Кіеўская пракуратура накіравала апавяшчэнне аб падазрэнні ў нявыплаце больш за 60 млн грывень падаткаў дырэктару беларускай нафтагазавай кампаніі. Аб гэтым паведамляе прэсавая служба пракуратуры Кіева.
12 красавіка пракуратура Кіева паведаміла аб тым, што грамадзянін Беларусі – дырэктар беларускага прадпрыемства, якое функцыянуе на тэрыторыі Украіны, падазраецца ў наўмысным ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйных памерах паводле ч. 3 арт. 212 і ч. 1 арт. 366 КК Украіны.
«Паводле даных следства, на тэрыторыі Украіны функцыянуе беларускае прадпрыемства, якое аказвае паслугі ў сферы здабычы нафты і прыроднага газу. Яго бенефіцыярам зʼяўляецца адкрытае акцыянернае таварыства, уладальнікам якога зʼяўляецца Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, у сваёй дзейнасці прадпрыемства выкарыстоўвае абсталяванне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Беларуснафта»», – гаворыцца ў паведамленні.
Дзейнасць названай кампаніі была даследавана з нагоды магчымага садзейнічання Расеі падчас падрыхтоўкі і правядзення агрэсіўнай вайны супраць Украіны. У выніку следчыя выявілі, што з 2017 па 2020 гады падкантрольнае падазраванаму таварыства пералічыла на рахункі »Беларуснафты« больш за 400 млн грн за арэнду абсталявання.
«Дакладна ведаючы аб тым, што гэтыя сродкі павінны абкладацца 15 % стаўкай падатку на прыбытак замежных юрыдычных асоб, дырэктар прадпрыемства адзначаў у афіцыйных дакументах заведама ілжывыя звесткі адносна сум падаткаў, якія ўтрымліваюцца пры выплаце прыбыткаў нерэзідэнтам», – адзначылі ў ведамстве.
У выніку маніпуляцый з лічбамі ў дакументах у дзяржбюджэт Украіны не паступіла больш за 60 млн грывень у выглядзе падаткаў на прыбытак замежных юрыдычных асоб. Цяпер украінскія праваахоўнікі збіраюцца выставіць падазронаму меру стрымання ў выглядзе залогу ў памеры прычыненых страт.
Рашэннем суда ўжо арыштаваная нерухомая і рухомая маёмасць беларускай нафтагазавай кампаніі, а таксама карпаратыўныя правы на агульную суму каля 4 млрд грывень. Усё гэта плануюць перадаць ва ўпраўленне Нацыянальнага агенцтва па пытаннях выяўлення, вышуку і кіравання актывамі, атрыманымі ад карупцыйных і іншых злачынстваў (АРМА).
У паведамленні ўкраінскай пракуратуры не называецца ні прозвішча кіраўніка, які падазраецца ва ўхіленні ад падаткаў, ні назва кампаніі. Аднак з адкрытых крыніц вядома, што ў «Беларуснафты» ва Украіне ёсць даччыная кампанія «Сервіс Ойл». Апроч таго Беларуская нафтавая кампанія (БНК) мае ва Украіне даччыную кампанію «БНК-Украіна».
Антон Тачняк belsat.eu