Руды лес, акопы і радыяцыя: якія наступствы будзе мець прысутнасць расейскіх вайскоўцаў у зоне адчужэння


31 сакавіка расейскія вайскоўцы, якія захапілі Чарнобыльскую АЭС яшчэ ў першы дзень нападу Расеі на Украіну, у поўным складзе пакінулі тэрыторыю станцыі і накіраваліся ў бок Беларусі. Адразу ж пасля гэтага з’явілася інфармацыя, што ў Цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека ў Гомлі на 7 аўтобусах прывезлі расейскіх вайскоўцаў з падазрэннем на апрамяненне. Таксама з’явілася інфармацыя, што вайскоўцы акопваліся ў Рудым лесе.

Дазіметрыст вымярае ўзровень радыяцыі вакол траншэй, выкапаных расейскімі вайскоўцамі ў зоне з высокім узроўнем радыяцыі, якая называецца Руды лес, недалёка ад Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, у Чарнобылі, Украіна, 7 красавіка 2022 года.
Фота: GLEB GARANICH / Reuters / Forum

1 красавіка ў афіцыйным тэлеграм-канал НАЭК «Энергоатом» з’явілася паведамленне, што пацвердзілася інфармацыя пра абарончыя збудаванні, акопы, якія расейцы будавалі ў Рудым лесе – самым забруджаным участку ва ўсёй зоне адчужэння. Пасля зʼявіліся і пацвярджальныя здымкі са спадарожнікаў і дронаў. Працаўнікі ЧАЭС расказалі агенцтву «Reuters», што расейскія вайскоўцы, на якіх не было ахоўнага адзення, удыхалі там радыеактыўны пыл. Мінабароны РФ гэтай інфармацыі не пракаментавала.

Разбіраемся, як моцна маглі апраменіцца расейскія вайскоўцы ў зоне адчужэння – і ці павезлі з сабой радыяцыю ў Беларусь і Расею.

Што такое Руды лес і наколькі ён небяспечны?

Зона адчужэння складаецца з кантраляваных тэрыторыяў: асаблівая зона (непасрэдна прампляцоўка ЧАЭС), 10-кіламетровая зона і 30-кіламетровая зона. На ўкраінскай тэрыторыі створаны Чарнобыльскі радыяцыйна-экалагічны біясферны запаведнік, у беларускай частцы зоны адчужэння – Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

Руды лес – самае пацярпелае месца паблізу ЧАЭС, гэта каля 200 квадратных кіламетраў лесу, што прынялі на сябе найбольшую долю выкіду радыеактыўнага пылу ў 1986 годзе. Калі адбылася аварыя на станцыі, вецер дзьмуў у заходнім напрамку. Самыя цяжкія часцінкі пылу, што змяшчалі ў сабе радыеактыўныя элементы, выпалі ў выглядзе доўгай плямы на захад ад АЭС. Пыл актыўна затрымаўся ў ігліцы, таму дрэвы атрымалі смяротнае апрамяненне. На працягу 30 хвілінаў пасля выбуху яны афарбаваліся ў бура-чырвоны колер – адсюль і назва.

Траншэі, выкапаныя расейскімі вайскоўцамі, бачныя ў раёне з высокім узроўнем радыяцыі, які называецца Руды лес, каля Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, у Чарнобылі, Украіна, 7 красавіка 2022 года.
Фота: GLEB GARANICH / Reuters / Forum

Паведамленні, што расейскія вайскоўцы акопваюцца ў Рудым лесе, спачатку былі ўспрынятыя як фэйкавыя: гэта гучала занадта фантастычна – але відэа і здымкі з космасу пацвердзілі інфармацыю. Паведамлялі пра гэта і расейскія СМІ.

Гэта найбольш забруджаны ўчастак зоны. Але гэтае месца не нясе абавязковай смяротнай небяспекі. За час з 1986 года магутнасць экспазіцыйнай дозы тут знізілася на 2-3 парадкі. Для працы ў «Рыжыку», як яго называюць працаўнікі станцыі, патрэбны абаронны касцюм. Магутнасць экспазіцыйнай дозы дасягае тут 2-4 мілірэнтгенаў за гадзіну. Гэта шмат, але для спецыялістаў з абсталяваннем і абаронай дапушчальна. Украінскія і замежныя даследнікі актыўна працавалі ў Рудым лесе па шмат гадзінаў на дзень. Пасля такой працы прамянёвай хваробай ніхто з іх не захварэў – дозы апраменьвання тут не могуць прывесці да прамянёвай хваробы як у вострай, так і ў хранічнай форме.

Якія наступствы для здароўя атрымаюць расейскія вайскоўцы?

Тым не менш, ёсць сурʼёзныя падставы меркаваць, што расейцы ў зоне адчужэння паспелі атрымаць дозу радыяцыі, што цягам наступных гадоў можа каштаваць ім не проста здароўя, а нават жыцця.

«Не трэба абмяжоўвацца Рудым лесам. Гэта пэўны брэнд, пра які шмат гавораць. У 230 км ад Чарнобылю, у Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці, на гэты момант ёсць населеныя пункты, у якіх нельга жыць. Ёсць такое меркаванне, што непасрэдна пад сцяной ЧАЭС небяспечна, а адыдзеш на 30 км – і ўжо бяспечна. Дык вось – ёсць небяспечныя месцы і на 230 км», – кажа ў каментары «Белсату» фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі.

З ягоных словаў, першая небяспека для расейскіх вайскоўцаў – вонкавае апраменьванне. Яны былі ў зоне павышанай дозы гама-выпраменьвання – і шкода здароўю ад яго прапарцыйная часу, які яны там правялі.

«Забруджанне вельмі плямістае. У непасрэднай блізкасці ад ЧАЭС ёсць месцы больш чыстыя і больш брудныя. Узровень радыяцыі можа быць ад 1 да 10 мкЗв/г, пры норме 0,1–0,3.

Андрэй Ажароўскі, фізік-ядравік.
Фота: Белсат

Але галоўная небяспека не ў вонкавым апраменьванні, а ва ўнутраным. Мы бачылі, што ад перасоўвання вайсковай тэхнікі ўздымаецца пыл, праз які 24 лютага спрацавала сістэма аўтаматычнага кантролю радыяцыйнага стану – магутнасць дозы вырасла ў разы, а ў некаторых месцах – у дзясяткі разоў. Вайскоўцы непазбежна яго ўдыхалі. Наступствы для здароўя могуць быць зразумелыя праз некалькі гадоў», – адзначае Андрэй Ажароўскі.

Ён скептычна ставіцца да інфармацыі, што ў Гомель прывезлі салдатаў з сімптомамі прамянёвай хваробы. Калі б нехта правёў месяц у акопе на тэрыторыі Рудога лесу, ён дакладна паставіў бы сваё здароўе пад сурʼёзную небяспеку. Але атрыманая такім чынам доза ўсё роўна значна ніжэйшая за тую, што можа выклікаць прамянёвую хваробу. Дый яе сімптомы выяўляюцца не адразу.

«На маю думку, хутчэй за ўсё расейскіх вайскоўцаў, якіх прывезлі з Чарнобыльскай зоны ў Гомель, проста даследавалі. Ёсць такія адмысловыя прыборы ЛАЧ – лічыльнікі апраменьвання чалавека, якія дапамагаюць зразумець, ці ёсць унутры чалавека радыенукліды, ад якіх могуць быць найбольш цяжкія і доўгатэрміновыя наступствы», – кажа Андрэй Ажароўскі.

«Руды лес» у Чарнобылі, Украіна.
Фота: helperia.ru

Цяпер, калі ўкраінцы вярнулі кантроль над Чарнобыльскай зонай, яны змогуць прайсціся з дазіметрамі па расейскіх акопах і паглядзець, які там узровень радыяцыі. Таксама спецыялісты пачнуць вывучаць, якую шкоду маглі нанесці расейцы падчас свайго перабывання ў зоне.

«Украіна рыхтуе спіс у тым ліку і экалагічных злачынстваў расейцаў. Ёсць паведамленні, што расейскія вайскоўцы заходзілі ў лабараторыі, у тым ліку ў сховішча радыеактыўных матэрыялаў. Там ёсць вялікая колькасць сабраных узораў, што ўяўляюць сабой вельмі агрэсіўныя высокаактыўныя прэпараты. Магчыма, хтосьці мог забраць некаторыя ўзоры з сабой для сваіх мэтаў. Мы бачылі, што вайскоўцы займаліся марадзёрствам, вывозілі вялікую колькасць рэчаў, і ў такой логіцы нішто ім не замінала прыхапіць з сабой некалькі прабірак, якія пасля могуць зʼявіцца ў нечаканых месцах. Гэта вельмі небяспечна. Ніякіх афіцыйных заяваў ад РФ, ці былі здзейсненыя захады для мінімалізацыі разносу радыяцыі вайсковай тэхнікай, ці тлумачылі вайскоўцам, як сябе паводзіць, што там нічога нельга браць, – няма», – адзначае наш суразмоўца.

Як «працуе» радыяцыя ў зоне адчужэння

У дзесяцікіламетровай зоне вакол Чарнобыльскай АЭС аселі цяжкія часцінкі пылу, што змяшчаюць радыеактыўныя элементы, такія як плутоній, амерыцый і, у меншай ступені, ізатопы ўрану. Пры іх радыеактыўным распадзе ўтвараюцца так званыя альфа-часцінкі.

Іх асаблівасць у тым, што яны адносна вялікія, таму пры сутыкненні з любымі малекуламі: у глебе, нашым арганізме ці дзесьці яшчэ – хутка тармозяць. Нават у паветры яны здольныя праляцець толькі лічаныя сантыметры. На практыцы гэта азначае, што калі такія радыеактыўныя элементы ляжаць на зямлі, то нашкодзіць чалавеку яны практычна не могуць, бо проста не далятаюць да яго – абутак з тоўстай падэшвай надзейна абараняе ад іх.

Hавiны
Зяленскі: «Людзі прымуць мір у любым выпадку. Яны хочуць, каб гэтая вайна скончылася»
2022.04.10 20:33

Іншая асаблівасць альфа-часцінак – іх высокая шкоднасць у параўнанні з іншымі тыпамі радыяцыйных часцінак. Простымі словамі, гэта значыць, што калі ўжо такая часцінка патрапіць у арганізм, яна прычыніць шмат бяды.

Калі радыеактыўныя рэчывы трапляюць у арганізм, яны ўваходзяць у рэакцыю з яго тканкамі. Каб гэта адбылося, іх трэба зʼесці або ўдыхнуць. Што зрабіла цяжкая тэхніка расейцаў? Яна якраз падняла радыенукліды не толькі з паверхні зямлі, але і з глыбіні глебы, куды яны паспелі міграваць за апошнія дзесяцігоддзі. У вайскоўцаў, якія ўдыхалі гэты пыл, цяпер высокія шанцы захварэць на рак лёгкіх або атрымаць захворванні крыві ці рэпрадукцыйнай сістэмы.

Плутоній-239, амерыцый і ўран-239 выпраменьваюць альфа-часцінкі, ад якіх, у прынцыпе, можна абараніцца лістком паперы, а вось гама-часцінкі пры траплянні ў арганізм праз лёгкія прыводзяць да незваротных наступстваў. Неабходны рэспіратар, спецвопратка, кантроль абутку – нічога гэтага ў расейскіх салдатаў там не было.

Ці пагражае радыяцыя цяпер каму-небудзь, акрамя саміх вайскоўцаў?

Адказу на гэтае пытанне пакуль што няма. Адна з галоўных задачаў чарнобыльскай зоны адчужэння ў тым, каб абмежаваць распаўсюд радыенуклідаў за яе межы. Іншымі словамі, усё, што ў ёй апынулася, мусіць застацца там жа. Але на практыцы дабіцца гэтага немагчыма. Напрыклад, радыенукліды распаўсюджваюць натуральным чынам птушкі.

Цяжкая вайсковая тэхніка, якая сваім перасоўваннем падымала ў паветра радыеактыўны пыл, таксама магла паспрыяць распаўсюду. Нешта з пылу вецер перанёс на суседнія тэрыторыі, нешта ваенная тэхніка магла занесці ў раку і гэтак далей. Але дакладна гэта можна будзе высветліць толькі тады, калі да тэрыторыі атрымаюць свабодны доступ адмыслоўцы, якія змогуць спакойна і бяспечна там працаваць.

Застаецца пакуль пад пытаннем, ці расейскія вайскоўцы, накіраваныя для захопу ЧАЭС, ведалі, куды іх паслалі і з якой мэтай, ці мелі яны сродкі індывідуальнай абароны, ці ажыццяўлялі неабходны дазіметрычны кантроль. Вайскоўцы маглі панесці радыяцыю і на вопратцы, і на прадметах, з якімі яны зʼехалі з зоны. Абмундзіраванне і абутак варта было б выкінуць адразу пасля таго, як яны пакінулі зону. Няма ніякіх сведчанняў, што іхнае ўзбраенне, тэхніка, адзенне і транспартныя сродкі былі вывезеныя ў Беларусь з адпаведнай праверкай, дэзактывацыяй і г. д.

Аб’ектыў
Радыеактыўнае марадзёрства расейскіх вайскоўцаў
2022.04.10 22:53

СП belsat.eu

Стужка навінаў