Ці ёсць спрэчка паміж Лукашэнкам і Пуціным? Інтэрв’ю з польскім экспертам


У выказваннях Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна на тэму ядравай зброі ёсць разыходжанні. Дырэктар Службы вонкавай выведкі Расеі Сяргей Нарышкін, які прылятаў у Беларусь, вядомы сваймі пралікамі, звязанымі з вайною супраць Украіны. Як Лукашэнка можа выкарыстаць атаку на расейскі самалёт у Мачулішчах, за якую ён апраўдваўся перад Нарышкіным? Чаму наагул Нарышкін прылятаў у Менск перад візітам Лукашэнкі ў Маскву? Інтэрв’ю з Камілем Клысіньскім, галоўным экспертам у беларускіх справах у Цэнтры усходніх даследаванняў, польскім урадавым аналітычным інстытуце.

Сяргей Пеляса: Мне падаецца, вельмі добра відаць непаразуменне і пэўную спрэчку паміж Лукашэнкам і Пуціным, чаго не было даўно. Ядравая зброя – прычына, чаму Пуцін заявіў пра яе. Гэта нібыта адказ на перадачу Вялікай Брытаніяй Украіне снарадаў са збедненым уранам. Лукашэнка назваў нешта іншае – што нібыта Польшча хоча з амерыканцамі і немцамі адкрыць другі фронт. Нібыта ёсць для яго небяспека, таму ён папрасіў Пуціна. Другая спрэчка – хто будзе камандаваць гэтай зброяй. Натуральна, Пуцін – але Лукашэнка робіць заяву, што гэта ён будзе кіраваць зброяй. На вашую думку, ці не таму Пуцін выклікаў Лукашэнку ў Крэмль, каб гэтыя спрэчкі скончыць і паставіць Лукашэнку на месца?

Каміль Клысіньскі: Не думаю. Я б пакуль не казаў пра спрэчкі. Дачыненні паміж Беларуссю і Расеяй на такім узроўні, прысутнасць Беларусі ў падтрыманні Расеі настолькі глыбокая, што Лукашэнка не можа дазволіць сабе спрачацца з Пуціным. Ён не можа яго падстаўляць, крыўдзіць, зневажаць, што рабіў раней, да 2020 года, калі вёўся дыялог з Захадам. Пры поўнай ізаляцыі Беларусі Захадам, пры саўдзеле Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны Лукашэнка можа толькі падыгрываць Пуціну. А ягоныя абвінавачанні Блашчака – гэта нюансы.

Калі ўспомніць, што ён казаў у сваім пасланні 31 сакавіка, – жахлівым, занадта доўгім, часам сумным, – ён цалкам паўтараў расейскія наратывы. Асабліва ў дачыненні Украіны. Пра бандэраўцаў, нацыстаў – гэта сто адсоткаў тое, што кажа Крэмль. Я вялікіх адрозненняў не бачу. Тое, што Лукашэнка адправіўся ў Маскву, – хутчэй за ўсё, планавая паездка. Гэта Найвышэйшы дзяржаўны савет Саюзнай дзяржавы, яны там абмяркоўваюць будаўніцтва Саюзнай дзяржавы і агульныя справы ў іншых сферах.

Фактычна гэта быў саміт двух дыктатараў у пытаннях Саюзнай дзяржавы. Чаму тады за дзень да гэтага прылятаў у Менск дырэктар службы замежнай выведкі Расеі Сяргей Нарышкін? Акурат тады, калі паказалі прапагандысцкі фільм пра тэрарыстаў, якія атакуюць аб’екты ў Беларусі.

Я б не абмяркоўваў і не ацэньваў гэтага ў кантэксце таго, што прыехаў пасланнік ад Пуціна. Які сэнс у гэтым, калі праз некалькі дзён Лукашэнка едзе да Пуціна і можа ўсё асабіста абмеркаваць? Перш за ўсё, візіт Нарышкіна – дэманстрацыя згуртаванасці беларускіх і расейскіх службаў антызаходняга кірунку дзеянняў. Я бачу гэта як прапаганду – каб паказаць, што яны супрацоўнічаюць і працуюць супольна, умацоўваюць абаронную здольнасць Саюзнай дзяржавы. Абедзве службы кажуць амаль адно і тое ж: Польшча спрабуе адарваць частку Беларусі і Украіны. У залежнасці ад настрою яны пераключаюцца на Гарадзеншчыну або Львоўшчыну. У агульных рысах: Захад мае намер зладзіць дэстабілізацыю, і мы павінны агульнымі намаганнямі супраціўляцца.

У тых двух невялікіх фрагментах размовы з Нарышкіным у прысутнасці Церцеля, які нічога не гаварыў на запісе, гэта быў маналог Лукашэнкі, а Нарышкін толькі хітаў галавой. А Лукашэнка сказаў наступнае: «Пагрозы вельмі сурʼёзныя, часам неверагодныя. З улікам той тэхнікі, за якой мы, спецслужбы, угнацца не можам і не можам ім супрадзеяць. Усё роўна там у адным ці іншым месцы калі не праколы, то пытанні да нас узнікаюць. Людзі павінны разумець, што мы не ад Бога, таму ўсяго прадугледзець не можам». Што гэта, як не апраўданне ці тлумачэнне гэтых аперацыяў? Атака дронаў на расейскі самалёт – хай невялікая, але ў выніку расейскі самалёт паляцеў на рамонт. Акрамя гэтага, ліквідацыя ў Польшчы спецслужбамі вялікай групы расейскіх агентаў, у тым ліку беларускіх грамадзянаў. Лукашэнка тлумачыць гэтыя паразы перад Нарышкіным. Ці так гэта, на вашую думку?

Лукашэнка яшчэ доўга будзе апраўдвацца за Мачулішчы. Гэта сапраўды вялікі пракол. Гэта мы бачылі з ягонай нервовай рэакцыі на нарадзе з сілавікамі. Усе арышты, затрыманні, дзеянні ГУБАЗу і КДБ паказваюць, што сапраўды тое было балюча, – і дагэтуль балюча і сорамна ў межах беларуска-расейскага саюзу. Але абодва дыктатары ў адным чоўне і маюць патрэбу адзін у адным. Нават тое, што падначаленыя Лукашэнкі дапусцілі вялікі пракол у Мачулішчах, не нясе істотнага расколу ў саюзе. Ім наканавана быць разам. Са словаў Лукашэнкі Нарышкіну я б не выключыў, што ён выкарыстоўвае гэты выпадак, каб выгандляваць у Масквы новае абсталяванне і якія-небудзь субсідыі на падтрыманне беларускіх спецслужбаў рознага ўзроўню ў розных структурах. Гэта вельмі натуральна для Лукашэнкі. Ён гэта рабіў у энергетыцы – і можа зрабіць і ў гэтай сферы.

З тых сціплых звестак, якія апублікавалі афіцыйна, ёсць толькі адно выказванне Нарышкіна. Вельмі дзіўна выглядае, бо ён стаіць у палацы Лукашэнкі перад афіцыйнымі журналістамі – і ягоны антыпольскі дыялог. Ён заявіў, нібыта Польшча чакае краху Украіны, каб вярнуць сабе ўсходнія крэсы – заходнюю тэрыторыю Украіны. Гэта стары крамлёўскі наратыў, які паўтараецца гадоў восем з пачатку гібрыднай агрэсіі супраць Украіны. Такое адчуванне, што сам Нарышкін, а не прапаганда працуе як узмацняльнік, мегафон, шырачы для беларускіх журналістаў наратыў, што Польшча – вораг. Што гэта, як не спроба тарпедаваць далікатныя спробы Лукашэнкі хоць крыху палепшыць дачыненні з Польшчай? Я маю на ўвазе вызваленне Анджэлікі Борыс. Гэта спроба Расеі даць Лукашэнку па руках, каб ён не дамаўляўся з Польшчай?

Цалкам дакладна. Думаю, што Масква не зацікаўленая ў тым, каб Лукашэнка аднавіў дыялог з Захадам, Польшчаю. Эліты Расеі і Беларусі вельмі антыпольскія. Там ёсць на розным узроўні антыпольскі комплекс. У расейцаў найхутчэй комплекс маленькай Польшчы, якая ім перашкаджае. У беларускіх дзяржаўных элітаў – комплекс Рэчы Паспалітай як вялікай імперыі, якая паглынала беларускую нацыю і будзе паглынаць, на іхную думку. Тое, што сказаў Нарышкін, – ніжэй за ягоны інтэлект. Ён значна разумнейшы, чым тое, што ён сказаў. Думаю, яму трэба было такое сказаць, бо гэта палітыка Масквы. Каб не дапускаць пацяплення і трымаць агульны антызаходні фронт. Лукашэнка гэта разумее, гэта яму блізка ментальна. Ён як чалавек савецкі паводле менталітэту таксама вельмі антыпольскі. Калі ён абвінавачвае Польшчу, ёсць у мяне ўражанне, што робіць гэта ад усёй душы, і атрымліваецца ў яго вельмі натуральна.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 06.04.2023

 

Стужка навінаў