Што вядома пра маштабныя кадравыя перастаноўкі ў ЗСУ


Услед за адстаўкай галоўнакамандуючага ЗСУ Валерыя Залужнага свае пасады ў кіраўніцтве ўкраінскага войска страцілі больш за паўтара дзясяткі генералаў. Хто прыходзіць ім на змену і якая логіка пануе ў гэтых кадравых ператасоўках?

Уладзімір Зяленскі паціскае руку Валерыю Залужнаму падчас іх сустрэчы ў Кіеве, Украіна. 8 лютага 2024 года.
Фота: Handout / Ukrainian Presidential Press Service / AFP / East News

8 лютага прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адправіў у адстаўку галоўнакамандуючага ЗСУ Валерыя Залужнага і прызначыў на ягонае месца Аляксандра Сырскага, які раней узначальваў Сухапутныя войскі. Яшчэ да таго як пра рашэнне было афіцыйна абвешчана, украінскія медыі са спасылкай на крыніцы ва ўладзе папярэджвалі, што звальненнем Залужнага справа не абмяжуецца і Зяленскі потым прыбярэ ўсю каманду былога галоўкама.

Сапраўды ў наступныя дні маштабныя кадравыя перастаноўкі закранулі кіраўніцтва Генштабу, асобных радоў войскаў і камандзіраў некаторых армейскіх карпусоў. Выданне «Цензор. нет» падлічыла, што агулам цягам тыдня ў адстаўку былі адпраўлены 17 украінскіх генералаў.

Гэта не значыць, што ўсе яны будуць спісаныя ў запас – магчыма, частка з іх найбліжэйшым часам атрымае новыя пасады. Дарэчы, далейшы лёс самога Залужнага таксама невядомы: раней прэзідэнт публічна прапанаваў яму «застацца ў камандзе».

Аналітыка
Поспехі і няўдачы генерала Сырскага. Што вядома пра новага галоўнакамандуючага ЗСУ
2024.02.09 17:20

Некаторых звольненых генералаў медыі называюць паплечнікамі Залужнага, чальцамі ягонай каманды. Аднак гэта тычыцца не ўсіх. Напрыклад, звольненага камандзіра корпусу Марской пяхоты Андрэя Гнатава «Українська правда» адносіць да каманды Сырскага. Магчыма, гэта як раз выпадак часовага звальнення і неўзабаве ён атрымае больш высокую пасаду.

Акрамя таго, не ўсе перастаноўкі можна ўкласці ў логіку супрацьпастаўлення каманды Залужнага і каманды Сырскага. Да асобных звольненых генералаў было шмат пытанняў нават з боку крытыкаў кадравай палітыкі Зяленскага, якія адмоўна паставіліся да змены галоўкама ЗСУ. Напрыклад, галоўны рэдактар «Цензор. нет» і вайсковы эксперт Юры Бутусаў вітаў адстаўку камандуючага 10-га армейскага корпусу Васіля Зубаныча. Паводле Бутусова, гэты генерал няўдала сябе праявіў падчас абароны Харкава, баёў за Севераданецк, Лісічанск і Бахмут, а таксама падчас наступлення на Такмак. Але чамусьці працягваў займаць кіроўныя пасады.

«Я думаю, падначаленыя Зубаныча цяпер уздыхнуць з аблягчэннем», – рэзюмаваў Бутусаў.

Удзельнік абароны Кіева, герой-дэсантнік і камандзір унутраных войскаў падчас Майдану

Якія кадравыя перастаноўкі можна лічыць найбольш важным? У першую чаргу варта звярнуць увагу на пасаду камандуючага Сухапутнымі войскамі ЗСУ, якая з’яўляецца адной з ключавых ва ўмовах вайны.

Сухапутныя войскі ЗСУ замест Сырскага ўзначаліў Аляксандр Паўлюк. Яму 53 гады, ён нарадзінец Жытоміршчыны. Скончыў Харкаўскую танкавую вучэльню. Вайну на Данбасе сустрэў на пасадзе камандзіра 24-й механізаванай брыгады, ягоная падраздзяленне прымала актыўны ўдзел у баявых дзеяннях 2014 году. У 2021 годзе стаў камандуючым Аперацыі аб’яднаных сілаў – то бок фактычна кіраваў усімі ўкраінскімі сіламі ў зоне канфлікту на Данбасе.

Аляксандр Паўлюк (злева) глядзіць на памочніка падчас інтэрв’ю агенцтву AP у Кіеве, Украіна. 17 сакавіка 2022 года.
Фота: Vadim Ghirda / AP Photo / East News

У пачатку поўнамаштабнай вайны адказваў за абарону на ўсходзе, але ўжо ў сярэдзіне сакавіка 2022 году яго прызначылі кіраўніком Кіеўскай абласной вайсковай адміністрацыі. На гэтай пасадзе Паўлюк адказваў за арганізацыю абароны і забеспячэнне сталіцы. Потым стаў першым намеснікам міністра абароны Украіны.

Сырскі прызнаўся, што калі Зяленскі спытаў, каго ён бачыць новым камандуючым Сухапутных войскаў, іншых кандыдатур у яго нават не было – толькі Паўлюк.

Юрый Бутусаў сцвярджае, што ў войску Паўлюк паважаюць, ён карыстаецца вялікім аўтарытэтам. «Гэтае прызначэнне, я думаю, узмоцніць Сухапутныя войскі», – лічыць галоўны рэдактар «Цензор.нет».

Дэсантна-штурмавыя войскі ўзначаліў 48-гадовы Ігар Скібюк. Асоба непублічная – у адкрытых крыніцах няма нават звестак пра месца ягонага нараджэння. Ягоная 80-я галіцкая брыгада ДШВ прымала ўдзел у вайне на Данбасе ў 2014-2015 гг, у пачатку поўнамаштабнага ўварвання абараняла Херсоншчыну, а потым удзельнічала ў пераможным контрнаступленні на Харкаўшчыне. За Харкаўскі наступ (якім кіраваў як раз Сырскі) Скібюк атрымаў званне Героя Украіны. Ягоным папярэднікам на пасадзе кіраўніка Дэсантна-штурмавых войскаў быў Максім Міргародскі, які меў неадназначную рэпутацыю. Крыніцы «УП» сярод вайскоўцаў сцвярджаюць, што прызначэнне Скібюка замест Міргародскага было жаданым.

Новым кіраўніком сілаў Тэрытарыяльнай абароны стаў Ігар Плахута. Гэтае прызначэнне выклікала хвалю крытыкі ва Украіне. Медыі адразу звярнулі ўвагу на тое, што Плахута пры прэзідэнце Віктары Януковічы ўзначальваў адно з упраўленняў унутраных войскаў МУС і як мінімум двойчы быў заўважаны на Еўрамайдане. Разам з тым, сярод падазраваных у датычнасці да расстрэлу пратэстоўцаў яго не было.

Ігар Плахута (злева).
Фота: Вадим Філашкін / Facebook

«Некаторыя ўдзельнікі тых падзеяў адзначаюць, што Плахута быў адным з нямногіх камандзіраў, які ішоў на перамовы з пратэстоўцамі і спрабаваў вывесці сваіх падначаленых», – піша «УП». Нягледзячы на гэта, крыніцы выдання сярод дзейных франтавых афіцэраў называюць прызначэнне Плахуты «вяртаннем саўка».

Генштаб і намеснікі Сырскага

Таксама варта звярнуць увагу на прызначэнне новага кіраўніцтва Генеральнага штабу. Пры Залужным Генштаб узначальваў 51-гадовы Сяргей Шаптала, а пры Сырскім яго змяніў 54-гадовы Анатолій Баргілевіч.

Баргілевічу большую частку сваёй вайсковай кар’еры займаў пасады афіцэраў аператыўнага кіравання. «Аператары» складаюць планы, яны іх рэалізоўваюць, яны за гэта адпавядаюць. Гэта закрытыя людзі, якіх нідзе не паказваюць і не рэкламуюць. Самая вялікая ўзнагарода для «аператара» – калі пра яго не згадваюць, такое няпісанае правіла штабоў», – тлумачыў ён у інтэрв’ю, якое даў у 2021 годзе. Як раз у адпаведнасці з гэтай устаноўкай пра Баргалевіча і ягоныя прафесійныя якасці вядома не шмат. Яго называюць «правай рукой» Сырскага: пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Баргілевіч кіраваў штабам аператыўна-стратэгічнай групоўкі войскаў «Хортиця» – групоўкай тады камандаваў цяперашні галоўкам ЗСУ. У 2023-м ён узначаліў сілы Тэрытарыяльнай абароны.

Намеснікамі новага начальніка Генштабу сталі Міхаіл Драпатый, Уладзімір Гарбацюк і Аляксандр Шаўчэнка. Драпатый – аўтарытэтны генерал, поўны кавалер ордэну Багдана Хмельніцкага. Ён праславіўся як герой яшчэ на самым пачатку вайны на Данбасе, калі выводзіў украінскіх вайскоўцаў з «Ізварынскага катла». Мае рэпутацыю чалавека які вельмі беражліва ставіцца да сваіх салдат і любіць унікаць у дэталі. Пра Гарбацюка і Шаўчэнку вядома нашмат менш, іх «Українська правда» называе «цёмнымі конікамі».

Вадзім Сухарэўскі (пасярэдзіне) на сустрэчы з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. 10 лютага 2024 года.
Фота: president.gov.ua

Намеснікамі самога Сырскага сталі Андрэй Лебядзенка (будзе адказваць за інавацыі і тэхналогіі) і Вадзім Сухарэўскі (будзе адказваць за беспілотнікі). Пра Лебядзенку амаль нічога не вядома, а вось 39-гадовы Сухарэўскі – асоба аўтарытэтная. Гэта менавіта ён быў першым украінскім афіцэрам, які ў красавіку 2014 году даў загад адкрыць агонь па баевіках Ігара Стралкова-Гіркіна пад Славянскам. Падчас летняй кампаніі 2014 годзе атрымаў раненне. У 2022 годзе камандаваў 59-й асобнай мотапяхотнай брыгадай, удзельнічаў у контрнаступе на Херсоншчыне, яму было прысвоена званне Героя Украіны.

У цэлым «Українська правда» зазначае, што Сырскі пры падборы новай каманды робіць стаўку на сплаў досведу і маладосці. «Пакуль у прызначэннях аддаецца перавага старой школе «палявых» генералаў, якія, гэтак сама як і Сырскі, любяць ездзіць на фронт, ды сучасным баявым вайскоўцам, якія праявілі сябе падчас расейска-украінскай вайны», – піша выданне.

Генерал, якога беларусы павінны ведаць

Большасць звольненых генералаў былі асобамі непублічнымі і займалі яны такія ж непублічныя пасады, таму людзям па-за межамі Украіны іх імёны нічога не кажуць. Імаверна, акрамя Залужнага, беларускай аўдыторыі быў вядомы толькі адзін са звольненых генералаў – Сяргея Наеў. Ён узначальваў камандаванне Абʼяднаных сілаў ЗСУ і адказваў за абарону поўначы Украіны. Цягам апошняга году Наеў займаўся ўмацаваннем абарончых рубяжоў і пазіцыяў на мяжы з Беларуссю, неаднаразова выказваўся наконт імавернасці новага нападу з беларускай тэрыторыі. Дарэчы, ягоныя ацэнкі заўсёды гучалі вельмі цвяроза і аб’ектыўна – у перабольшванні пагрозы з боку Беларусі або яе ігнараванні Наева папракнуць нельга.

Сустрэча прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з новым вайсковым кіраўніцтвам. Кіевў, Украіна. 10 лютага 2024 года.
Фота: president.gov.ua

Чуткі пра звальненне Наева хадзілі з восені 2023 году. Паводле «Українська правда», генерала выклікалі на допыты ў межах крымінальнай справы «пра здачу Поўдня» і нібыта хацелі зрабіць яго галоўным фігурантам.

Даведка

Справа «пра здачу Поўдня» – гэта расследаванне прычынаў правалу ўкраінскай абароны на Херсоншчыне ў першыя дні поўнамаштабнага ўварвання, калі расейцы здолелі захапіць Херсон і амаль усю вобласць. Аднак ніякіх афіцыйных абвінавачванняў супраць Наева не высоўвалася і ўвогуле не зразумела, ці паўплывала неяк расследаванне на звальненне генерала.

Замест Наева кіраваць Аб’яднанымі сіламі ЗСУ будзе 53-гадовы генерал-лейтэнант Юрый Содаль, які раней камандаваў Марской пяхотай. Ён нарадзіўся ў горадзе Чугаева, што на Харкаўшчыне, у розныя часы служыў і ў артылерыі, і ў дэсантных войсках. Марскую пяхоту Содаль узначаліў у 2018 годзе. Падчас поўнамаштабнай вайны ягоныя байцы гераічна біліся за Марыупаль і на Дняпры. У 2022 годзе генерал атрымаў званне Героя Украіны. Медыі апісваюць Содаля як камандзіра, які імкнецца як мага часцей бываць на лініі сутыкнення і ўсё бачыць на ўласныя вочы.

Цікава, што сам Наеў заявіў, што даведаўся пра сваю адстаўку з медыяў. Прычым у допісу генерала і іншай публічнай інфармацыі нічога не гаворыцца пра тое, што будзе з ягонай паралельнай пасадай – камандуючага аператыўна-стратэгічнай групоўкі «Північ», што як раз і абараняе поўнач Украіны. Хутчэй за ўсё, гэтая пасада таксама дастанецца Содалю.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў