За два тыдні ўкраінцы знішчылі 14 базаў і складоў узбраенняў у тыле расейскай арміі

Журналісты «ВВС News» падлічылі, што з канца чэрвеня было нанесены 14 дакладных удараў па складах боепрыпасаў і вайсковых базах расейскай арміі на акупаваных украінскіх тэрыторыях.

Да гэтага ўкраінскія войскі таксама перыядычна знішчалі склады і камандныя пункты суперніка, але рабілі гэта звычайна наўпрост на лініі фронту або ў выніку дыверсійных дзеянняў. Цяпер жа ўдары наносяцца ў глыбокім тыле на адлегласці да 75 км.

Мапа ўкраінскіх удараў па расейскіх базах і складах. Фота: BBC News Украина

Мяркуючы з усяго, такія ўдары наносяцца ў першую чаргу пры дапамозе найноўшай заходняй зброі, у тым ліку амерыканскіх ракетных сістэмаў HIMARS.

Журналісты адзначаюць, што «ўдарная серыя» практычна ўплывае на стан справаў на фронце, бо можа прывесці да недахопу снарадаў у расейскіх войскаў.

Эфектыўнасць украінскіх удараў раней прызнавалі і неафіцыйныя расейскія крыніцы. Былы кіраўнік вайсковых фармаванняў «ДНР» Ігар Стралкоў (Гіркін) на мінулым тыдні паведамляў пра знішчэнне 10 буйных складоў артылерыйскіх і іншых боепрыпасаў, некалькіх нафтабазаў, каля дзясятка камандных пунктаў і месцаў размяшчэння асабовага складу ў расейскім тыле. Паводле яго, расейцы панеслі вялікія страты ў асабовым складзе і тэхніцы.

Глеб Нержын belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны