«Снабізм і прага да прыніжэння». Беларусы распачалі культурніцкую спрэчку


Пісьменнік і музычны крытык Аляксандр Чарнуха сваім меркаваннем пра любоў беларусаў да сваёй культуры справакаваў спрэчкі ў сацсетках, падчас якой, як ён прызнаўся «Белсату», атрымаў поўную панамку прэтэнзіяў у адказ. Журналіст мяркуе, што для беларусаў чужыя артысты – як «сын мамінай сяброўкі»: заўсёды лепей за сваіх. Пры гэтым кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін супакоіў карэспандэнта «Белсату»: не ўсё так цёмна ў цяперашнія цёмныя часы.

Света Бень і Галя Чыкіс выступаюць на Hučna Fest. Варшава, Польшча. 10 ліпеня 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Журналіст, музычны крытык і пісьменнік Аляксандр Чарнуха гэтак натхніўся Днямі беларускай культуры, што не здолеў устрымацца ад экспрэс-аналізу стасункаў беларусаў са сваёй жа культурай. Ягоны допіс у сацсетках стаўся надзвычай прыстойным: выраз «вельмі х…» там сустракаецца ўсяго двойчы.

Чарнуха з роспаччу і адначасова з абурэннем канстатаваў: у Беларусі вырасла новае пакаленне, якое не ведае, хто такі Лявон Вольскі; «танны клон Лабады тры дні запар збірае Палац спорту» у Менску, а бясплатны канцэрт «NaviBand» у Варшаве – паўтары тысячы асобаў; беларусы крыўдзяцца, калі «пасрэдны расейскі рэпер не згадаў іх на канцэрце, а потым радуюцца, як малыя дзеці, што ён напісаў пра іх у Instagram».

З іншых прыкметаў культурніцкага заняпаду, якія заўважыў журналіст, – усяго дзве пляцоўкі, што засталіся ў Менску, дзе могуць выступіць маладыя гурты, і «рэжым ультрацэнзуры» унутры краіны, у той час як за межамі Беларусі «музыкі збіраюць сваё жыццё па аскепках».

«Прыляцела ў панамку»

Экспертная супольнасць беларускіх карыстальнікаў сацсетках не адмаўчалася. У адказ Чарнуху паскардзіліся на якасць беларускай музыкі, спыталі, а навошта наогул ведаць, хто такі Вольскі, і чаму на «NaviBand» мусіла прыйсці шмат народу: «Гэта нейкі мегакруты гурт?»

«Можа, варта падумаць, што проста музыка ў нас… Ну, не вельмі. Таму і не збіраюць?»

«1500 людзей на канцэрце, гэта вельмі шмат, асабліва для беларускамоўнага артыста».

«У Менску на месяц выступае тры кончаных артыста, і ў людзей няма выбару. У той час як у Варшаве адбываюцца сотні падзеяў, і канцэрт “NaviBand” – адна з іх (прычым не самая яскравая і значная). Яны, як усе, канкуруюць за ўвагу, атрымоўваецца як атрымоўваецца».

Канцэрт «NaviBand» падчас Дзён беларускай культуры. Варшава, Польшча. 7 ліпеня 2023 года.
Фота: Беларускі моладзевы хаб / Telegram

«Можа проста ў тых, хто пераехаў, няма эмацыйных сілаў кудысьці хадзіць? Ідзе вайна, працягваюцца рэпрэсіі, спробы ўладкавацца ў новай краіне, таму і 1,5 тысячы на «Наві»? Увогуле, нармальная колькасць, чаго бухцець».

«Праблема не ў тым, што новае пакаленне не ведае, хто такі Вольскі, а што, акрамя Вольскага, быццам няма нікога».

Дыскусія выйшла за межы акрэсленай аўтарам тэмы, і аўдыторыя ўзялася за абмеркаванне творчасці Вольскага. Падсумаваць дэбаты можна адным твітам.

«Сын мамінай сяброўкі»

У размове з «Белсатам» Аляксандр Чарнуха прызнаўся: менавіта пытанне «а навошта нам ведаць, хто такі Вольскі?» абурыла больш за ўсё.

«А навошта нам ведаць Якуба Коласа або Янку Купалу? Гэта рытарычнае пытанне. Гэта ж частка нашай гісторыі! Гэта асоба, якая напісала найвядомейшыя беларускія песні, яны ўжо амаль фальклорныя. Ты можаш не ведаць гурт «N.R.M»., але ты дакладна ведаеш «Тры чарапахі»», – сказаў Чарнуха.

Ён адзначыў, што Лявон Вольскі «вельмі тонка адчувае час, у якім жыве»:

«Словы «Адкуль ні ўцякай, куды ні бяжы – і тут ты чужы, і там ты чужы» – гэта ж пра нас і пра кантэкст, у якім мы даўно жывем. І гэта частка нашай гісторыі, якую кожны мусіць ведаць. Табе можа не падабацца творчасць Вольскага, але ты мусіш ведаць, хто гэта, чаму ён менавіта так пісаў і піша, і хаця б мінімальна ягоную спадчыну».

Лявон Вольскі
Канцэрт гурта «Volski» у сталічный прасторы «Пясочніца». Менск, Белсат. 4 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

На закіды пра якасць беларускай музыкі журналіст адказвае: сапраўды, гэта важны чыннік, аднак ніяк нельга наракаць на тое, што якаснай беларускай музыкі не існуе.

«Гэта вельмі беларускі снабізм: навошта мне слухаць беларускае і не вельмі якаснае, калі ёсць сусветнае і вельмі якаснае? Багата беларускіх музыкаў, якія гучаць вельмі якасна, якія робяць вельмі цікавую музыку, яны могуць існаваць у сусветным кантэксце», – упэўнены Чарнуха.

Ён згадаў гурт «Молчат Дома» з мільённымі праслухоўваннямі іхных песень у стрымінгавых сэрвісах. «Кажаш: вось глядзіце, якія крутыя чувакі, яны катаюцца па ўсім свеце, збіраюць клубныя пляцоўкі, не самыя маленькія. А беларусы ўсё роўна кажуць: ну, яны крутыя, але не настолькі, ёсць нюансікі».

«Не ведаю, чаму беларусы прыніжаюць дасягненні беларусаў. Гэта справа няўдзячная і вельмі адгукаецца з мэмам пра «сына мамінай сяброўкі», які ўсё роўна лепшы за цябе. Гэта нейкая псіхалагічная траўма. І з ёю трэба нешта рабіць, не ведаю, калектыўнага псіхолага выклікаць», – прапануе Чарнуха.

«Чаго вы баіцеся за межамі Беларусі?

Аляксандр Чарнуха не спрачаецца, што шмат якія беларусы могуць пазбягаць канцэртаў за мяжою праз палітызаванасць імпрэзаў і боязь засвяціцца побач з нацыянальнай сімволікай, ненавіснай для цяперашніх уладаў. Аднак пагадзіцца з гэтым не можа:

«Жыць у 2023 годзе і быць па-за палітыкаю – гэта ўжо нават не мэм і не анекдот, гэта проста трагедыя. Ну, вы ж з’язджалі з Беларусі, каб быць свабоднымі, каб не баяцца. А чаго вы баіцеся за межамі Беларусі?»

Дарэчы, на імпрэзе «Hučna Fest», што адбылася 9 ліпеня ў Варшаве, раздавалі налепкі тым, хто не хацеў, каб яго фатаграфавалі: папераджальную паперку трэба было прымацаваць на вопратцы.

Спявачка Shuma на Hučna Fest. Варшава, Польшча. 10 ліпеня 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Суразмоўца «Белсату» гаруе, што беларусы, якія ўжо зараз не ходзяць на імпрэзы за мяжою, то потым, пасля адаптацыі і асіміляцыі, ужо не прыйдуць ніколі.

«Мне вельмі б не хацелася, каб гэта адбывалася. Хочацца, каб беларусы гуртаваліся, хадзілі на беларускія імпрэзы, камунікавалі адно з адным, рабілі разам нейкія крутыя штукі. Гэтага немагчыма патрабаваць, для гэтага мусяць стварацца нейкія ўмовы, але хто іх мусіць ствараць? Таксама рытарычнае пытанне. Каму мы патрэбныя, калі не сабе?» – адзначыў Чарнуха.

«Пісаць, пісаць, пісаць, пісаць»

Аляксандр Чарнуха мяркуе, што выправіць сітуацыю мусяць грошы і медыі. З грашыма, мякка кажучы, складана, а журналісты не ўмеюць пісаць цікава, наракае ён:

«Медыі кажуць, што гэта нецікава іхнай аўдыторыі. Але, можа, не аўдыторыі нецікава чытаць пра гэтых асобаў, а аўдыторыі нецікава, як вы пішаце пра гэтых асобаў? Чалавеку трэба паказваць, расказваць, рабіць гэты кантэнт модным, цікавым, і гэта ўжо задача медыяў».

Hавiны
Беларускі рэп рэфлексуе на эміграцыю: цырк жыцця Zeman’а і справы сяброў Leibonik’а
2023.06.22 16:24

Рэцэпт ад Чарнухі – стала распавядаць пра дзеячаў беларускай культуры.

«Пісаць пра іх, увесь час пісаць, настойліва пісаць, нават калі «нашай аўдыторыі гэта нецікава». Гэта стратэгічная мэта, а не тактычная. І аднойчы вы зразумееце: о, беларусы ведаюць сваіх, беларусам цікавыя свае. Вось як трэба. Ствараць сваю тэрыторыю сапраўдных зорак», – падсумаваў суразмоўца «Белсату».

«Нашая агульная праблема»

«Што ўсё дрэнна, для мяне не навіна з канца 90-х гадоў. Пры гэтым я аптыміст», – гэтымі словамі размову з «Белсатам» пачаў кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін. Ён падкрэсліў, што цяпер даводзіцца змагацца з наступствамі дзяржаўнай палітыкі ды бяздзеяння саміх беларусаў за апошнія амаль 30 гадоў.

«У людзей, якія маюць стрыжань, падмурак, трошачкі ўсё лепей, чымся ў тых, хто не ведае, хто такі Вольскі, і ведаць не хоча. Гэта іхная праблема, але гэта і нашая агульная праблема, з якой трэба працаваць на розных узроўнях. Не ў лоб, натуральна, прымушаць любіць беларушчыну – гэта выкліча супраціў. Калі зацікаўліваць людзей, рабіць цікавы кантэнт, ствараць конкурсы ідэяў, стымуляваць творчасць, тады людзі падцягнуцца», – упэўнены Будкін.

Ён сказаў, што найперш трэба надаваць увагу выхаванню новых беларусаў:

«Трэба працаваць з дзецьмі на ўзроўні адукацыйных праграмаў, трэба працаваць з прафесіяналамі ў розных сферах і зацікаўліваць іх у тым, каб рабіць кантэнт з беларускай адметнасцю, а не проста кантэнт».

Бэкстэйдж з запісу навагодняга канцэрту. Варшава, Польшча. 27 лістапада 2022 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

У цяперашніх умовах да беларусаў у Беларусі можна дагрукацца праз інтэрнэт: «Калі мы кажам пра адукацыйны ўзровень, гэта, безумоўна, практыкі нефармальнай адукацыі, тое, што можа зацікавіць дзяцей і падлеткаў. Гэта не мусіць быць махрова. Нейкія онлайн-курсы, да якіх можна далучыцца з любой кропкі Беларусі. Ёсць размовы пра тое, каб гэта стварыць на платформе «Васьмінога».

На дзяржаўную прапаганду Будкін прапануе адказваць контрпрапагандай, на абсурд – абсурдам, нават калі гэта «эстэтычна не падабацца».

Захаваць беларускасць

Кіраўнік Беларускай Рады культуры прызнае: з асобай, якая не хоча захаваць у сябе беларускасць, нічога не паробіш. Тым жа, хто не хоча губляць сувязь з беларускай культурай, і не абавязкова хадзіць на імпрэзы. Будзе дастаткова, хоць і ўпотай, чытаць кнігі беларускіх пісьменнікаў або спяваць дзеткам на ноч калыханку:

«Кожны беларус у незалежнасці ад таго, дзе ён знаходзіцца, можа зрабіць унёсак у беларускае культурнае поле на сваім узроўні – бачны або нябачны, вялікі або невялікі. Праспяваць калыханку дзіцяці па-беларуску і зрабіць гэта традыцыяй – гэта ўжо дзеянне. І гэта можна рабіць у любым месцы свету».

Будкін падкрэсліў, што існуе безліч варыянтаў удзелу ў культурніцкіх справах. «Кожны можа выбіраць сабе варыянт з прычынаў бяспекі, часу, рэсурсаў, але пры гэтым рабіць унёсак. Гэта могуць быць маленькія дробныя справы», – не сумняецца суразмоўца «Белсату».

Hučna Fest на беразе Віслы ад Free Belarus Center. Варшава, Польшча. 10 ліпеня 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Будкіну не падабаецца вызначэнне «беларуская культура ў выгнанні». Кажа, што беларуская культура «падаецца шырэйшай за геаграфічныя межы і лакацыі». Пры гэтым «не ўсе дзеячы за мяжою, значная частка застаецца ў Беларусі, яны проста працуюць на іншым узроўні бачнасці».

Кіраўнік Беларускай Рады культуры мяркуе, што пасля змены ўлады ў Беларусі значная частка дзеячаў культуры вернецца на радзіму. А нават калі і не, то ў іх усё роўна застанецца магчымасць быць карыснымі Беларусі. Чарнуха ж, які справакаваў спрэчкі, прасвету не бачыць, кажа, шмат хто застанецца за мяжою ў зоне камфорту.

«А як жыць, калі думаць, як Чарнуха?» – растлумачыў Будкін свой аптымізм.

Рэпартаж
Шэпт, што знікае назаўжды. У Варшаве адбылася прэм’ера спектаклю, які зразумеюць толькі беларусы
2023.06.13 20:58

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў