Два гады для палітвязня і берасцейскі «Барадач» у ІЧУ. Хроніка рэпрэсіяў за 12 лютага


50-гадовага палітзняволенага Аляксея Кірэева пасадзілі на два гады за ўдзел у некалькіх акцыях пратэсту. Мужчыну судзілі паводле «народнага» артыкулу. Пра гэта – у чарговай хроніцы рэпрэсіяў, якую вядзе «Белсат».

Палітвязень Аляксей Кірэеў.
Фота: spring96.org

Суддзя суда Савецкага раёну Менску Аляксандр Воўк агучыў вырак палітзняволенаму Аляксею Кірэеву: 2 гады калоніі. Мужчыну абвінавацілі паводле «народнага артыкулу» аб актыўным удзеле ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што Кірэеў у 2020 годзе ўдзельнічаў у некалькіх акцыях пратэсту, яго каля дзесяці разоў затрымлівалі ад пачатку выбарчай кампаніі, тройчы каралі арыштам на тэрмін ад 5 да 15 содняў.

Блогер Міхаіл Сідарэнка.
Фота: Міхаіл Сідарэнка / «ВКонтакте»

У Берасці ў ізалятар часовага ўтрымання пасадзілі звольненага з мясцовага аўтапарку кіроўцу Міхаіла Сідарэнку, вядомага як «Барадач». Ён страціў працу пасля таго, як пачаў распавядаць пра праблемы на прадпрыемстве. Мужчыну затрымалі ў пятніцу, калі ў раённым судзе пачаўся разгляд ягонага іску аб узнаўленні на працы ў аўтапарку. Сідарэнка мусіць вызваліцца ў панядзелак. Паводле якога артыкулу яго затрымалі на трое содняў, пакуль не вядома.

Палітвязень Яўген Рубашка.
Фота: АЧК-Беларусь / Telegram

Палітвязня Яўгена Рубашку, які адбывае пяцігадовы тэрмін у бабруйскай калоніі, на месяц перавялі ў памяшканне камернага тыпу. Перад гэтым яго тройчы змяшчалі ў штрафны ізалятар агулам на 24 дні паводле надуманых прычынаў, піша «АЧК-Беларусь». Рубашку судзілі летась разам з трыма іншымі анархістамі.

Віталь Мельнік.
Фота: Telegram / dissidentBY

Прызначаная дата апеляцыі на прысуд «рэйкаваму партызану» Віталю Мельніку: 3 сакавіка. Пра гэта палітвязень паведаміў у вестачцы на волю, даведалася «Вясна». Мельніка асудзілі на 13 гадоў калоніі. Пры затрыманні сілавікі прастрэлілі яму калені. Ён дагэтуль перасоўваецца на мыліцах.

Hавiны
Адвакатка папрасіла суддзю вынесці справядлівы прысуд «вясноўцам». Хроніка рэпрэсіяў 11 лютага
2023.02.11 23:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў