У рэпрэсіяў свая логіка, або Чаму для ўладаў Беларусі палітычная бяспека важнейшая за эканоміку


Адною з формаў рэпрэсіяў супраць нелаяльных грамадзянаў у Беларусі пасля паразы рэжыму на выбарах у 2020 годзе сталася масавае звальненне нязгодных. Усё гэта ў выніку б’е па эканоміцы, але рэжым ад сваіх практык адступаць не збіраецца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Ужо з 2020 года па Беларусі прайшла хваля масавых звальненняў з дзяржаўных прадпрыемстваў. Піку яна набрала ўлетку і ўзімку 2021 года. Звальнялі тых, хто публічна выказваў сваю нязгоду з палітыкаю рэжыму. Затрымліваўся на акцыях пратэсту або браў удзел у страйках. Тых, хто ставіў свае подпісы за «няправільных» кандыдатаў.

Дакладная лічба звольненых дасюль невядомая. Але гаворка пра тысячы, калі не дзясяткі тысяч асобаў.  Толькі з адной сферы культуры, паводле міністра Анатоля Маркевіча, за «дэструктыўную пазіцыю» звольнілі больш за 300 працаўнікоў на студзень 2022 года.

На гэтым звальненні не спыняліся. Чарговымі беларусамі, якіх пазбавілі працы, сталіся тыя, хто выступаў супраць вайны з Украінаю.

Hавiны
Новая пасада дзеля зачысткі? Як КДБ звальняе людзей на «Беларуснафце»
2021.11.26 15:50

На дзяржаўных прадпрыемствах нават ствараліся адмысловыя пасады: намеснік кіраўніка ў пытаннях бяспекі і кадраў. На іх прызначалі звычайна былых сілавікоў, якія і кіравалі масаваю зачысткаю нелаяльных.

Усё гэта адбывалася на фоне і без таго масавай эміграцыі – як праз рэжым, гэтак і праз вайну. У выніку толькі за сем месяцаў 2022 года ў Беларусі звольнілі 401,5 тысячы асобаў. Гэта на 17 % (або на 58,5 тысячы асобаў) больш, чымся колькасць прынятых на працу. У параўнанні з сямю месяцамі 2021 года колькасць звальненняў хоць і скарацілася на 2,9 %, але і працаўладкавання стала меней на 5,9 %.

Пра тое, як паскорыліся звальненні, кажа сітуацыя ў адукацыі. Калі ў 2017–2019 гадах сістэма траціла 2–4 тысячы чалавек, у 2020-м – больш за 9 тысячаў, у 2021-м – больш за 8 тысячаў, а на ліпень 2022-га ў сістэме адукацыі – мінус 10 575 працаўнікоў (недабор будзе ў выніку меншы праз размеркаванне выпускнікоў у жніўні – верасні).

Аналітыка
«Галоўны крытэрый работніка – палітычная лаяльнасць». Як звальненні нязгодных спараджаюць кадравы голад
2021.12.03 10:17

Пры гэтым яшчэ летась улады прызнавалі, што складана ўкамплектаваць штат: не стае кваліфікаваных работнікаў. Але звольненых за «палітыку» на працу так надалей і не бяруць. Усіх, хто спрабуе ўладкавацца на дзяржаўнае прадпрыемства, правяраюць у адмысловых базах, пасля чаго адмаўляюць у працаўладкаванні.

«Існуе нейкая база ў Гомлі, дзе пазначаныя ўсе нашыя звесткі. Калі прыходзіш на працу ўладкоўвацца, запаўняеш анкету, у якой шмат пытанняў, у тым ліку, ці ёсць адміністратыўныя пакаранні. У дзяржаўных арганізацыях гэтымі пытаннямі займаюцца інспектары аддзелу кадраў. І калі я прыйшла ўладкоўвацца ў дзяржаўную ўстанову, мяне і хацелі ўзяць, але праз два дні ператэлефанавалі і сказалі, што працаваць мне нельга», – распавяла «Белсату» былая працаўніца аднаго з заводаў Гомельшчыны.

Аналагічную гісторыю паведаміла і настаўніца з Магілёўскай вобласці:

«На працягу года былі прапановы, я ўлетку звярнулася да іх, але мне адмовілі. Я сама ўжо не хачу на гэты момант працаваць у дзяржаўнай установе. Ісці да іх і прасіцца – гэта зусім не мой варыянт. На маё месца ўзялі пенсіянерку на паўстаўкі».

У выніку звольненыя або шукаюць працу ў прыватным сектары, або з’язджаюць за мяжу.

Hавiны
Сістэма адукацыі пасыпалася: за 7 гадоў звольнілі на 35 тысячаў чалавек больш як прынялі на працу
2022.09.13 14:30

«Спыняць – значыць праяўляць слабасць»

Палітолаг Андрэй Казакевіч у каментары «Белсату» патлумачыў логіку дзеянняў уладаў тым, што ў пачатку палітычнага крызісу ў 2020–2021 гадах тыя не лічылі, што масавыя звальненні прывядуць да нейкіх сур’ёзных эканамічных стратаў. Гэтак, «першыя санкцыйныя пакеты былі мінімальнымі і не вельмі моцна пагаршалі сітуацыю для ўладаў Беларусі». Прадказаныя незалежнымі эканамістамі эканамічныя складанасці ў Беларусі ў 2021 годзе не здарыліся, бо адбыўся «экспартны цуд», эканоміка вырасла, нягледзячы на тое, што адбываліся рэпрэсіі, масавая эміграцыя.

«Думаю, гэта ўсё ўпэўніла ўлады ў тым, што ўнутраных праблемаў гэта ствараць не будзе», – адзначыў Андрэй Казакевіч.

Але, падкрэсліў палітолаг, сёлета, асабліва з пачаткам вайны, маштабныя санкцыі сапраўды прыносяць істотныя страты беларускай эканоміцы, і як вынік – істотныя фінансавыя праблемы.

Гісторыі
Быў Палац моладзі, а стаў Палац міліцыі? Як за два гады змянілася месца працы «дыджэяў Пераменаў»
2022.09.08 08:30

Аднак цяпер у рэпрэсіяў працуе свая логіка: «спыняць – значыць праяўляць слабасць, дэманстраваць, што ты не кантралюеш да канца сітуацыі, што ты паддаўся ціску».

Гэта, канечне, уладам вельмі складана, у тым ліку каб забяспечыць унутрыпалітычную стабільнасць, мяркуе Андрэй Казакевіч.

«Напружанне да канца не рассмакталася»

На думку палітолага, сёння палітычны выклік для ўладаў Беларусі як ніколі высокі:

«З аднаго пункту гледжання, няма падставаў сцвярджаць, што людзі, якія пратэставалі ў 2020 годзе, неяк змянілі сваё меркаванне і да канца супакоіліся. Прынамсі значная частка. Мы бачым, што працягваюцца розныя формы пратэставай актыўнасці, хоць яны цяпер і не маюць характару масавых выступленняў. Падзеі пачатку вайны гэта прадэманстравалі: былі і акцыі сабатажу, людзі спрабавалі выходзіць на мітынгі. Таксама ўлады, напэўна, маюць аператыўную інфармацыю, якую збіраюць спецслужбы і проста чыноўнікі, што напружанне да канца не рассмакталася».

Пачатак вайны і ўтварэнне ва Украіне беларускіх фармаванняў стварае дадатковую рызыку для рэжыму Лукашэнкі.

«Таму ўлады вымушаныя ў іх логіцы працягваць прафілактычнае рэпрэсаванне, каб зніжаць, наколькі гэта магчыма, рызыкі і выступленняў, і падання інфармацыі для беларускіх медыяў, і любыя іншыя формы грамадскай ды палітычнай актыўнасці. Натуральна, што цалкам гэта зліквідаваць немагчыма, але праз прэвентыўныя затрыманні, праз тое, што пра іх становіцца вядома ў незалежных медыях, праз іншыя каналы ўсё гэта дазваляе дэмабілізаваць, дэмаралізаваць усіх праціўнікаў улады. Прынамсі неяк паўплываць, збіць магчымыя негатыўныя наступствы», – адзначыў Андрэй Казакевіч.

У выніку, паводле эксперта, напружанне ў грамадстве павінна «трымацца ўнутры або вылівацца проста ў тое, што людзі будуць з’язджаць з краіны, выходзіць з гэтай сістэмы, але не будуць спрабаваць нейкім чынам гэтай сітуацыі мяняць».

Аналітыка
«Аказаліся не такія адданыя». Рэжым масава зачышчае нелаяльных працаўнікоў
2021.11.24 19:32

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў