«Niech żyje Polska! Жыве Беларусь!» Ціханоўская павіншавала Польшчу з Днём незалежнасці


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская павіншавала прэзідэнта і народ Польшчы са Святам незалежнасці, якое адзначаецца 11 лістапада.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: КК / Белсат

«Паважаны прэзідэнт Дуда, шаноўная палякі, дарагія сябры, віншую Вас з Днём незалежнасці. Праз вякі нашыя народы змагаліся разам за свабоду, за незалежнасць і еўрапейскую будучыню. І для беларусаў Польшча з’яўляецца прыкладам дэмакратычнай дзяржавы, да якога мы хочам імкнуцца», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Паводле яе, беларусы будуць заўжды ўдзячнымі польскаму народу за салідарнасць і падтрыманне, аказаную «беларусам у нашай барацьбе за свабоду».

«Я ўдзячная Польшчы за прынцыповасць і паслядоўнасць, чаго так часам не хапае многім іншым дзяржавам. І сёння, калі незаконны прарасейскі рэжым у Менску працягвае гібрыдную атаку на Польшчу пры дапамозе мігрантаў, шантажу ядравай зброяй, рэпрэсуе польскую меншасць, утрымлівае тысячы закладнікаў у турмах, у тым ліку нашага з вамі супольнага героя Анджэя Пачобута, нам трэба не спыняць ціску», – адзначыла дэмакратычная лідарка.

На яе думку, з дапамогай Польшчы атрымаецца зрабіць Беларусь свабоднай, незалежнай і дэмакратычнай дзяржавай, якая «будзе прадказальным суседам і сябрам».

«Мы адновім усё тое, што было разбуранае рэжымам, і будзем разам святкаваць такія святы, як сённяшняе. Niech żyje Polska! Жыве Беларусь!» – заключыла яна.

Лукашэнку працягнуў Польшчы «дружалюбную руку супрацы»

Сваё віншаванне народу Польшчы, праўда, без прэзідэнта, скіраваў і самаабвешчаны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Адзначыўшы шматвяковую агульную хрысціянскую і культурную спадчыну, шырокія і дружалюбныя кантакты паміж жыхарамі дзвюх краін, ён заявіў пра важнасць будаваць будучыню «толькі пры ўважлівым стаўленні да гістарычных падзей і ўмацаванні сувязяў на прынцыпах партнёрства і даверу».

Лукашэнка вітаў вынікі мінулых парламенцкіх выбараў у Польшчы, убачыўшы ў іх «жаданне спыніць бессэнсоўны пошук унутраных супярэчнасцяў і вонкавых пагроз» ды працягнуўшы ў адказ «дружалюбную руку супрацы».

«Толькі разам крок за крокам мы зможам унесці свой уклад у пераадоленне канфрантацыі ў нашым рэгіёне. Беларускі бок да гэтага гатовы», – падкрэсліў Лукашэнка.

Ён таксама пажадаў усім жыхарам Польшчы бясхмарнага неба і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў