МВФ прагназуе падзенне беларускай эканомікі на 7%


Міжнародны валютны фонд абнародаваў справаздачу пра перспектывы развіцця сусветнай эканомікі. У дакуменце адзначаецца, што сёлета валавы ўнутраны прадукт Беларусі ўпадзе на 7%.

Беларускія рублі.
Фота: Белсат

Міжнародны валютны фонд на сваім сайце апублікаваў даклад «Перспектывы развіцця сусветнай эканомікі». Эканамісты прагназуюць, што пры росце ВУП Беларусі летась на 2,3% сёлета ён пойдзе ўніз – мінус 7%. У наступным годзе магчымы рост – на 0,2%.

Па чаканнях МВФ, цэны ў Беларусі сёлета вырастуць на 16,5%, у наступным годзе – на 13,1%.

Колькасць беспрацоўных істотна не зменіцца: 4,5% летась і 4,3% у наступным годзе.

Такім чынам, Міжнародны валютны фонд пагоршыў свой прагноз, зроблены ў красавіку. Тады эксперты МВФ чакалі, што сёлета беларуская эканоміка скароціцца на 6,4%, а ў 2023-м годзе рост складзе 0,4%.

Па афіцыйных звестках, за восем месяцаў сёлета ВУП Беларусі знізіўся на 4,9%. А ў наступным годзе, як казаў прэм’ер-міністр, эканоміка вырасце на 3,8%. За 9 месяцаў года цэны ў Беларусі выраслі на 14,8%.

У суседзяў

У справаздачы МВФ таксама паведамляецца, што валавы ўнутраны прадукт Украіны у гэтым годзе абрынецца на 35%, інфляцыя перавысіць 20,5%. Прагноз на наступны год эксперты рабіць не адважыліся.

ВУП Расеі, па прагнозах фонду, упадзе сёлета на 3,4%, а ў наступным годзе – яшчэ на 2,3%. Сёлета цэны там вырастуць на амаль на 14%, у 2023-м – на 5%.

Эканоміка Польшчы сёлета вырасце на 3,8%, у наступным годзе – на 0,5%. Інфляцыя сёлета – 13,8%, у наступным годзе – 14,3%.

Літва прадэманструе рост у гэтым годзе на 1,8%, у наступным – на 1,1%; рост цэн – 17,6% летась, 8,4% – у наступным годзе.

У Латвіі прагназуецца рост ВУП сёлета і ў наступным годзе на 2,5% і 1,6% адпаведна, інфляцыя – 16,5 і 8%.

Сусветныя лідары

У Злучаных Штатах ВУП вырасце на 1,6% сёлета і на 1% – у наступным годзе, цэны павялічацца на 8,1% сёлета і на 3,5% – у наступным годзе.

Кітай, паводле чаканням МВФ, прадэманструе рост эканомікі сёлета на 3,2%, у наступным годзе – на 4,4%. Інфляцыя – аднолькавая за два гады: па 2,2%.

ВУП Японіі вырасце на 1,6-1,7% за два гады, цэны павялічацца на 2,0% і 1,4%.

Нямеччыну чакае рэцэсія. Па версіі МВФ, валавы ўнутраны прадукт краіны сёлета пакажа рост 1,5%, а ў наступным годзе – мінус 0,3%. Інфляцыя сёлета – 8,5%, у наступным годзе – 7,2%.

У Вялікабрытаніі прагназуецца рост ВУП на 3,6 і 0,3% сёлета і ў наступным годзе, інфляцыя – 9,1% і 9,0%.

Эканоміка з Чалым
Урад прагназуе рост ВУП і даходаў. Адкуль?!
2022.10.06 16:17

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў