Расейцы хочуць прыцягнуць беларускіх зняволеных да будаўнічых прац у Марыупалі?


Украінскія ўлады акупаванага Расеяй Марыупалю сцвярджаюць, што зняволеных з Беларусі, асуджаных за нязначныя злачынствы, плануюць прывозіць у акупаваны Марыупаль на будоўлі. Пра гэта ў эфіры радыё «Свабода» паведаміў дарадца мэра Марыупалю Пятро Андрушчанка.

Разбураны Марыупаль, Украіна. Крыніца: Polk_Azov / Twitter

«Літаральна ўчора мы атрымалі дадатковую інфармацыю, што ўхвалілі рашэнне, што не толькі расейцы будуць. Збіраюцца прывезці неўзабаве ўжо з Беларусі людзей, якія асуджаныя за няцяжкія злачынствы, каб яны таксама займаліся будаўнічымі работамі на тэрыторыі Марыупалю», – сказаў у эфіры Пятро Андрушчанка, які цяпер на падкантрольнай Украіне тэрыторыі.

Ён не ўдакладніў, на якіх умовах будуць працаваць беларускія зняволеныя, але расейскім будаўнікам абяцаюць, што яны застануцца жыць у Марыупалі.

«Яны не плануюць нікуды выязджаць, яны плануюць будаваць жылыя дамы, кварталы і не хаваюць, што яны будуюць гэта менавіта для сябе, пад тую іпатэчную праграму, якую запусцілі ў Расеі сёлета з лютага – пад 2 %. Ужо нават 40 тэндараў у Маскве правялі. Іх атрымалі фірмы, якія належаць набліжаным да Крамля. І плануюць будаваць за федэральны бюджэт усё гэта. Таму іхная колькасць будзе павялічвацца», – паведаміў дарадца марыупальскага мэра.

Пасля цяжкіх баёў і працяглай блакады ў траўні 2022 года расейскія войскі занялі Марыупаль. Паводле ацэнак ААН, у горадзе разбурана або пашкоджана каля 90 % шматпавярховых жылых дамоў і каля 60 % прыватных дамоў. Да поўнамаштабнага ўварвання там жылі каля 426 тысяч чалавек, з іх 350 тысяч сталі бежанцамі, і каля 25 тысяч чалавек загінулі падчас расейскай аблогі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў