188-ы дзень пратэстаў. Вынікі УНС, новыя крымінальныя справы супраць Калеснікавай і Знака


188-ы дзень паслявыбарчых пратэстаў адзначыўся чарговымі затрыманнямі ўдзельнікаў акцыяў пратэсту супраць УНС. Валанцёры паведамляюць аб прынамсі 17 зняволеных пратэстоўцаў. Галоўныя вынікі дня ў аглядзе «Белсату».

Новыя справы супраць Знака, Калеснікавай і Рабковай

Марыі Калеснікавай выставілі новыя абвінавачанні. Гэтым разам ёй закідаюць змову з мэтаю захапіць дзяржаўную ўладу неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК) ды стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіравання ім (ч. 1 арт. 361-1 КК).

Марыя Калеснікава
Удзельніца прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава па дарозе на допыт у Следчы камітэт. 27 жніўня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Летась 7 верасня Калеснікаву затрымалі сілавікі і паспрабавалі вывезці з Беларусі. На беларуска-ўкраінскай мяжы сябра Каардынацыйнай рады парвала свой пашпарт, таму яе вярнулі ў Менск.

У дачыненні сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады і адваката Максіма Знака пачалі адразу дзве новыя крымінальныя справы. Пра гэта 12 лютага паведаміў у Facebook ягоны абаронца Дзмітрый Лаеўскі.

«Майму калегу – адвакату Максіму Знаку – 10 лютага выстаўленае абвінавачванне ў змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК) ды яшчэ ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання ды кіраўніцтве ім (ч. 1 арт. 361-1 КК). Гэта ў дадатак да таго абвінавачвання, якое было з верасня, то бок у публічных закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч. 3 арт. 361 КК)», – паведаміў адвакат.

Юрыст Максім Знак. Скрыншот са стрыму

Праваабаронцы Марыі Рабковай выставілі новае абвінавачанне, бо для старога – у фінансаванні закалотаў – хутка сыходзіў тэрмін следства. Следчы камітэт за 5 месяцаў так і не здолеў патлумачыць сутнасці прэтэнзіяў да Марыі паводле ч. 3 арт. 293 КК. Цяпер жа, пасля сюжэту на дзяржаўным тэлебачанні, 11 лютага ёй інкрымінавалі ч. 3 арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варажнечы») і ч. 2 арт. 285 («Удзел у злачыннай арганізацыі») КК. Праваабаронцы пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Hавiны
Праваабаронцы Марыі Рабковай таксама выставілі новае абвінавачванне
2021.02.12 10:54

Марыя лічыць гэта жаданнем ачарніць яе і ПЦ «Вясна», а таксама звязвае з неабходнасцю праз сканчэнне тэрміну следства паводле папярэдняга абвінавачання знайсці нагоду пакінуць яе за кратамі.

Чарговыя затрыманні

Буйнога прадпрымальніка Генадзя Кірэйкава затрымалі на мінулым тыдні. Што менавіта сталася прычынаю, невядома. Знаёмыя Кірэйкава кажуць, што фармальна «нешта налічылі», неафіцыйна гучыць інфармацыя пра палітычную прычыну арышту, ускосна гэта пацвердзіў Аляксандр Лукашэнка. На ​​УНС ён заявіў, што загадаў сілавікам заняцца адною з гандлёвых кампаніяў, больш яна працаваць не будзе. Журналісты мяркуюць, што вядзецца пра сетку крамаў «Green», якою валодае Генадзь Кірэйкаў.

Штраф журналістцы

Журналістку TUT.by Надзею Калініну судзілі адразу паводле арт. 23.34 («Удзел у несанкцыянаванай акцыі») і 23.4 («Непадпарадкаванне міліцыянту») КаАП. Суддзя Таццяна Шоцік прызначыла ёй штраф 80 базавых велічыняў (1450 рублёў) паводле арт. 23.34 і 30 базавых (870 рублёў) паводле арт. 23.4 КаАП, агулам памер штрафу склаў 2320 рублёў.

Надзея Калініна
Журналістка Tut.by Надзея Калініна пасля выхаду з ізалятару на Акрэсціна.
Фота: ІА / Белсат

Чысткі ў КДБ

Ініцыятыва беларускіх сілавікоў «ByPol» паведаміла пра пачатак чыстак у Камітэце дзяржаўнай бяспекі Беларусі. Пачаліся захады супраць працаўнікоў, якія ўлетку падчас збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на прэзідэнцтва паставілі подпіс не за Аляксандра Лукашэнку.

«Раней ужо ўздымалі пытанне пра звальненне тых, хто падпісаўся за альтэрнатыўных кандыдатаў, аднак тады праз цэйтнот і кадравы дэфіцыт на фоне пастаянных пратэстаў да крайніх захадаў не дайшло», – паведамілі ў ініцыятыве.

Hавiны
«ByPol» паведамляе пра пачатак чыстак у КДБ Беларусі
2021.02.12 10:27

Чысткі закранулі і пенсіянераў, западозраных у нелаяльнасці да рэжыму Лукашэнкі.

За подпісам кіраўніка КДБ Івана Церцеля выйшаў спіс пенсіянераў, якіх неабходна зняць з вайсковага ўліку ў КДБ і паставіць на ўлік на агульных падставах у раённыя ваенкаматы паводле месца рэгістрацыі. Акрамя таго, такіх пенсіянераў здымаюць з уліку ў паліклініцы КДБ, анулююць пропускі ў медычную ўстанову, адпраўляючы на абслугоўванне ў паліклініку паводле месца жыхарства.

У Беларусі могуць забраць чарговыя спаборніцтвы

Міжнародны звяз біятланістаў (IBU) надаў этапу Кубка свету ў Беларусі, які мае адбыцца ў 2022 годзе, статус «непацверджаны». Этап Кубка свету па біятлоне ў спартовым комплексе «Раўбічы» меў адбыцца ў пачатку сакавіка 2022 года. Канчатковае рашэнне прымуць не пазней за верасень.

«Выканаўчы камітэт IBU прыме рашэнне пацверджання або не падзеі не пазней за верасень 2021 года. Зыходзячы з сітуацыі ў Беларусі і перспектываў на гэты момант», – паведамілі ў Міжнародным звязе біятланістаў.

Выканкам пагадзіўся вылучыць федэрацыям дадатковае фінансаванне – € 2 млн.

Фота: biathlonworld.com

Вынікі УНС

11–12 лютага ўлады зладзілі ў Менску Усебеларускі народны сход. Сёлета ён адбываецца на фоне глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу, адсюль і такая ўвага да афіцыйнага мерапрыемства, распавялі «Белсату» палітолагі.

«Традыцыйнае мерапрыемства. Адзінае, што яго адрознівае ад мноства іншых, што яно адбываецца не перад выбарамі ці значнымі палітычнымі падзеямі. Зроблена яно для ўмацавання ўлады. Прычым не толькі ў вачах прыхільнікаў, але і ў вачах астатняй часткі насельніцтва. Спроба пераканаць іх, што ўсё пад кантролем, што нічога не зменіцца, што ўсё будзе развівацца такім чынам, як палічыць адна асоба. У цэлым гэта станаўленне такога «цэзарызму», я б так сказала», – адзначае Вольга Абрамава, былая дэпутатка Вярхоўнага Савету ХІІІ склікання і Палаты прадстаўнікоў.

Пры гэтым Вольга Абрамава падкрэслівае: насамрэч спроба дэманстрацыі, што ўсё пад кантролем з боку Лукашэнкі, няўдалая.

«Пры той палярызацыі грамадства, якая назіраецца, цяпер ужо ўва ўсіх тых, хто быў недатычны да палітычнага працэсу ў мінулым, ужо сфармавалася свая сістэма палітычных поглядаў. Дастаткова зразумела для кожнага, за каго ён у гэты момант, нават калі ён не прымае ўдзелу ў палітычных акцыях. Палярызацыя звычайна ў гэтым і складаецца. Грамадства дзеліцца на дакладныя сегменты з сістэмаю перакананняў, якія становяцца трывалымі. Гэта не тое, што можна падвяргаць сумневам», – дадае Вольга Абрамава.

Hавiны
Валерыя Касцюгова: Ніякага рэферэндуму ў прынцыпе быць не можа
2021.02.12 19:24

СК belsat.eu

Стужка навінаў