Расейскія добраахвотнікі заявілі пра захоп паселішча ў Курскай вобласці


Расейскія добраахвотнікі, якія ваююць за Украіну, блізкія да таго, каб цалкам узяць пад кантроль мястэчка Цёткіна ў Курскай вобласці. Гэта вынікае з паведамлення  легіёна «Свабода Расеі». З іншых крыніцаў няма пацверджання звестак аб захопе паселішча.

Расейскія вайскоўцы ў паселішчы Цёткіна, Курская вобласць. 12 сакавіка 2024 года. Скрыншот: russvolcorps / Telegram

Як сцвярджаюць расейскія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Украіны, «пуцінскае войска імкліва пакідае паселішча, пакідае ззаду пазіцыі і кідае цяжкую тэхніку».

«Мястэчка Цёткіна Курскай вобласці цалкам пад кантролем расейскіх вызваленчых сілаў», – заяўляе легіён «Свабода Расеі» у сваім Telegram-канале.

Што праўда, пазней было апублікаванае абнаўленне: «Баі за Цёткіна яшчэ працягваюцца».

Сёння з’явіліся паведамленні пра пранікненне дыверсійных групаў з Украіны на тэрыторыю Курскай і Белгародскай вобласцяў Расеі. У атацы бяруць удзел таксама Сібірскі батальён і Расейскі добраахвотніцкі корпус.

Пры гэтым Мінабароны Расеі сцвярджае, што спробы прарыву мяжы сарваныя, «парушэнні мяжы не дапушчаныя», а «праціўнік панёс істотныя страты».

Паводле версіі ведамства, Белгародскую вобласць праціўнік атакаваў адначасова ў трох напрамках, а Курскую – каля Цёткіна. «Тэрарыстычныя фармаванні», у вызначэнні міністэрства, дзеялі пад прыкрыццём артылерыі, танкаў і бронетранспарцёраў.

ФСБ Расеі сцвярджае, што былі забітыя больш за 100 добраахвотнікаў, знішчаныя шэсць танкаў, французская артылерыйская ўстаноўка «Caesar», 20 баявых браніраваных машынаў і апорны пункт.

Абноўлена
Медыі паведамілі пра пранікненне дыверсантаў у Курскую і Белгародскую вобласці Расеі
2024.03.12 11:58

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў