Дзмітрыеў на Акрэсціна і справа супраць былога супрацоўніка ГУБАЗіК. Рэпрэсіі за 12 студзеня


«Белсат» працягвае адсочваць факты рэпрэсіяў беларусаў рэжымам Лукашэнкі і расказваць пра звязаныя з гэтым зʼявы і падзеі. Вось пра што стала вядома 12 студзеня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Байцы АМАП падчас акцыі пратэсту. Менск, Беларусь. 26 кастрычніка 2020 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Экс-кандыдат на прэзідэнта Андрэй Дзмітрыеў, якога затрымалі 11 студзеня, цяпер знаходзіцца на Акрэсціна. Падрабязнасці затрымання пакуль невядомыя.

Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да Валерыя Цапкалы. Яму інкрымінаваны восем артыкулаў Крымінальнага кодэксу, а пры накіраванні справы ў суд быў заяўлены пазоў аб пакрыцці маёмаснай шкоды на суму больш за 6 тысяч рублёў – у інтарэсах дзяржаўнай установы «Адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій».

Следчы камітэт пачаў «спецыяльнае вядзенне» супраць былога супрацоўніка ГУБАЗіКа і прадстаўніка BYPOL Станіслава Лупаносава, яго будуць судзіць завочна. З Беларусі ён з’ехаў у снежні 2020 года. Яго вінавацяць па трох артыкулах КК: арт.352 («Несанкцыянаванае капіраванне інфармацыі, якая захоўваецца ў камп’ютарнай сістэме, сетцы і на машынных носьбітах, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды»); ч.1 арт.356 («Здрада дзяржаве»); ч.3 арт.426 («Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, учыненае з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці, што прывяло да цяжкіх наступстваў»).

Сілавікі затрымалі прадпрымальніка, які нібыта «пералічваў грашовыя сродкі фонду BYSOL». Паводле сілавікоў, супраць затрыманага распачалі крымінальную справу аб фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці (артыкул 361-2 КК). З ім запісалі «пакаяннае» відэа.

Беларускім вязням у калоніях з пачаткам вайны ва Украіне па загадзе зверху паказваюць праграмы расейскіх прапагандыстаў і фільмы пра фашыстаў, распавёў экс-палітвязень Віталь Жук.

«Ад пачатку вайны, мабыць, згодна з распараджэннем ДВП, нас пачалі вадзіць на прагляды тэлеперадач. Гэта было абавязковымі мерапрыемствамі. Нас вадзілі на прагляды праграм расейскіх прапагандыстаў: Салаўёва, Скабеевай і Азаронка. Таксама нас пачалі вадзіць у клуб на прагляды дакументальнай хронікі пра Трэці рэйх, фашыстаў і на падобную тэматыку.

У такія моманты цяжка раздзяліць: гэта «жасціць» адміністрацыя ці ў яе лаяльнае стаўленне. Трэба разумець, што адміністрацыя калоніі – частка дзейснай улады. І калі ты дагэтуль застаўся ў гэтай сістэме, працягваеш працаваць і прымаеш усе гэтыя ўмовы, зранку апранаеш форму і выконваеш незаконныя загады, то тут няма апраўданняў і быць не можа», – распавядае былы палітвязень.

ГУБАЗіК затрымаў праграміста нібыта за перадачу дадзеных у «Чорную кнігу Беларусі» пра супрацоўніка АМАПу. Таксама мужчына пакідаў каментары ў пратэсных чатах пра дзеянні беларускіх уладаў і аб расейскіх ваенных на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта ён распавядае на «пакаянным» відэа.

60-гадоваму вязню Аляксею Ільінчыку ў СІЗА-3 не перадаюць лекі і не даюць дазвол на іх атрыманне. Адміністрацыя СІЗА тлумачыць гэта тым, што, нібыта, усе неабходныя прэпараты для яго лячэння ёсць і дапамога аказваецца. Яго затрымалі ў жніўні 2022 і змясцілі ў СІЗА-3, дзе ён утрымліваецца дагэтуль. Прычына затрымання невядомая. Аляксей цяпер утрымліваецца ў санчастцы.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў