У Менску пройдзе II Міжнародны антыфашысцкі кангрэс


Міністэрства абароны Беларусі з 17 да 19 жніўня збірае II Міжнародны антыфашысцкі кангрэс. Мяркуецца, што ў ім возьмуць удзел больш за 30 краінаў. Імпрэза адбудзецца ў Цэнтральным доме афіцэраў у Менску.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дом афіцэраў. Менск, Беларусь. 16 лютага 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Асноўная задача кангрэсу, паводле Міністэрства абароны Беларусі, – «папярэдзіць свет пра рэальную пагрозу неафашызму».

Падчас форуму арганізатары мяркуюць кансалідаваць «здаровыя міжнародныя сілы» ў супрацьдзеянні фашызму і нацызму ў свеце. Што гэта за сілы, не ўдакладняюць. Таксама падчас кангрэсу збіраюцца займацца захаваннем «гістарычнай праўды» пра Другую сусветную і ў тым ліку пра Вялікую Айчынную вайну.

Адзначаюць, што ў кангрэсе возьмуць удзел прадстаўнікі ваенных дэлегацыяў, дыпламатычнага корпусу і замежныя навукоўцы ды эксперты, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных органаў Беларусі, кіраўнікі буйных дзяржаўных СМІ, асноўных рэлігійных канфесіяў, ветэраны ВАВ, беларускія навукоўцы ды эксперты і кіраўнікі «патрыятычных грамадскіх аб’яднанняў» і палітычных партыяў.

Першы Міжнародны антыфашысцкі кангрэс прайшоў у жніўні 2022 года ў Маскве. Удзельнікі таго форуму абвінавацілі Злучаныя Штаты Амерыкі ды Еўразвяз у нацызме. Сяргей Шайгу, які выступаў на першым пасяджэнні, назваў тады «русафобскай» ідэю забараніць грамадзянам РФ заязджаць у Еўразвяз, а таксама сказаў, што рашэнне правесці «спецаперацыю» прынялі праз непрымальныя пагрозы бяспецы Расеі.

Нагадаем, што ў красавіку 2023 года ў Беларусі праводзіўся таксама антыфашысцкі форум, на які прыбыў кіраўнік Камуністычнай партыі Расейскай Федэрацыі і дэпутат Дзяржаўнай Думы Генадзій Зюганаў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў