Дэмакратычныя сілы прапануюць кандыдата ў дэпутаты, якога нельга пасадзіць за краты


Дэмакратычныя сілы Беларусі плануюць прэзентаваць кандыдата ў дэпутаты, якога нельга затрымаць і пасадзіць за краты. Праўда, гэта будзе віртуальны кандыдат, але з сапраўднай праграмай, паведаміў дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька. Альтэрнатыву прызначаным удзельнікам выбараў завуць Ясь Гаспадар.

Референдум, Конституция Республики Беларусь, голосование, изменение Конституции
Запрашэнне на «рэферэндум», які адбыўся 27 лютага 2022 года. Менск, Беларусь. 19 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Пра планы прэзентаваць Яся Гаспадара дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» і дарадца Святланы Ціханоўскай у сферы парламенцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформы Анатоль Лябедзька паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Вільні. Там 8 студзеня кіраўнікі беларускіх партыяў падсумавалі працу сваіх арганізацыяў за мінулы год.

У каментары «Белсату» Лябедзька ўдакладніў, што віртуальны кандыдат будзе часткаю інфармацыйнай кампаніі перад выбарамі без выбару:

«Мы ведаем, што няма выбараў, усе кандыдаты – фэйкавыя, яны прызначаныя. Гэта азначае, што не будзе ніякай канкурэнцыі, ніякай барацьбы ідэяў і праграмаў. У гэтай сітуацыі з’явілася прапанова часткай інфармацыйнай кампаніі зрабіць Яся Гаспадара. Гэта віртуальны кандыдат у дэпутаты, якога не будзе ў бюлетэнях, але які мусіць быць, калі мы кажам пра выбары».

Віртуальны палітык будзе прасоўваць альтэрнатыўную пазітыўную павестку, прычым простымі словамі і прыкладамі.

Аналітыка
Без партыяў, замежных участкаў і з дэ-факта ваенным становішчам. Якімі будуць новыя выбары
2023.10.13 07:44

«Простымі словамі сказаць: вось рэалізуецца мая праграма, і вы ўвечары сядзеце ў цягнік, а з ранку будзеце піць каву на Хрэшчатыку або сядзеце на аўта і праз 2,5 гадзіны ў Вільні будзеце абмяркоўваць супольны бізнес-праект з партнёрам. Гэта мая праграма, мая альтэрнатыва, а што вам дае Лукашэнка?» – апавёў Лябедзька.

Цяпер Яся ствараюць IT-адмыслоўцы. Ён будзе распаўсюджваць сваю перадвыбарчую праграму і праект Канстытуцыі новай Беларусі:

«З ім змагацца цяжка, ён недасяжны, яго не пасадзіш за краты. Мы працуем зараз з айцішнікамі, каб у любой асобы была магчымасць выйсці на Яся і задаць яму любое пытанне: пра карупцыю, пра новыя працоўныя месцы, пра ахову здароўя, пра вонкавую палітыку, і Ясь будзе гатовы адразу даваць адказы. Ён будзе жывы кандыдат у адрозненне ад тых, каго зарэгіструе Лукашэнка».

Віртуальны кандыдат будзе выступаць супраць усіх рэальных прэтэндэнтаў, ухваленых цяперашнімі ўладамі. Лябедзька мяркуе, што беларусы, якія ўсё ж пойдуць на выбары, згадаюць Яся і прагаласуюць супраць усіх.

«Ясь – сапраўдны кандыдат, за якога не будзе сорамна ні аднаму выбарніку. Ён будзе супраць усіх кандыдатаў, якія будуць ісці ад Лукашэнкі. Можа, хто-небудзь, прыйшоўшы на ўчастак, прагаласуе супраць усіх і за Яся Гаспадара», – адзначыў Анатоль Лябедзька.

Hавiны
Ціханоўская заклікала беларусаў выказаць нязгоду з адзіным днём галасавання
2023.12.01 18:50

Прадстаўнік БСДП «Народная Грамада» Яўген Вільскі ў каментары «Белсату» назваў выбары, што плануюцца ў Беларусі, «нікчэмнай прафанацыяй»:

«Няма аніякіх выбараў у беларускім канцлагеры, пагатоў цяпер, калі ўсё знішчана і заасфальтавана. Гэта проста прафанацыя, проста метад легітымізацыі рэжыму. Ні ў якіх выбарах мы ўдзельнічаць не плануем і іншым не раім. Варта проста ігнараваць гэтую імпрэзу. Яна нікчэмная».

Выканаўца абавязкаў старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў запэўніў карэспандэнтку «Белсату», што арганізацыя мае план дзеянняў на час выбараў, але раскрываць падрабязнасці адмовіўся.

У адзіны дзень галасавання, прызначаны на 25 лютага, адбудуцца выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Летась у Беларусі зліквідавалі ўсе апазіцыйныя партыі, цяпер у краіне іх чатыры: Камуністычная партыя, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці і наваствораная «Белая Русь».

Сярод асобаў, якія сабраліся ў парламент, – кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін, колішні намеснік міністра ўнутраных справаў Аляксандр Барсукоў, супрацоўнік амбасады Беларусі ў Расеі, прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі, спікерка Генпракуратуры Анжэліка Курчак, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч. Іхныя ініцыятыўныя групы для вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты зарэгістравалі ў Менску.

Інтэрв’ю
На выбарах-2024 апазіцыя наўрад ці «пахісне рэжым». Але будзе альтэрнатыўная кампанія
2023.11.23 07:16

belsat.eu

Стужка навінаў