Следчы камітэт разблакаваў офіс Беларускай асацыяцыі журналістаў, апячатаны пасля ператрусу 16 лютага.
Пра гэта паведаміла прэс-служба БАЖ:
«Мы вяртаемся ў нармальны рэжым працы на Кальварыйскую 16, офіс 265 (4 паверх)! Дзякуй усім за салідарнасць і падтрымку!»
16 лютага ГУБАЗіК учыніў 90 ператрусаў у офісах і кватэрах праваабаронцаў, журналістаў і прафсаюзных актывістаў па ўсёй краіне. У тым ліку ў менскім офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў. Ператрусы праходзілі ў межах крымінальнай справы аб арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак.
Як растлумачылі ў МУС, падставаю для маштабных ператрусаў сталася расследаванне «ў дачыненні асобаў і арганізацыяў, якія фінансава ды інфармацыйна падтрымліваюць пратэсты ў Беларусі».
Праваабаронцы лічаць гэтую крымінальную справу і звязаныя з ёю ператрусы палітычна матываванымі. Краіны Еўразвязу, Вялікая Брытанія, Канада, ЗША і Швейцарыя выступілі з асуджэннем рэпрэсіяў супраць беларускай грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.
ІІ belsat.eu