Рэпрэсіі супраць беларусаў не спыняюцца. Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе пра ўзмацненне турэмнага рэжыму для палітвязняў і пра затрыманні свабодных грамадзян штодзень. Нават у суботу.
Праваабаронцы паведамілі, што на палітвязня Сцяпана Латыпава, які адбывае тэрмін (8,5 гадоў) у калоніі «Воўчыя норы», працягвае ціснуць адміністрацыя. Паводле ягоных сваякоў, у сярэдзіне траўня палітвязня кінулі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) – адмысловую камеру, куды пераводзяць вязняў, пакараных за злосныя парушэнні вызначанага парадку калоніі. За 5 месяцаў у калоніі Латыпаў правёў у ПКТ ужо 32 дні.
«Вясна» перадае, што палітвязень Ягор Багдзевіч пачаў адбываць тэрмін на «хіміі» ў Сушках. 5 красавіка суд Ашмянскага раёну асудзіў Багдзевіча на 2,5 гадоў «хіміі» за абразу Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК).
Палітвязень і актывіст анархічнага руху Ігар Аліневіч, якому прысудзілі 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, па прыбыцці ў калонію №20 пад Мазыром адразу быў кінуты ў штрафны ізалятар (ШІЗА). З якіх прычын, праваабаронцам пакуль невядома.
Праваабаронцы таксама паведамляюць пра затрыманне 10 чэрвеня ў Смаргоні лекара Яўгена Бужынскага.
У Мазыры затрымалі 23-гадовую Аксану Аўчынскую. На «пакаянным відэа» яна «прызнаецца» ў тым, што даслала інфармацыю аб перасоўванні расейскіх вайскоўцаў тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн». Супраць дзяўчыны распачатая крымінальная справа.
Як паведамлялася, паводле рашэння МУС ад 16 сакавіка «група грамадзян, аб’яднаных праз тэлеграм-канал «Беларускi Гаюн» і тэлеграм-чат «Беларускi Гаюн Chat», якая «ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць», прызнаная экстрэмісцкім фармаваннем.
Па стане на 11 чэрвеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1233 чалавекі.
ЗК belsat.eu