110-ы дзень пратэсту. Візіт Лаўрова і рэзалюцыя Еўрапарламенту


26 лістапада ў Беларусі было 110-м днём няспыннага паслявыбарнага пратэсту. А заўтра – 100 гадоў Слуцкаму збройнаму чыну.

Візіт Лаўрова

26 лістапада ў Беларусь з афіцыйным візітам прыляцеў міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў. Тут ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і кіраўніком МЗС Уладзімірам Макеем. Падчас сустрэчаў кіраўнік расейскага МЗС нагадаў пра дамовы ў Сочы 14 верасня і заклікаў Менск да канстытуцыйнай рэформы для «пераўтварэння палітычнай, эканамічнай, прававой сістэмы, як гэта было абвешчана».

Лукашэнка і Лаўроў.
Фота: president.gov.by

Пры гэтым Лаўроў усё ж падтрымаў беларускі рэжым, заявіўшы пра грубае ўмяшання заходніх краін у сітуацыю ў Беларусі, і паабяцаў падтрыманне на міжнароднай арэне.

Апроч кіраўніка расейскага МЗС, Лукашэнка таксама сустрэўся з еўрапейскім палітыкам – кіраўнікам венгерскай кампартыі, якая на апошніх выбарах атрымала 0,27% галасоў. Усё гэта ўжо спарадзіла жарты і асацыяцыі з інтэрнэт-рэйтынгам самога кіраўніка Беларусі.

Рэзалюцыя Еўрапарламента

Сёння ж дэпутаты Еўрапарламенту прынялі рэзалюцыю, звязаную з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, а таксама з забойствам Рамана Бандарэнкі. Дакумент:

  • Патрабуе расследавання смерцяў забітых пратэстоўцаў і міжнароднага расследавання злачынстваў рэжыму Лукашэнкі.
  • Падтрымлівае працу над трэцім пакетам санкцыяў супраць кампаніяў, звязаных з Лукашэнкам.
  • Заклікае да поўнага замарожвання фінансавых пераводаў з ЕЗ уладам Беларусі.
  • Падтрымлівае патрабаванні правесці новыя і свабодныя выбары пад кіраўніцтвам АБСЕ.
Адкрыццё выставы «Беларусь абуджаная», дзе прадстаўлены працы аўтараў, якія супрацуюць з «Белсатам». Варшава, Польшча. 26 лістапада 2020 году.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат
  • Асуджае дзеянні парламента Беларусі па пазбаўленні беларусаў грамадзянства.
  • Заклікае прыняць так званы Еўрапейскі закон Магніцкага, які дазволіў бы пераследаваць тых, хто мае дачыненне да карупцыі і парушэнняў правоў чалавека.
  • Заклікае краіны Еўразвязу спрасціць выдачу візаў беларусам, вымушаных пакінуць краіну з-за рэпрэсіяў.

  • Заклікае прадпрыемствы, якія працуюць у Беларусі, выконваць свае абавязкі па выкананні правоў чалавека.

Пратэсты ў Беларусі

У самой краіне працягвалі адбывацца акцыі пратэсту. Праўда, правесці шэсце людзей з інваліднасці на гэты раз не далі. Людзі, якія прыйшлі на акцыю, былі затрыманыя. Пры гэтым машынаў сілавікоў было нашмат больш за саміх пратэстоўцаў.

Але ж праходзілі іншыя акцыі. Гэтак, людзі працягвалі падтрымліваць затрыманага лекара Арцёма Сарокіна, які паведаміў, што забіты Раман Бандарэнка быў цвярозым. Акцыі праходзілі ў лякарнях, на прадпрыемствах і ў дварах.

Таксама людзі станавіліся ў традыцыйныя ланцугі салідарнасці ды выходзілі на вечаровыя шэсці.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў