«British American Tobacco» прадае бізнес у Беларусі і Расеі


Брытанска-амерыканская тытунёвая кампанія «British American Tobacco» (BAT) прадае свой бізнес у Беларусі і Расеі. Пакупніком стане кансорцыум, на чале якога стаяць менеджары каманды «BAT Russia». Яму будзе належаць бізнес у абедзвюх краінах.

Лагатып British American Tobacco. Крыніца: Shutterstock

«У сакавіку 2022 года BAT абвесціла, што валоданне нашым бізнесам у Расеі больш не  ўстойлівае ў цяперашніх умовах і што мы маем намер перадаць наш бізнес. BAT афіцыйна падпісала пагадненне аб продажы сваіх расейскіх і беларускіх прадпрыемстваў у адпаведнасці з мясцовым і міжнародным заканадаўствам», – гаворыцца ў заяве кампаніі.

Новыя прадпрыемствы пасля завяршэння ўгоды будуць працаваць пад назвай «ITMS Group».

У кампаніі разлічваюць, што ўгода будзе завершаная на працягу наступнага месяца, як толькі будуць выкананыя пэўныя ўмовы. Па завяршэнні BAT больш не будзе прысутнічаць у Расеі ці Беларусі і не атрымае фінансавага прыбытку ад продажаў на гэтых рынках. Таксама ў пагадненні прапісанае захаванне працоўных умоваў супрацоўнікаў на працягу двух гадоў пасля закрыцця ўгоды.

Кампаніі «British American Tobacco» належаць брэнды «Kent», «Pall Mall», «Rothmans», «Glo» і іншыя.

Аб сыходзе кампаніі з расейскага рынку стала вядома пасля пачатку вайны ва Украіне, у сакавіку 2022 года, а пазней у BAT паведамлялі, што працягнуць працаваць на тэрыторыі Беларусі.

Замежнае прадпрыемства працавала на беларускім рынку з 1996 года. У кастрычніку 2022-га кампанія паінфармавала партнёраў аб пачатку рэарганізацыі бізнесу. У лютым 2023-га стала вядома, што кансорцыум працуе над перадачай беларускага і расейскага бізнесу.

У верасні 2021 года брытанска-амерыканская тытунёвая кампанія спыніла супрацу з Гарадзенскай тытунёвай фабрыкай «Нёман» праз санкцыі ЗША, і беларускае прадпрыемства спыніла выраб цыгарэтаў пад гандлёвымі маркамі «British American Tobacco». Гарадзенскую фабрыку абвінавацілі ў парушэннях правоў рабочых фабрыкі, якія ўдзельнічалі ў палітычных пратэстах, паведамлялі ў BAT.

Hавiны
«British American Tobacco» спыніла вытворчасць цыгарэтаў у Беларусі
2021.09.14 18:59

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў