«Якасць можа пагоршыцца». Папулярныя маркі цыгарэтаў не знікнуць з Беларусі разам з «British American Tobacco»


Тытунёвая кампанія «British American Tobacco» абвесціла пра выхад з Беларусі і Расеі. Новаму ўласніку актываў перайшлі правы на выраб цыгарэтаў пад знанымі брэндамі, таму папулярныя маркі з продажу не знікнуць. Аднак, як сказаў у каментары «Белсату» бізнесовец Аляксандр Кныровіч, якасць прадукцыі можа пагоршыцца.

Беларускія цыгарэты. Менск, Беларусь. 1 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Кампанія «British American Tobacco» прадала актывы ў Беларусі і Расеі расейскаму менеджменту. Гэтак, асобнае прадстаўніцтва брытанскай карпарацыі ў Беларусі сталася часткаю расейскай кампаніі. Фірма цяпер называецца «Міжнародныя паслугі ў маркетынгу тытуню» («ITMS Group»).

Фінансавы бок угоды не раскрываецца, вядома толькі, што «British American Tobacco» не будзе атрымліваць прыбыткаў ад далейшай працы ў дзвюх краінах, што правы на брэнды кампаніі засталіся ў новых уладальнікаў, а ўмовы працы работнікаў захаваюцца мінімальна на два гады.

Кампаніі «BAT» належаць брэнды «Dunhill», «Kent», «Vogue», «Lucky Strike», «Pall Mall», «Rothmans», «glo», «Vuse», «Velo».

Hавiны
Кантрабандысты згубілі страх: у Літве злавілі чарговы мільён цыгарэтаў з Беларусі
2023.08.25 22:56

 

У Беларусі карпарацыя мела супрацу з тытунёваю фабрыкаю «Нёман», згодна з ліцэнзіяй, там наладзілі выпуск некаторых відаў «Rothmans», «Pall Mall», «Kent» і «Vogue».

У 2021 годзе «BAT» спыніла супрацу з гарадзенскім «Нёмнам», калі супраць прадпрыемства ўвялі санкцыі. Да гэтага актывісты звярталі ўвагу на парушэнне правоў работнікаў, якія бралі ўдзел у пратэстах, а таксама абвінавачвалі карпарацыю ў падтрыманні рэжыму Лукашэнкі, бо шмат якія цыгарэты, што кантрабандаю трапляюць у ЕЗ, выпускае менавіта гэтая фабрыка.

Тытунёвая фабрыка «Нёман». Горадня, Беларусь.
Фота: «Беларускі час» / belchas.1prof.by

На фабрыцы «Нёман» карэспандэнту «Белсату» прызналіся, што дасюль на замову «BAT» не працуюць:

«Не, цыгарэты «Pall Mall» не выпускаем. І наагул цяпер нічога не вырабляем для «British American Tobacco».

Пры гэтым у актуальным прайс-лісце дзяржаўнага прадпрыемства «Беларусьгандаль», што імпартуе ды экспартуе падакцызных тавараў, у раздзеле «Цыгарэты з фільтрам айчынныя» маецца некалькі пазіцыяў «Pall Mall» і «Rothmans», дастаўцам пазначаная кампанія «МПМТ Бі Уай» (МПМТ – скарачэнне ад «Міжнародныя паслугі па маркетынгу тытуню», гэта былая «БАТ Беларусь»), краінаю паходжання – Беларусь.

Імаверна, вытворчасць наладжаная на фабрыцы кампаніі «Тытунь-інвест» Паўла Тапузідыса. На сайце прадпрыемства супраца з «British American Tobacco» не згадваецца, паведамляюць толькі пра выпуск прадукцыі на замову іншай буйной карпарацыі, «Japan Tobacco International». Аднак у медыях знайшліся паведамленні пра з’яўленне ў продажы ў Беларусі «Lucky Strike» вытворчасці «Тытунь-інвест». Да таго ж некалькі брэндаў «BAT», што робяць на гэтай фабрыцы, згадваюцца ў матэрыялах Міністэрства падаткаў і збораў аб павышэнні коштаў на цыгарэты.

Аналітыка
Праз санкцыі Захаду беларускі тытунёвы рынак прыпыняецца «на перакур»
2022.05.13 10:14

Бізнесовец і блогер Аляксандр Кныровіч у каментары «Белсату» не выключыў, што якасць цыгарэтаў пагоршыцца, бо брытанская карпарацыя цяпер не будзе сачыць, адкуль і якую сыравіну прывязе новы ўладальнік:

«Тытунь – гэта цяпер праблема расейскіх уладальнікаў брэндаў. Напэўна, кантролю з боку «ВАТ» ужо не будзе, і яны будуць самастойна пастанаўляць, дзе браць і адкуль вазіць тытунь, таму, можа, штосьці будзе адбывацца з якасцю цыгарэтаў. Нельга выключаць, што яна пагоршыцца».

На пытанне, чаму «British American Tobacco» пагадзілася пакінуць свае брэнды новаму ўласніку, Кныровіч адказаў коратка: грошы.

«Мяркую, грошы ўсё вырашылі. Калі прапанаваць выкупіць абсталяванне, але пакінуць іх без брэндаў – такое прадпрыемства нічога б не каштавала. Ты не атрымаеш прыбытку, калі не зможаш вырабляць прадукцыі вядомых марак. Мы не зможам сабе ўявіць, каб «Mercedes» пакінуў расейскаму менеджменту завод разам з брэндам, бо гэта вялікая рызыка. А з цыгарэтамі гэта магчыма», – патлумачыў прадпрымальнік.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Агулам, на меркаванне суразмоўцы «Белсату», для Беларусі і Расеі мала што зменіцца пасля сыходу брытанскай карпарацыі.

«Імаверна, «ВАТ» падпісала са сваім менеджментам дамову, што на тэрыторыі Беларусі і Расеі правы на гэтыя брэнды застаюцца ў расейскай кампаніі, але без магчымасці прадаваць у іншыя краіны. Усё застанецца, як і раней. Цыгарэты будуць вырабляцца, правы на іх будуць у расейцаў. Пытанне толькі, як доўга, бо я не веру ў тое, што «ВАТ» перадала правы на брэнды назаўсёды. Можа, пяць гадоў, можа, дзесяць», – падсумаваў Кныровіч.

Расследaванні
Нелегальныя пастаўкі цыгарэт у Расею ідуць праз сябра сям’і Аляксандра Лукашэнкі
2022.03.01 17:01

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў