Соф'я Сапега дала згоду на экстрадыцыю ў расейскую калонію


Палітзняволеная грамадзянка Расеі Соф’я Сапега, якая цяпер адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі Гомельскай вобласці, пагадзілася на экстрадыцыю ў РФ, распавялі ў прэс-службе пасольства Расеі ў Беларусі.

Соф’я Сапега ў судзе. Крыніца: spring96.org

«У панядзелак, 10 красавіка (як толькі адпаведны дазвол быў аформлены беларускімі ўладамі), наш консул наведаў Соф’ю Сапегу. У хадзе сустрэчы з асуджанай грамадзянкай Расеі ад яе была атрыманая згода на экстрадыцыю ў Расею для магчымага адбывання далейшага пакарання на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі», – гаворыцца ў паведамленні пасольства.

Таксама ў пасольстве дадалі, што наступным этапам, у тым ліку тэхнічнымі дэталямі працэдуры экстрадыцыі, займаюцца расейскія і беларускія праваахоўныя органы. «Што да ўмоваў утрымання і стану здароўя нашай грамадзянкі, якіх-небудзь скаргаў з ейнага боку ў размове з консулам выказана не было», – гаворыцца ў паведамленні.

Расейскія дыпламаты працягваюць узаемадзеянне з беларускім бокам датычна Сапегі, застаюцца на сувязі са сваякамі і адвакатам, дадалі ў пасольстве.

Нагадаем, Соф’ю Сапегу затрымалі разам з блогерам Раманам Пратасевічам 23 траўня 2021 года ў выніку вымушанай пасадкі самалёта авіякампаніі «Ryanair». У траўні 2022 года Сапегу прысудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі. Яе прызналі вінаватай у наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці, а таксама ў незаконным зборы і распаўсюдзе звестак аб прыватным жыцці, якія пацягнулі прычыненне шкоды (на момант перадачы справы ў суд у ёй фігуравалі 238 пацярпелых). Суд таксама пастанавіў спагнаць з дзяўчыны на карысць пацярпелых Br 167 500 (каля $ 65 ooo).

У чэрвені 2022 года Сапега падала прашэнне аб памілаванні на імя Александра Лукашэнкі, але ёй было адмоўлена. У сакавіку 2023 года Сапегу ўнеслі ў спіс датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў