11-гадовая дзяўчынка спрабавала атруціцца транквілізатарам. Магчыма, праз каханне да хлопчыка


Школьніца паступіла ў Вілейскі раённы шпіталь 22 студзеня. Паводле папярэдняй інфармацыі, яна прыняла 9 або 10 таблетак дыязепаму.

Цяпер, паводле начальніцы інспекцыі ў справах непаўналетніх Вілейскага РАУС Ганны Царык, з дзяўчынкаю ўсё у парадку. Яе перавялі з рэанімацыі, але пакуль яна застанецца ў шпіталі.

«Справай займаецца Следчы камітэт. Гэта ўсё, што можам сказаць. Іншых каментароў не будзе», – адказала на запыт belsat.eu намесніца начальніка РАУС па ідэалагічнай працы і кадравым забеспячэнні Кацярына Млечка.

Раней Ганна Царык распавяла журналістам выдання mlyn.by, што дзяўчынка гадуецца ў сямʼі з сацыяльна небяспечным статусам.

«У яе ёсць маці, бацька, якім 36 гадоў кожнаму, 16-гадовая сястра і 18-гадовы брат. Школьніца вучыцца ў другую змену і 22 студзеня каля 12:00 была дома сама. Выяўлена, што дзяўчынка свядома прыняла 9 або 10 таблетак дыязепаму. Гэты рэцэптурны прэпарат прызначае доктар пры лячэнні алкагольнай залежнасці».

Дзіцё само патэлефанавала маці на працу. Жанчына паведаміла мужу, і той прыбег дадому і выклікаў хуткую.

Паводле бацькі пацярпелай дзяўчынкі, яна прыняла лекі, каб не ісці ў школу. Аднак Ганна Царык кажа, што разглядаецца яшчэ адна версія – каханне да хлопчыка.

Цяпер Вілейскі раённы аддзел Следчага камітэту вядзе правяранне.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў