Істотныя прасоўванні расейцаў на ўсходзе. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 656-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 11 снежня чытайце ў нашым аглядзе.

Вайна ва Украіне
Танк на фронце ва Украіне.
Фота: GeneralStaffZSU / Telegram

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці працягваюцца баі ў ваколіцах гораду Купянск.

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё чатырох атак праціўніка каля населеных пунктаў Сынькоўка і Петрапаўлаўка.

У сваю чаргу ў Міністэрстве абароны РФ заявілі, што на гэтых жа ўчастках фронту няўдала атакавалі і ўкраінскія вайскоўцы.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Харьковское направление» сцвярджае, што 57-я брыгада ЗСУ пакідае Сынькоўку праз вялікія страты ў жывой сіле.

Але гэтую інфармацыю зняпраўджвае іншая крыніца – «Купянск НАШ», паводле якой, расейцы прасунуліся каля лесапасадкі ў ваколіцах сяла, але ЗСУ працягваюць абараняць самую Сынькоўку.

Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што УС РФ мелі поспех каля сяла Першатраўневае (на ўсходзе ад Купянску).

Тэлеграм-канал «Два майора» адзначае, што агулам інтэнсіўнасць баёў на кірунку знізілася, што ў першую чаргу звязана з пагаршэннем умоваў надвор’я.

Hавiны
Украіна працягвае ўзмацняць абарону на мяжы з Беларуссю
2023.12.10 13:50

Украінскі бок піша, што на суседнім ліманскім кірунку войскі РФ правялі пяць атак каля Цернаў і Вясёлага ў Данецкай вобласці, а таксама каля Макееўкі ў Луганскай, але прасунуцца па фронце не здолелі.

У Мінабароны РФ гавораць, што самыя ЗСУ няўдала атакавалі каля Цернаў і Дзібровы ў Данецкай і Луганскай вобласцях адпаведна.

Між тым прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» паведамляе, што ўкраінцы ўсё ж замацаваліся на адной з пазіцыяў на ўсходзе ад Цернаў.

У сваю чаргу расейцы занялі некалькі апорных пунктаў праціўніка на поўні Серабранскага лясніцтва недалёка ад ракі Северскі Данец.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку таксама фіксуецца высокая актыўнасць абодвух праціўнікаў.

Украінскі Генштаб піша, што сілы абароны краіны адбілі 15 атак каля Грыгораўкі, Багданаўкі, Іванаўскага, Клішчыеўкі і Андрэеўкі.

Расейскі бок фіксуе шматлікія няўдалыя атакі праціўніка каля Хромава, Клішчыеўкі і Курдзюмаўкі.

Між тым у Deepstate гавораць, што УС РФ паступова прасоўваюцца на захадзе ад Бахмуту адразу на некалькіх участках фронту.

У прыватнасці, расейцы прасунуліся на ўсход ад Багданаўкі, занялі вышыню 188,6 метра каля Хромава, таксама яны маюць поспех паміж Бахмутам і Іванаўскім. Тут пад іхны кантроль перайшла вышыня 144 метра.

Аналітыкі мяркуюць, што галоўны ўдар войскаў РФ будзе скіраваны па дарозе з Бахмуту ў Часаў Яр. Апошні горад мае стратэгічнае значэнне для абароны Краматорскай агламерацыі.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

У ваколіцах Данецку ініцыятыва захоўваецца за Узброенымі сіламі РФ, тут жа фіксуецца найбольшая наступальная актыўнасць расейцаў.

На поўначы ад абласнога цэнтру, паводле ўкраінскага камандавання, войскі РФ прынамсі 49 разоў атакавалі каля населеных пунктаў Новабахмутаўка, Стэпавое, Аўдзееўка, Севернае, Танэнькае і Первамайскае, але поспеху не дасягнулі.

Між тым расейскі ваенкор Сямён Пегаў сцвярджае, што УС РФ маюць тактычны поспех за чыгуначнай лініяй каля Стэпавога.

Тэлеграм-канал «Два майора» піша, што таксама яны занялі перадавую пазіцыю ЗСУ каля прамысловай зоны ў Аўдзееўцы.

На захадзе ад Данецку ўкраінскае камандаванне фіксуе 18 безвыніковых атак праціўніка ў Мар’інцы і каля Новаміхайлаўкі.

Разам з тым у Deepstate адзначаюць прасоўванні расейцаў на паўночным захадзе Мар’інкі і каля Новабахмутаўкі. Аналітыкі дадаюць, што на другім участку войскі РФ ужо заходзяць на ўсходнія ўскрайкі сяла.

«Рыбарь» піша, што цяпер пад кантролем ЗСУ застаецца каля 3% тэрыторыі Мар’інкі.

Каментар
«У расейцаў – кадравы голад, на штурмы ідуць кантрактнікі». Пра сітуацыю на фронце – украінскі вайсковец
2023.12.09 20:01

Бярдзянскі і мелітопальскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай вобласці)

На поўдні Данецкай вобласці расейцы правялі шматлікія атакі на паўднёвым усходзе ад гораду Вуглядар, але поспеху не дасягнулі.

На мелітопальскім кірунку ў Запарожскай вобласці яны тройчы атакавалі каля сяла Работына – таксама безвынікова.

Паводле Мінабароны РФ, украінцы на гэтым участку фронту наступалі каля Вэрбовага. Зменаў па лініі фронту не зафіксавана.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Аналітыка
«Па трупах ходзяць». Расейская армія хоча зрабіць падарунак Пуціну, але пакуль усё марна
2023.12.06 19:02

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў