«Ашаламляльнае мастацтва». Пакістанскія фермеры паказалі цюнінг трактароў «Беларус»


Выданне NPR апублікавала артыкул пра ўпрыгожванне трактароў «Беларус» пакістанскіх фермераў. Яны замаўляюць апгрэйд тэхнікі ў адмыслоўцаў. «Уладальнік сказаў мне, што хоча, каб ягоны трактар быў самым прыгожым у горадзе», – распавёў адзін з такіх майстроў.

Беларускі трактар з ураджаем цукровага трыснягу ў Пакістане.
Фота: Diaa Hadid / NPR

Трактары МТЗ сталі неад’емнай часткай сельскай гаспадаркі Пакістану, дзе беларуская тэхніка дапамагла землеўладальнікам разбагацець. І перш чым трапіць на поле, шмат якім «Беларусам» «робяць унікальны пакістанскі макіяж», піша ў сваім рэпартажы выданне NPR. Трактары пераўтвараюць у ашаламляльнае мастацтва.

Трактар «Беларус» пасля цюнінгу ў Пакістане.
Фота: Diaa Hadid / NPR

Машыны ўпрыгожваюць ліхтарыкамі, рознакаляровымі стужкамі, малюнкамі, святлоадбівальнымі налепкамі і нават паўлінавымі пёрамі, усталёўваюць аўдыёсістэмы, навешваюць званочкі.

Адмысловец, які займаецца цюнінгам трактароў, распавёў, што фермеры «любяць мець прыгожыя рэчы і любяць пакрасавацца».

«Уладальнік сказаў мне, што хоча, каб ягоны трактар быў самым прыгожым у горадзе. Гэта мусіць быць непараўнальна», – прывёў майстар словы аднаго кліента.

Трактар «Беларус» з ураджаем цукровага трыснягу ў Пакістане.
Фота: Diaa Hadid / NPR

Фермеры хваляць тэхніку МТЗ, кажучы, што «Беларус» магутны, і ніводны трактар з ім не параўнуецца.

«Ён не завязвае ў гразі. Загружаеш яго колькі заўгодна, і можаш весці яго за мілі да цукровага заводу», – захапляюцца мясцовыя трактарысты.

У асноўным беларускія трактары выкарыстоўваюць у Пакістане ў вытворчасці цукровага трыснягу.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў