Генадзь Грушавы: Грамадства надламанае турэмнымі парадкамі


{movie}Генадзь Грушавы: Грамадства надламанае турэмнымі парадкамі|left|8187{/movie}Турмы Беларусі дыктуюць маральны кодэкс дзяржавы. Такое меркаванне выказаў грамадскі дзеяч і палітык Генадзь Грушавы 21 снежня на прэс-канферэнцыі ў Менску, прысвечанай стварэнню арганізацыі абароны правоў зняволеных «Platform Innovation».

«Сёння ў зняволенні застаецца значна больш ахвяраў рэжыму, як тых, каго прынята лічыць палітзняволенымі. Грамадства фактычна надламанае турэмнымі парадкамі, што пануюць усюды ў нас у краіне. Такія арганізацыі, як «Platform Innovation», трэба не толькі грамадству, але і дзяржаве. Таму я ўвайшоў у раду гэтай арганізацыі і, паверце, не збіраюся тут выступаць у ролі вясельнага генерала», – заявіў Грушавы.

Грамадскі дзеяч запэўніў, што «добра ведае сітуацыю ў турмах, … пачынаючы адміністратыўнымі і сканчаючы дзіцячымі калоніямі, жаночымі калоніямі, найперш з гуманітарнага гледзішча».

«Нашыя турмы дыктуюць маральны кодэкс дзяржавы. Усё пераносіцца з турмаў у рэальнае жыццё. І людзі ўжо імкнуцца, як у турмах, не да свабоды, а да змякчэння рэжыму. Усе баяцца трапіць у штрафны ізалятар нават тут, – паставіў дыягназ Генадзь Грушавы. – Выйшаў на вуліцу, паманіфеставаў – ШІЗА, паспрабаваў выступіць – пасадзілі на 15 содняў. Гэта што такое? Гэта і ёсць турэмныя парадкі, якія фактычна дамінуюць у нашым соцыуме».

«Гэтая праблема ўжо пераспела; гэта вынік ГУЛАГу, ад якога ніяк не можа вызваліцца нашая дзяржава. Я баюся, што калі палітзняволеныя выйдуць, то мы зноў забудзем, што ў нас – краіна-турма. Таму трэба займацца гэтаю праблемаю ўвесь час», – дадаў палітык.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў