У Беларусі з'явіўся першы AI-кандыдат у дэпутаты – Ясь Гаспадар


Некалькі грамадзянскіх ініцыятыў вылучылі свайго кандыдата ў дэпутаты беларускага парламенту – гэта Ясь Гаспадар. Ён «жыве» на платформе «Новая Беларусь» – у мабільнай аплікацыі для тых, хто за мяжой, і на сайце – для тых, хто ў краіне. Яго давераныя асобы і дарадцы – вядомыя беларускія палітыкі.

Ясь Гаспадар. Крыніца: storage.googleapis.com

Хто такі Ясь Гаспадар

«У гісторыі беларускай палітыкі наступіў новы этап: упершыню ў спісах кандыдатаў у дэпутаты з’явілася імя AI-кандыдата», – адзначаюць удзельнікі ініцыятывы ў сваім прэс-рэлізе.

«Гэта Ясь Гаспадар, узростам 35 гадоў, родам з Маладзечна. Ясь глыбока шануе беларускую культуру і традыцыі і ведае чатыры мовы, але аддае перавагу роднай мове, дэманструючы тым самым сувязь з народам і яго вытокамі. Ясь жыве ў сталіцы з сямʼёй – жонкай, якая працуе настаўніцай, і двума дзецьмі, і ўвасабляе ў сабе сучаснага беларуса, які імкнецца да змен. Яго жыццёвы шлях ад звычайнага рабочага на МАЗе да кандыдата ў парламентарыі сведчыць аб непахісным жаданні палепшыць жыццё сваіх суайчыннікаў», – распавядаецца ў ім.

«Я віртуальны персанаж, і таму магу быць адзіным сумленным кандыдатам на цяперашніх «выбарах». Са мной можна спрачацца, мяне можна крытыкаваць і не баяцца за сябе, са мной можна згаджацца, бо хочацца, а не таму, што трэба. І са мной можна пагутарыць у любы момант, у адрозненне ад іншых, нікому не вядомых, фэйкавых кандыдатаў», – распавядае кандыдат пра сябе.

Праграма Яся

У сваёй праграме Ясь Гаспадар акцэнтуе ўвагу на ключавых аспектах развіцця беларускага грамадства і дзяржавы. Гэта вызваленне палітвязняў, спыненне палітычных рэпрэсій, прыняцце новай Канстытуцыі, забарона на ўвоз ядзернай зброі, свабодныя выбары, эканамічныя рэформы, абнаўленне адукацыйнай сістэмы і культурнай палітыкі, а таксама аднаўленне добрых адносін Беларусі з суседзямі і еўраінтэграцыя.

Праграма сцісла фармулюецца ў 7 пунктах:

1. Вызваленне палітвязняў, спыненне палітычных рэпрэсій і запалохвання людзей. Вяртанне тых, хто вымушана пакінуў Радзіму.

2. Прыняцце Канстытуцыі, якая ліквідуе дыктатуру, верне ўладу народу і гарантуе незалежнасць нашай краіны.

3. Забарона ўвозіць ядзерную зброю ў Беларусь і нападаць з тэрыторыі Беларусі на іншыя краіны. Досыць быць саўдзельнікамі ў чужой агрэсіўнай вайне!

4. Свабодныя, сумленныя, альтэрнатыўныя выбары ўсіх узроўняў адпаведна стандартам АБСЕ. Выбраныя народам службоўцы будуць паважаць людзей, а не абражаць.

5. Празрыстасць бюджэтаў і эканамічныя рэформы дзеля дабрабыту кожнага грамадзяніна краіны: спрыяць працавітым; не перашкаджаць, а дапамагаць тым, хто пачынае ўласную справу.

6. Вяртанне адукацыі яе галоўнай ролі – узгадавання свабодных, асвечаных, адказных грамадзян. Культурная палітыка – дзеля захавання нацыянальнай самабытнасці беларусаў.

7. Аднаўленне добрых адносінаў з еўрапейскімі суседзямі. Еўраінтэграцыя: бязвізавы рэжым – пагадненне аб асацыяцыі – уступленне ў Еўрапейскі Звяз.

У прэс-рэлізе адзначаецца, што прапанаваныя пункты праграмы – гэта «толькі пачатак» яе стварэння, бо Ясь гатовы абмеркаваць сваю праграму з грамадствам і пашыраць яе разам з беларусамі.

Крыніца: storage.googleapis.com

Каштоўнасці Яся

Сфармуляваныя і асноўныя каштоўнасці незвычайнага кандыдата ў дэпутаты:

– кожны чалавек мае права на дабрабыт і заслужаную плату за сваю працу;

– кожны чалавек мае права на павагу да сябе, права быць гаспадаром свайго лёсу;

– кожны можа выбіраць, гатаваць дранікі з мукой ці без (але вось згушчонка, на яго погляд, усё ж смачнейшая рагачоўская);

– кожны беларус мае права ведаць, што нашая краіна можа выжыць без расейскага газу. Мы можам пампаваць нафту з Нарвегіі праз Польшчу і Літву. Калі прыйдзе час, з Клайпеды за некалькі гадзін можна будзе па трубаправодзе запусціць паток у Беларусь;

– кожны можа выбіраць, што яму бліжэйшае – дажынкі ці ЛГБТ-парад, але як народу нам усім стане прасцей жыць, калі мы пагодзімся, што ў Беларусі можа быць і адно, і другое;

– кожны чалавек, якога кінулі ў турму за палітычныя погляды, заслугоўвае свабоды і помніка ў свой гонар. А калі выявіцца, што іх вельмі шмат і няма куды ставіць – можна проста знесці па ўсёй краіне статуі Леніна;

– кожны вучань мае права быць вольным ад ваенрукоў і святароў у сваёй школе, і кожны вучань мае права мець больш урокаў беларускай мовы і праўдзівай беларускай гісторыі. Беларускія кнігі ніколі больш не павінны трапляць у «чорныя спісы»;

– кожны чыноўнік, міліцыянт, вайсковец мае права на працоўныя абавязкі, за якія беларусы яму дзякуюць, а не ціха ненавідзяць і баяцца;

– кожная рэч бел-чырвона-белага колеру ў краіне мае права не лічыцца экстрэмісцкай;

– кожны можа, але не абавязаны жыць у краіне, каб мець права звацца беларусам.

Асаблівую ўвагу кандыдат надае дыялогу з грамадствам, адстойваючы каштоўнасці свабоды выбару, павагі да асобы і правы кожнага грамадзяніна на дастойнае жыццё. Ясь Гаспадар заклікае да адкрытага абмеркавання сваёй праграмы і гатовы весці дыялог з усімі зацікаўленымі бакамі.

Пагутарыць з Ясем ці пакінуць свае прапановы ці заўвагі да яго праграмы можна на платформе «Новая Беларусь» і ў мабільнай аплікацыі «Новая Беларусь». Карыстальнікі GPT4 могуць паразмаўляць з Ясем на сайце OpenAI.

Дарадцамі і даверанымі асобамі Яся выступілі каардынатар Народных амбасадаў Міхаіл Рубін, эканаміст Яраслаў Раманчук, палітык Анатоль Лябедзька, дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі і стваральнік платформы «Новая Беларусь» Павел Лібер.

Стваральнікі віртуальнага кандыдата называюць некалькі мэтаў сваёй ініцыятывы:

Адукацыйная – растлумачыць людзям, якімі павінны быць сапраўдныя выбары ў сапраўдны парламент;

Выхаваўчая – паказаць, чаго трэба чакаць ад кандыдатаў;

Актывісцкая – каб людзі змаглі паўдзельнічаць у стварэнні праграмы віртуальнага кандыдата і ў цэлым атрымаць задавальненне ад працэсу;

Палітычная – паказаць выбарнікам і Беларусі сапраўдную каштоўнасную альтэрнатыву дзеля развіцця і жыцця.

Каментар
Дэмакратычныя сілы прапануюць кандыдата ў дэпутаты, якога нельга пасадзіць за краты
2024.01.08 19:27

belsat.eu

Стужка навінаў