Забойства кандыдата ў прэзідэнту Эквадору, лясныя пажары на Гаваях. Галоўныя здымкі тыдня


Наймацнейшае стыхійнае бедства ў Славеніі, разбуральныя лясныя пажары на Гавайскіх астравах, трэцяя гадавіна выбараў у Беларусі, якія змянілі лёсы сотняў тысяч людзей, забойства кандыдата ў прэзідэнты Эквадору, новыя ракетныя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў – сабралі фатаграфіі з рэзанансных падзеяў тыдня.

Беларусы Вільні прайшліся маршам ад Катэдральнай плошчы да амбасады Беларусі ў Літве. У трэцюю гадавіну прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў дзясятках гарадоў за мяжой прайшлі акцыі салідарнасці. Па дадзеным праваабаронцаў на 11 жніўня 2023 года, у Беларусі 1487 палітычных зняволеных. Вільня, Літва.
Фота: Белсат
Славенія сутыкнулася з найбуйнейшым у гісторыі краіны стыхійным бедствам, якое закранула 2/3 тэрыторыі. Праліўныя дажджы і выкліканыя імі паводкі забралі жыцці сама меней 6 чалавек. ЕЗ абяцае даць фінансавую падтрымку Славеніі для барацьбы з наступствамі разбуральных паводкаў. Прэвале (Prevalje), Славенія.
Фота: by Jure Makovec / AFP / East News
На гарналыжным курорце Саклыкент (Saklikent) у Антальі пачынаецца Нацыянальны фестываль назірання за небам «Погляд на Млечны Шлях». Гэта мерапрыемства штогод арганізуе Савет па навуковых і тэхналагічных даследаваннях Турцыі (Tubitak) для прафесійных астраномаў і астраномаў-аматараў. Анталья, Турцыя.
Фота: Orhan Cicek / Anadolu Agency / abacapress.com / East News
У выніку расейскага ракетнага абстрэлу Запарожскай вобласці пацярпела царква ў Запарожжы. На месцы трагедыі загінулі сама меней 3 чалавекі. Запарожжа, Украіна.
Фота: Ercin Erturk / Anadolu Agency / abaccapress.com / East News
Украінка сядзіць ля пацярпелага ад абстрэлу будынку ў Пакроўску Данецкай вобласці. У выніку начной расейскай атакі загінулі 7 чалавек і яшчэ 88 пацярпелі. Пакроўск, Украіна.
Фота: Ercin Erturk / Anadolu Agency / abacapress.com / East News
Супрацоўнікі Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя і лясной гаспадаркі Інданезіі знішчаюць канфіскаваныя прадметы гандлю дзікімі жывёламі, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, у гонар Нацыянальнага дня аховы прыроды краіны. Мэдан, Інданезія.
Фота: Kartik Byma / AFP / East News
Украінскія вайскоўцы практыкуюцца выкарыстоўваць турнікет пасля ранення падчас вучэнняў у Данецкай вобласці, Украіна.
Фота: Ignacio Marin / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum
Згарэлыя датла дамы і гавань у выніку лясных пажараў бачныя ў курортным мястэчку Лахайне на захадзе востраву Маўі. Прынамсі 53 чалавекі загінулі на ахопленым пажарам востраве, які ўваходзіць у склад Гавайскага архіпелага. Пажары выкліканы наймацнейшай спякотай і засухай, а хуткаму распаўсюджванню агню паспрыяў моцны вецер ад урагану «Дора», які бушуе над Ціхім акіянам за сотні кіламетраў на поўдзень ад выспаў. Фота Patrick T. Fallon / AFP / East News
Затрыманы падазраваны ў забойстве кандыдата ў прэзідэнты Эквадору Фэрнанда Віллявісэнсьё, якога застрэлілі пасля сустрэчы з выбаршчыкамі ў горадзе Кіта. Спадар Віллявісэнсьё акцэнтаваў увагу ў сваёй праграме на барацьбе з карупцыяй ды арганізаванай злачыннасцю ў краіне. 59-гадовы журналіст і палітык быў адным з васьмі кандыдатаў на пост прэзідэнта краіны на датэрміновых выбарах 20 жніўня. Як паведамілі СМІ, на месцы забойства былі затрыманы грамадзяне Калумбіі, магчыма, падасланыя наркакартэлем. Кіта, Эквадор.
Фота: AFP / East News
Мігрантаў афрыканскага паходжання, якія спрабавалі морам патрапіць у Італію, перахапіла берагавая ахова Тунісу. 16 ліпеня Еўрапейскі звяз і Туніс заключылі пагадненне для стрымлівання нелегальнай міграцыі праз Міжземнае мора ў краіны ЕЗ, якая значна павялічылася ў апошнія тыдні. Тунісу вылучылі 100 млн еўра для пошуку лодак у мора, адпраўцы іх на радзіму і ўзмацненню берагавой аховы краіны, каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў у моры.
Фота: Fethi Belaid / AFP / East News
Японцы запускаюць плывучыя ліхтары з пасланнем міру ў Мемарыяльным парку міру ў Хірасіме, каб аддаць даніну памяці ахвярам атамнага бамбавання 1945 года. Падчас Другой сусветнай вайны 6 жніўня 1945 года ЗША скінулі першую ў сусветнай гісторыі атамную бомбу на Хірасіму, а 9 жніўня на Нагасакі, што прывяло да імгненнай гібелі прыкладна 70 000 чалавек і яшчэ тысяч ад уздзеяння радыяцыі ў наступныя гады. Хірасіма, Японія.
Фота: David Mareuil / Anadolu Agency / abacapress.com / East News

Агата Квяткоўская belsat.eu

Стужка навінаў