Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 11 лістапада


«Белсат» распавядае пра рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, што чыняцца супраць беларускага народу, за 11 лістапада.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што ў Менскім гарадскім судзе 11 лістапада вынеслі жорсткі прысуд 27-гадоваму Вадзіму Васільеву з Віцебску – 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў). Хлопца асудзілі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса нібыта за адміністраванне тэлеграм-каналаў «Віцебск 97%» і «Орша 97%». Падрабязнасці справы невядомыя, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме амаль месяц. Прысуд вынесла суддзя Таццяна Фалькоўская.

Палітзняволенай сацыяльнай актывістцы Анастасіі Кухце прысудзілі пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Суддзя Менскага гарадскога суда Валянціна Зянькевіч прызнала дзяўчыну вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»); ч. 3 арт. 361 («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»); ч. 1 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»).

Краязнавец, экскурсавод і журналіст Ігар Хмара.
Фота: Ігар Хмара / Facebook

Краязнаўцу Ігара Хмару за ўдзел у пратэстах (арт. 342 КК РБ) пакаралі 2,5 гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія») і вызвалілі ў зале суда. Таксама вызвалілі з-пад варты адразу пасля выраку пастара баптысцкай царквы «Святло Надзеі» Віталя Чычмарова яму прысудзілі 3 гады «хатняй хіміі». Палітвязень трапіў пад пераслед за ўдзел у дзейнасці незалежнага прафсаюзу металістаў.

Старшыня незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольга Брыцікава.
Фота: gazetaby.com

Зняволеная старшыня прафсаюзу «Нафтану» Вольга Брыцікава атрымала яшчэ 15 содняў арышту. Падставай для новага пратакола стаў малюнак «Не вайне» на яе старонцы ў Фэйсбуку, за які яна ўжо адбыла арышт некалькі месяцаў таму. 8 лістапада Вольга абвесціла галадоўку. Агулам з 27 лютага над актывісткай адбылося ўжо 5 судоў, яе ўтрымлівалі за кратамі 75 содняў.

Полацкі актывіст Генадзь Бярдзенеў арыштаваны на 30 содняў, паведамляюць праваабаронцы. Ён нядаўна прыехаў з Польшчы, дзе працаваў апошнія тры месяцы і збіраўся ў бліжэйшыя дні зноў вярнуцца назад, але 10 лістапад быў затрыманы нібыта за «несанкцыянаванае пікетаванне» і «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Праўладныя каналы паведамляюць, што ў Чачэрску затрымалі мясцовага жыхара Сяргея Рудзянкова, які нядаўна прыехаў з Польшчы, дзе апошнім часам працуе электрыкам. Сцвярджаецца, што супраць яго распачалі крымінальныя справы адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу («распальванне варожасці», «абраза Лукашэнкі», «удзел у экстрэмісцкім фармаванні» і «садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці»). На «пакаяльным» відэа мужчына кажа, што быў затрыманы за падпіскі на «дэструктыўныя» каналы, а таксама за тое, што шукаў адваката, каб абскардзіць судовыя рашэнні за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.

Паводле ПЦ «Вясна», 10 лістапада сілавікі затрымалі ўраджэнца Магілёўскага раёна Рамана Бараноўскага, які ў 2020 годзе ўваходзіў у ініцыятыўную групу па зборы подпісаў у падтрымку Ціханоўскай. Папярэдне, у віну мужчыну ставяць тое, што ён накіраваў некаторыя звесткі ў «Чорную кнігу Беларусі». Апошнія два гады Бараноўскі знаходзіўся не ў Беларусі, а працаваў у Польшчы і Нідэрландах. Дадому вярнуўся сёлета ў кастрычніку.

Як паведамляе «Медиазона», у Менску сілавікі затрымалі чатырох супрацоўнікаў СТА, якая прапаноўвала бясплатны рамонт пацярпелым ад рэпрэсіяў. Падкантрольныя спецслужбам тэлеграм-каналы паведамляюць, што ў дачыненні да ўладальніка і двух працаўнікоў СТА распачалі крымінальныя справы за «экстрэмізм», а яшчэ адзін нібыта датычны да педафіліі.

На працэсе па «справе Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі» Дзмітрыю Сасноўскаму перакваліфікавалі «падрыхтоўку акту тэрарызму» на «акт тэрарызму». Сасноўскі адзіны абвінавачаны, які не прызнаў віну па справе. Падчас суду ён распавёў, што пасля затрымання сілавікі «ўжывалі гвалт і катаванні», каб выбіць з яго прызнанні.

Артыкулы
«Ніхто не верыць, што Дзіма мог на такое пайсці». Размова з жонкай абвінавачанага ў нападзе на Азаронка
2021.09.27 15:30

«Вясна» паведамляе, што Санкт-Пецярбургскі гарадскі суд задаволіў запыт беларускага боку на экстрадыцыю 43-гадовага жыхара Воршы Андрэя Рускіх. Яго затрымалі 28 траўня і ўжо пяць з паловай месяцы яго ўтрымліваюць у расейскім СІЗА. Мужчыну абвясцілі ў вышук за каментары ў інтэрнэце пра вайскоўцаў і пра Лукашэнку, якія кваліфікавалі як «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» (арт. 130 Крымінальнага кодэкса) і «абраза Лукашэнкі» (арт. 368 КК).

Палітвязень Іван Рагатнёў, асуджаны па «справе Зельцара», выйшаў на волю. У канцы жніўня асудзілі да аднаго года і сямі месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за каментар у інтэрнэце. Тэрмін палітвязня скончыўся 19 кастрычніка.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў