Медыі: У Гомельскі РНПЦ зноў прывезлі расейскіх вайскоўцаў з прыкметамі радыяцыйнага апраменьвання


Выданне «Флагшток» паведамляе, што на тэрыторыю РНПЦ Гомля, верагодна, прывезлі вайскоўцаў РФ. Ананімныя крыніцы паведамляюць, што параненыя вайскоўцы маюць прыкметы радыяцыйнага апраменьвання. Напэўна, гэта тыя самыя жаўнеры, якія «рылі акопы» ў рудым лесе каля Чарнобыльскай АЭС.

Чарнобыльская атамная электрастанцыя.
Фота: wikipedia.org

Імаверна, цяпер у РНПЦ ляжаць 22 вайскоўцы РФ. Як мінімум 2 маюць сімптомы радыяцыйнага апраменьвання. Яны праходзяць спецыялізаванае абследаванне. Вайскоўцаў РФ даглядаюць беларускія медыкі.

Раней з’яўлялася інфармацыя, што медычны персанал РФ пакінуў лякарню на мінулым тыдні. Аднак відавочцы адзначаюць, што на дадзены момант каля РНПЦ стаіць спадарожнікавая вайсковая антэна для спецсувязі. Паводле адмыслоўцаў, гэта прыкмета перабывання на тэрыторыі вайскоўцаў з Расеі.

Цікава, што днямі генерал-палкоўнік і герой Расеі Уладзімір Шаманаў зрабіў неадназначную заяву аб інфармацыі адносна акопаў у «рудым лесе» і фактаў апраменьвання:

«Гэтыя пазіцыі займалі яшчэ партызаны ў час Вялікай Айчыннай, і ні ў кога з іх не назіралася фактаў апраменьвання. Усе гэтыя варожыя навіны – проста фэйк!»

Аналітыка
Руды лес, акопы і радыяцыя: якія наступствы будзе мець прысутнасць расейскіх вайскоўцаў у зоне адчужэння
2022.04.11 11:55

Нагадаем, што расейскія вайскоўцы захапілі тэрыторыю ЧАЭС у першыя дні ўварвання ва Украіну і трымалі супрацоўнікаў станцыі ў закладніках. Міністэрства абароны Украіны паведамляе, што на станцыі войска РФ учыніла марадзёрства. Цяпер станцыя пад кантролем Украіны.

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў