беларусі падобныя даследаванні – лялечнага ўзроўню, бо навука дэградавала. Калі і ёсць нейкая цікаўнасць, што адбываецца ў бязважкасці, то няма людзей і інстытуцыяў, каб гэтыя даследаванні развярнуць. Таму ў гісторыі з беларускай касманаўткай нешта там возяць, але гэта такі дзіцячы ўзровень, што пра сур’ёзнасць нават размаўляць дзіўна», – кажа ў каментары «Белсату» беларускі навуковец Сяргей Бесараб.

Паводле Акадэміі навук, на МКС Марына Васілеўская ў рамках сваёй місіі «вывучала культываванне і захоўванне ўзораў прабіятычных штамаў малочнакіслых мікраарганізмаў і біфідабактэрыяў ва ўмовах касмічнага палёту».

«Тое, што рабіла ў космасе Васілеўская, многія чыноўнікі зараз спрабуюць назваць навукападобнымі тэрмінамі. Але калі гэта чуе чалавек, які разбіраецца, то зразумела: простымі словамі, яна праверыла, ці можна ў космасе зрабіць ёгурт.

Па-другое, Васілеўская завезла ў космас каўбасы – прадукцыю мяса-малочнай прамысловасці, каб праверыць, як яны сябе будуць паводзіць у бязважкасці. Сур’ёзна? Завезці каўбасы ў космас каб паглядзець, як яны сябе будуць паводзіць – гэта навука?

Трэцяе даследаванне было звязанае з лактафярынам. Гэта харчовы дадатак, які можна набыць у крамах спартовай ежы. Васілеўская завезла яго ў космас, каб паглядзець, што з ім зробіцца. Гэта абсалютнае несур’ёзнае дзівацтва і нейкія гульні, якія нават каментаваць цяжка», – каментуе эксперт.

Hавiны
Беларуская касманаўтка вярнулася на Зямлю. У космасе яна была 14 содняў
2024.04.06 11:27

Калі апусціць гісторыю з палётам Васілеўскай, ці можа Беларусь называць сябе сапраўднай касмічнай дзяржавай?

«Давайце паглядзім, на што апіраецца Беларусь, калі называе сябе касмічнай дзяржавай. У першую чаргу – на запуск спадарожнікаў. З усіх беларускіх спадарожнікаў, якія вылецелі, ёсць некалькі купсатаў – гэта студэнцкія спадарожнікі, іх можа запусціць і зрабіць любы чалавек, які мае грошы. То бок каб стаць касмічнай дзяржавай, патрэбная сама дзяржава, інстытуцыя, якая будзе каардынаваць гэтую справу, і купсат за некалькі дзясяткаў тысяч долараў. Запускаюць спадарожнікі адмысловыя фірмы. І ўсё – нас рэгіструюць як касмічную дзяржаву. Якое тут дасягненне Беларусі, чым тут хваліцца – гэта пытанне», – кажа Сяргей Бесараб.

Ён называе Марыну Васілеўскую не касманаўткай, а касмічнай турысткай.

«Калісьці Рычард Брэнсан вазіў касмічных турыстаў на субарбітальную вышыню ў рамках выбітнага праекту Virgin Galactic, але зараз ён зачыніўся. Таму атрымліваецца, зараз адзіны магчымы варыянт касмічнага турызму – гэта як у Васілеўскай, ці як у Расеі была Юлія Перасільд, якая таксама злятала ў космас незразумела чаму. Чыноўнікі спрабуюць схаваць гэта пад выглядам навукі, але насамрэч усё выглядае так: дзяўчына за вельмі дарагі кошт беларускіх падаткаплацельшчыкаў злятала ў космас, каб зрабіць ёгурт», – рэзюмаваў наш суразмоўца.

Марына Васілеўская – 33-гадовая сцюардэса «Белавіі», якую адбіралі паводле крытэраў полу, узросту, ведання мовы і адукацыі. Яна першая грамадзянка Беларусі ў космасе; раней Зямлю пакідалі нарадзінцы Беларусі, якія былі грамадзянамі СССР ці Расеі. Разам з Васілеўскай на МКС зноў паляцеў расейскі касманаўт беларускага паходжання Алег Навіцкі.

Меркаванні
Навошта Лукашэнку касмічны піяр? 
2024.03.25 17:20

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў